Затрыманых у «справе TUT.by» прызналі палітвязнямі


Марына Золатава ля суду ў дзень апеляцыі па справе Кацярыны Барысевіч. Менск, Беларусь. 20 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 25 траўня прызналі палітычнымі зняволенымі 15 чалавек, затрыманых у сувязі са справай супраць парталу TUT.by. Заяву апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Такім чынам, у Беларусі ўжо 421 палітвязень.

Да спісу палітзняволеных далучылі 12 чалавек, якія цяпер за кратамі:

  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава;
  • рэдактарка Вольга Лойка;
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;
  • журналістка Алена Талкачова;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;
  • галоўная інжынерка Ала Лапатко;
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;
  • менеджар Андрэй Аўдзееў;
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка «Rocket Data», TAM.by Дар’я Данілава.

Таксама ў лік палітвязняў цяпер уваходзяць тры чалавекі, якія праз «справу TUT.by» былі змешчаныя пад хатні арышт:

  • Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера – заснавальніка TUT.by;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.by;
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.by.

Праваабаронцы, якія падпісалі заяву, лічаць затрыманні, а таксама ператрусы ў рэдакцыях і абмежаванне доступу да TUT.by працягам наступу на свабоду слова.

«Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў, – адзначаюць у заяве. – У тым ліку ў мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў у Беларусі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі «БелаПАН» Алесь Ліпай ды іншыя».

Hавiны
Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»
2021.05.21 17:15

Праваабаронцы згадалі і ранейшыя спробы ціску на TUT.by (справу за аўтарскія правы на матэрыялы дзяржаўнага інфармацыйнага парталу БелТА, пазбаўленне TUT.by статусу СМІ), а таксама блакаванне дзясяткаў іншых грамадска-палітычных сайтаў у Беларусі, якое пачалося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Праваабаронцы заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых палітвязняў і адмовіцца ад крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання.

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў