Мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ – і панеслася. Рэакцыі Беларусі, Латвіі і Міжнароднай федэрацыі хакею


Мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі 24 траўня знялі чырвона-зялёны сцяг і паднялі бел-чырвона-белы каля гатэлю «Radisson Blu», дзе лунаюць сцягі краінаў – удзельніц хакейнага чэмпіянату свету. На гэта 25 траўня адрэагавалі ў Беларусі, Латвіі ды ў Міжнароднай федэрацыі хакею (МФК).

Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года.
Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

«Сярод сцягоў чэмпіянату па хакеі мы падымаем сцяг свабоднай Беларусі! Гэты сцяг мне даверылі палітычныя ўцекачы з Беларусі. Сцяг, які сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі. Таму мы яго знялі!» — тлумачыў у Twitter мэр Рыгі Мартыньш Стакіс.

У той жа вечар 24 траўня Беларусь абвясціла аб высылцы амбасадара Латвіі цягам 24 гадзінаў і астатняга персаналу амбасады цягам 48 гадзінаў. Латвія ў адказ вырашыла выслаць амбасадара Беларусі і ўсіх беларускіх дыпламатаў.

На гэтым гісторыя не кончылася

Пад ноч 24 траўня кіраўнік МФХ Рэнэ Фазэль паведаміў расейскаму ТАСС, што звярнуўся ў мэрыю Рыгі з заяваю, што мяняць сцяг «непрымальна», што сцягі на арэне мяняць не будуць, і што трэба прыбраць сцягі чэмпіянату свету і МФХ адтуль, дзе замянялі сцягі.

Апоўдні 25 траўня Беларуская федэрацыя хакею апублікавала ліст прэзідэнта Федэрацыі хакею Латвіі Айгарса Калвітыса, які выказаў падтрыманне беларускаму боку. Латышскі спартовы функцыянер запэўніў, што зборная Беларусі застаецца ў бяспецы, а дзяржаўная сімволіка Беларусі па-ранейшаму «пад кантролем» Арганізацыйнага камітэту як на арэнах чэмпіянату свету па хакеі, так і на тэрыторыі вакол арэнаў.

Крыху пазней МФХ выступіла з афіцыйнай заявай: не пагадзілася з дзеяннямі латышскага боку, а дзеянні ўладаў Беларусі акрэсліла як не звязаныя са спартоўцамі, якія выступаюць на чэмпіянаце пад дзяржаўным сцягам. Мэра Рыгі папрасілі тэрмінова зняць сцягі МФХ і чэмпіянату свету адтуль, дзе мянялі беларускія сцягі. Мэр Рыгі пагадзіўся:

Яго падтрымаў прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс:

«Змена беларускага сцяга на флагштоках краінаў – удзельніц чэмпіянату свету па хакеі – адэкватная палітычная рэакцыя і сігнал аб тым, што мы не прызнаем рэжым у суседняй краіне», – заявіў прэзідэнт Латвіі ў тэлепраграме «900 секундаў».

Высылку дыпламатаў ён назваў рэакцыяй на «нечуванае парушэнне міжнароднага права, якое паставіла пад пагрозу міжнароднае паветранае спалучэнне», і згадаў, што на борце «Ryanair», сярод іншых, былі два грамадзяніны Латвіі.

Следам за Рыгай бел-чырвона-белы сцяг узняла і мэрыя Вільні – замест сцяга гораду.

Урэшце Нацыянальны сход Беларусі апублікаваў заяву з прычыны замены сцягоў у Рызе:

«Дадзеная акцыя з’яўляецца працягам недружалюбнай палітыкі Латвіі ў адносінах Беларусі, – гаворыцца ў заяве. – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь расцэньвае гэта як парушэнне нормаў міжнароднага права. Правакацыйныя дзеянні латвійскіх чыноўнікаў руйнуюць рэшткі даверу паміж нашымі дзяржавамі, ствараючы напружанне і аддаляючы на нявызначаны тэрмін нармалізацыю адносінаў».

Мэра Рыгі тым часам актыўна абмяркоўваюць у сацсетках. Адзін з самых папулярных жартаў такі:

АА belsat.eu

Стужка навінаў