У Швейцарыі будуць судзіць былога спецназаўца, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні апанентаў Лукашэнкі


У Швейцарыі праз некалькі месяцаў пачнецца судовы працэс па справе Юрыя Гараўскага, былога спецназаўца САХРу МУС Беларусі, паведамляе «Deutsche Welle».

Юрый Гараўскі.
Фота: Deutsche Welle

Амаль тры гады таму Юрый Гараўскі публічна прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні і забойстве ў 1999 годзе палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Пракуратура прад’явіла Юрыю абвінавачанне ў неаднаразовым выкраданні людзей і просіць прысудзіць былому сілавіку год пазбаўлення волі і два гады – умоўна. Але на працягу наступных чатырох гадоў ён не павінен парушаць закон.

«Такія справы тэрміну даўнасці не маюць. Дай Бог, каб над іншымі ўдзельнікамі выкрадання хутчэй адбыўся суд. Я буду сведкам і змагу даць паказанні, хто затрымліваў, дзе хто стаяў, хто закопваў», – заявіў Гараўскі.

Пацярпелымі па справе праходзяць Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка зніклага без вестак бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Гэта будзе першы працэс па справе асобы, якая, магчыма, датычная да знікнення апазіцыйных беларускіх палітыкаў у 1999 годзе. Дакладная дата суда пакуль невядомая. Гараўскі настойвае на тым, каб працэс быў закрытым з-за боязі за сваю бяспеку. Таксама ён падаў хадайніцтва, каб суд праходзіў не па яго месцы жыхарства, а ў іншым рэгіёне Швейцарыі.

Юрый Гараўскі.
Фота: Deutsche Welle

У 2019 годзе экс-баец САХРу Юрый Гараўскі звязаўся з рэдакцыяй « Deutsche Welle» і заявіў у інтэрвʼю, што датычны да знікнення палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Па сцвярджэннях Гараўскага, 7 мая 1999 года ён уваходзіў у склад групы, па загаду заснавальніка САХРу падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнку, якая выкрала і забіла экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня 1999-га – былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. З кастрычніка 2018 года Юры Гараўскі жыве ў Швейцарыі, там ён атрымаў прытулак.

Аналітыка
Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?
2022.05.25 14:48

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў