Ціханоўская ў Бундэстагу: Еўрапейскі выбар Беларусі – альтэрнатыва «русскому миру»


Святлана Ціханоўская 24 красавіка пачала візіт у Нямеччыну. Там яна ўжо правяла шэраг працоўных сустрэчаў, у тым ліку сустрэлася з групай прабеларускіх дэпутатаў, і выступіла з прамовай на форуме аб свабодзе. Вечарам яна выступіла перад камітэтамі Бундэстагу.

Святлана Ціханоўская выступае перад камітэтамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 25 красавіка 2023 года.
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Як паведамляе офіс Святланы Ціханоўскай, выбраная прэзідэнтка Беларусі выступала перад камітэтам па замежных справаў і камітэтам па еўрапейскіх справах нямецкага парламенту. Удзел бралі ўсе фракцыі Бундэстагу.

У сваім выступе Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, актывістаў, незалежныя медыі, а таксама беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

«Пытанне, будзе ці не будзе Беларусь дэмакратычнай і незалежнай краінай, мае ключавое міжнароднае значэнне. Ад адказу на гэтае пытанне залежыць стабільнасць і бяспека Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі і ўсёй Еўропы», – казала Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала ініцыяваць трыбунал супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых, выкарыстоўваць існыя і ствараць новыя механізмы прыцягнення да адказнасці, выказала жаданне, каб Бундэстаг прыняў рэзалюцыю па Беларусі.

«На мяжы страты ўлады ў 2020 годзе Лукашэнка цалкам падпарадкаваў Беларусь палітычнай і вайсковай палітыцы Расеі. Ён прамяняў беларускую незалежнасць на свае асабістыя інтарэсы. Гэта дзяржаўная здрада, і я ўпэўненая, што Лукашэнку будуць судзіць за гэта, у ліку іншых злачынстваў», – заявіла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская выступае перад камітэтамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 25 красавіка 2023 года.
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Яна казала, што беларусы выразна прадэманстравалі пазіцыю супраць вайны ва Украіне, падтрымліваюць Украіну, таму трэба падзяляць рэжым і народ, Беларусь і Расею.

«Адна з нашых мэтаў – прасоўванне еўрапейскага выбару для Беларусі як альтэрнатывы «русскому миру», – тлумачыла Ціханоўская. – І было б выдатна, калі б вы маглі казаць пра гэта публічна. Беларусы хочуць чуць, што іх чакаюць у Еўропе».

Яна прасіла ў нямецкіх дэпутатаў падтрымкі ў чатырох напрамках, аб якіх казалі на Канферэнцыі беларусаў свету:

– Трымаць Беларусь і тэму палітвязняў на сусветным парадку дня.

– Паляпшаць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і пазбаўляцца «дзіраў» у санкцыях.

– Прыцягваць да адказнасці Лукашэнку і ягоных памагатых праз існыя міжнародныя механізмы або ствараць новыя механізмы.

– Падтрымліваць дэмакратычны рух Беларусі, медыі, грамадзянскую супольнасць, і працягваць выдаваць візы праціўнікам рэжыму.

Святлана Ціханоўская і міністр фінансаў Нямеччыны Крыст’ян Лінднэр. Берлін, Нямеччына. 25 красавіка 2023 года.
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская таксама сустрэлася з міністрам фінансаў Нямеччыны Крыст’янам Лінднэрам і падзякавала яму за падтрымку Беларусі. Лінднэр – першы з нямецкіх палітыкаў, хто выйшаў на пікет да беларускай амбасады пасьля 9 жніўня 2020 года.

Ціханоўская абмеркавала з ім супольную стратэгію і каардынацыю дзеянняў між Нямеччынай і Беларуссю, у тым ліку ў справе ціску на рэжым Лукашэнкі праз санкцыі, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. Ціханоўская расказала міністру пра палітвязняў, настроі ў беларускім грамадстве, адрозненні беларусаў і рэжыму, Беларусі і Расеі, пра важнасць санкцыяў, пра структуру дэмакратычных сілаў – Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду.

Затым Ціханоўская ўзяла ўдзел у першым сімвалічным паседжанні групы «Сяброў Беларусі», куды запісалася больш за 20 дэпутатаў – амаль што з усіх нямецкіх палітычных фракцыяў Бундэстагу. Сярод іншага яна заклікала дэпутатаў далучыцца да міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня, выказацца да гадавіны катастрофы ЧАЭС пра ядравую зброю.

Вынікі візіту, паводле офісу Ціханоўскай, такія:

– Нямеччына працягне выдачу візаў у Менску, не будзе абмежавання на колькасць гуманітарных візаў;

– будзе павялічана падтрымка беларускім незалежным медыя і беларускай службы Deutsche Welle;

– у Бундэстагу пачала працу дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь», Ціханоўская адкрыла першае паседжанне;

– нямецкія дэпутаты далучацца да міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 21 траўня, а ўвосень адбудзецца вялікая сустрэча прадстаўнікоў парламенцкіх груп з 17 краінаў;

– Ціханоўская папрасіла МЗС Нямеччыны аб дапамозе беларускім добраахвотнікам ва Украіне, размова ішла пра перадачу аўтамабіляў для палка Каліноўскага;

– з амбасадаркай ЗША дамовіліся арганізаваць сустрэчу для прадстаўнікоў беларускага бізнесу і амерыканскіх кампаніяў у Нямеччыне;

– Ціханоўская прапанавала разглядзець індывідуальныя санкцыі Еўразвязу супраць суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічаюць у палітычных справах;

– дамовіліся на летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Ванкувэры правесці слуханні ці сайд-івэнт па Беларусі;

– Ціханоўская папрасіла не накіроўваць новага пасла Нямеччыны ў Менск і не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку;

– абмеркавалі супольныя захады па ціску на рэжым, каб не дапусціць размяшчэння ядравай зброі, а таксама дабіцца вызвалення палітвязняў;

– размаўлялі таксама пра стварэнне спецыяльнага трыбуналу па Беларусі і прыцягнення да адказнасці памагатых рэжыму.

Hавiны
Чатыры справы, пра якія дамовіліся на другой Канферэнцыі беларусаў свету
2023.04.25 17:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў