Чарнобыльскі звон сёлета прамаўчыць. Але толькі вонкава

Якія асацыяцыі ў будучыні выкліча ў людзей згадванне Беларусі? Калі будзе скінутая дыктатура, калі скончыцца бясчассе з яго «не да законаў», калі Беларусь вызваліцца з-пад каланіяльнага ярма, калі яна зробіцца свабоднай, незалежнай з развітымі інстытутамі дэмакратыі і развітой эканомікай, то што застанецца? Застанецца Чарнобыль…

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы бяспечны канфайнмент (НБК) пакрывае разбураны рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Украіна. 10 ліпеня 2019 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Напярэдадні трагедыі шмат якія людзі, асабліва тыя, якія былі тады ўжо дарослыя, прыгадваюць тыя дні. 37 гадоў мінула, але да гэтага часу ў памяці ўсё, нават з падрабязнасцямі. Зразумела, што катастрофа адбылася менавіта тады, калі Савецкі Саюз хоць і дыхаў на ладан, але яшчэ працягваў існаваць ва ўсіх сваіх праявах. Усё адбылося тады, калі ўжо, мабыць, ніводны чалавек у краіне не верыў сціслым паведамленням уладаў аб тым, што «ахвяраў і разбурэнняў няма».

Калі нешта дзесьці бахнула, ды яшчэ нататка дробным шрыфтам у газеце пра тое, што няма падставаў хвалявацца, то народ адразу ж кідаўся да радыёпрымачоў і, хапаючыся за антэну, слухаў «варожыя галасы». Усе разумелі, што калі ўжо напісалі хоць тры сказы, значыць, здарылася штосьці страшнае.

Кожны меў уласны досвед на гэты конт. Я вучылася ў пачатковай школе, калі мая маці паехала ў камандзіроўку на Далёкі Усход. Тады адзін толькі пералёт з Масквы да Уладзівастоку займаў мінімум 18 гадзінаў на самалёце Іл-18. Было гэта падчас канфлікту на савецка-кітайскай мяжы праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Мама выправілася ў горад Цецюхэ, а прыехала ў… Дальнягорск. За некалькі гадзінаў былі перайменаваныя ўсе населеныя пункты з кітайскімі назвамі. Але найбольш па прыездзе яе ўразіла карціна ў самім мястэчку. Жанчыны з заплаканымі тварамі ў чорных хустках. То ў адным месцы, то ў іншым – дамы без дахаў і вокнаў. Груды дошак, камянёў, абломкі мэблі… На горцы ў парку на кедрах вісяць нейкія незразумелыя зялёныя анучы. Мінак сказаў, што гэта марская капуста. Але як?!

Аказалася, што адбылося страшнае цунамі. Усе гандлёвыя шапікі, некаторыя хаты змыла ў мора. Бясследна зніклі людзі. Недалёка ад берагу была выспа з рыбазаводам, на якім працавалі ў тры змены. Дык вось, яна цалкам знікла з твару зямлі. Тады ў газеце з’явілася маленькая нататка аб цунамі і катастрафічных наступствах у Японіі і Кітаі, а ў шчаслівай савецкай краіне, зразумела, нічога такога не адбылося. Савецкія людзі доблеснай працай змаглі супрацьстаяць стыхіі…

У той дзень, калі адбылася чарнобыльская катастрофа, я накіравалася на працу ў начную змену. Пайшоў дождж, і я дарэшты прамокла на прыпынку. Працавала я тады ў Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук. Уначы патэлефанавалі сябры з Інстытуту ядравай фізікі. Яны таксама працавалі ў начную і сказалі, што прылады паказваюць істотнае перавышэнне нормы радыяцыі. Прычым, усярэдзіне рэактару ўсе паказчыкі ў норме, а перавышэнне фіксуюць вонкавыя прылады. Пад раніцу патэлефанавалі адтуль яшчэ больш устрывожаныя і сказалі, што паказчыкі выраслі яшчэ больш. Як на ліха, выходныя. Але сітуацыя няштатная, і яны ўсё ж патэлефанавалі начальству. А тут і наш загадчык лабараторыі прыйшоў. Сказаў, што «галасы» перадалі, што ў Чарнобылі рвануў рэактар. Гэта ва Украіне. Інфармацыі вельмі мала. Быццам бы не ўвесь рэактар, а толькі адзін блок, але гэта не дакладна. Вецер адтуль ідзе ў наш бок. Ён сказаў, што напрасткі Менск за нейкіх 300 кіламетраў ці крыху далей, але для такой аварыі гэта ўсё роўна, што быць у зоне паражэння ад выбуху ядравай бомбы. Я яму адразу ж пра званкі ад ядравікаў. Ён сказаў, што трэба прыняць захады бяспекі: як мага менш заставацца на вуліцы, перамяшчацца па горадзе толькі ў выпадку крайняй неабходнасці і пажадана тралейбусам, не сушыць рэчаў на ​​балконе, зачыніць вокны.

Адна працаўніца сказала: «Ну па тэлевізары ж скажуць, што рабіць?» Ён горка ўсміхнуўся: «Так, напэўна. Але пакуль скажуць, вы самі пастарайцеся сябе максімальна засцерагчы». Я адразу ж успомніла тую маміну паездку ў Цецюхэ. Ага, скажуць… На наступны дзень у «Хвілінцы» (было такое папулярнае бістро насупраць гастраному «Цэнтральны») усе бурна абмяркоўвалі сітуацыю. Хто што пачуў, каму што расказалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гатэль «Полісся» ў Прыпяці, Украіна. 21 красавіка 2021 года.
Фота: Ukrinform / East News

Я напярэдадні чытала аповед-дзённік японскай дзяўчынкі, якая перажыла ядравае бамбаванне. Мне гэта нагадала апісаную сітуацыю, калі людзі не ведалі, як правільна дзейнічаць, і нічога не маглі даведацца. Але ў той час гэта яшчэ было зразумела, а чаму сёння ў праграме «Время» па-ранейшаму расказваюць пра пасяўную і літаральна некалькі секунд пра тое, што сітуацыя пад кантролем і пажар тушыцца? Хтосьці спытаў: «А што там за пажар такі, што яны яго да гэтага часу не могуць патушыць?» Стала ціха. Адзін актор з Купалаўскага тэатру сказаў: «Здаецца, усё вельмі кепска. І не проста кепска. Мне сказалі, што гарэць там будзе месяцамі і гадамі».

У наступныя дні мы даведаліся пра караваны аўтобусаў з вёсак, якія былі бліжэй за ўсё да эпіцэнтру выбуху. Ваенкаматы пачалі забіраць на ліквідацыю наступстваў тых, каму за трыццаць. Відаць, лічылася, што ў сорак гадоў нараджаць дзяцей ніхто не збіраецца. Рабочых МАЗу пачалі адпраўляць у чарнобыльскую зону. Яны там адвозілі радыеактыўную глебу ў катлаван, самі жылі ў намётах. Гэта добра аплачвалася, плюс сутачныя. Былі задаволеныя, пакуль не пабачылі камісію з праверкаю ў скафандрах, якая больш нагадвала прызямленне прышэльцаў з космасу. Стала зразумела, што ў спякоту ніводзін нармальны савецкі чалавек нават паводле інструкцыі так не апранецца. На такое пойдзе толькі той, хто дакладна ведае, што інакш тут нельга.

Потым навіны зрабіліся яшчэ страшнейшыя. Даведаліся пра загад Міністэрства аховы здароўя аб прымусовым перарыванні цяжарнасці. Якія трагедыі адбываліся тады ў семʼях, застаецца толькі здагадвацца. Шакавала нават урыўкавая інфармацыя, якая праточвалася ад знаёмых. А тут і новы загад Міністэрства аховы здароўя: праверыць стан шчытападобнай залозы ў дзяцей Гомельскай і Магілёўскай вобласцяў. Вынікі трывожныя. Стала зразумела, што гэтымі вобласцямі бяда не абмяжуецца. Дзеці пачалі абменьвацца паміж сабой нейкімі шарыкамі, якія знаходзілі ў палях, на дарогах, нават проста ў садзе. Пазней пайшлі размовы, што гэтымі шарыкамі «садзілі» радыеактыўныя аблокі на тэрыторыі Беларусі, каб яны не трапілі ў Маскоўскую вобласць. Але афіцыйна, зразумела, ніхто ніякіх тлумачэнняў на гэты конт так і не даў.

Няма сэнсу нават успамінаць травеньскія дэманстрацыі. Хіба толькі каб нагадаць, што народ быў у курсе, што наменклатура свае семʼі выправіла ў бяспечныя месцы. Увесь свет тады гатовы быў прыйсці на дапамогу пацярпелым. І, хутчэй за ўсё, прыйшоў. Толькі да саміх пацярпелых тая дапамога не дайшла, а калі і дайшла, то ў мінімальным выглядзе. У курылках – месцы, дзе абмяркоўваліся ўсе мясцовыя і міжнародныя праблемы, абмяркоўвалі між іншага кругазварот «гуманітаркі» ў прыродзе. Магчыма, менавіта гэтая катастрофа стала пераломным момантам у свядомасці народу.

Сёння, каб зразумець што такое Чарнобыль, дастаткова наведаць перапоўненыя палаты анкалагічных аддзяленняў нашых шпіталяў. Можна адправіцца з цэнтру Менску ў НДІ анкалогіі ў Бараўляны, каб пабачыць, як цэлыя калоны людзей рухаюцца ў НДІ і адтуль, – людзі без броваў, павек, валасоў… Увесь народ трапіў у закладнікі. Хто цяпер наогул будзе падымаць гэтую тэму, калі краіна акупаваная, турмы перапоўненыя, ды яшчэ ідзе вайна?

Для правядзення Чарнобыльскага шляху выбралі самае сімвалічнае месца – пляцоўку перад кінатэатрам пад назваю «Кастрычнік». Сам «Кастрычнік» азначае адлік той страшнай катастрофы ХХ стагоддзя, якая прывяла да гібелі мільёнаў людзей. Наперадзе злева Прэзідыум Акадэміі навук, дзе расправіліся з навукоўцамі, якія спрабавалі сказаць праўду пра наступствы Чарнобылю. Справа – анкалагічны дыспансер, дзе ні на дзень не спыняецца канвеер аперацыяў. Толькі сёння чарнобыльскі звон будзе маўчаць, і свечак ніхто не запаліць. Але гэта не азначае, што народ змірыўся. Не. З гэтым немагчыма змірыцца, бо сёння, бадай, няма ў нас ніводнай сям’і, якую б не закрануў той Чарнобыль.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў