У Батумі адкрыўся шэлтар для рэпрэсаваных беларусаў. Яшчэ тры плануюцца ў Тбілісі, Іспаніі і Літве


Пры падтрымцы ініцыятывы By_Help у Батумі адкрыўся шэлтар для беларусаў, якія ўцякаюць ад пераследу на радзіме. Надоечы такі ж з’явіўся ў польскім Вроцлаве. Пагутарылі з кіраўніком By_Help пра ўмовы пражывання ў прытулках, хто можа імі скарыстацца, і дзе існуе патрэба для адкрыцця новых шэлтараў.

Кіраўнік ініцыятывы By_Help Аляксей Лявончык. Варшава, Польшча. 16 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як выглядае шэлтар?

Шэлтар ад By_Help – гэта дом ці вялікая кватэра на некалькі пакояў з усім неабходным для пражывання. У адзін пакой стараюцца засяляць аднаго чалавека. Выключэнне робіцца для пары, сям’і – тады ў пакоі пражываюць два чалавекі. Калі сям’я прыязджае з дзецьмі, для іх вылучаецца два пакоі.

«Ва ўсіх нашых шэлтарах у нас адзін і той жа прынцып і тыя ж умовы, – кажа Аляксей Лявончык. – Мы можам часам пасунуцца ў той ці іншы бок, і, напрыклад, засяляць больш людзей, калі ідзе вялікая хваля ўцекачоў, але ў прынцыпе нашая практыка паказвае, што звычайна дастаткова той колькасці, у якой мы засяляем. Максімальная ўмяшчальнасць шэлтара, калі ў нас 5 пакояў, то гэта 10 чалавек, але мы імкнемся, каб адначасова было не больш за 5-6».

Сваё жыццё ў шэлтары і новай краіне чалавек мусіць забяспечыць сам, кажа Аляксей – харчаванне, медычную і грашовую дапамогу жыхарам прытулкаў BY_Help не прадстаўляе.

«Ёсць іншыя опцыі, дзе можна пашукаць дапамогу – напрыклад, гэта можа быць збор на BYSOL, ці зварот у іншыя арганізацыі, якія прадстаўляюць дапамогу. Мы можам зарыентаваць, параіць, да каго звяртацца. Аднак мы не можам на 100% гарантаваць, што будзе дапамога, бо гэта не нашая адказнасць. Мы ведаем усіх, хто аказвае гуманітарную дапамогу, і мы можам накіраваць людзей у гэтыя арганізацыі», – кажа кіраўнік фонду.

Hавiны
У Вроцлаве адкрыўся шэлтар для беларускіх палітвязняў і іхных сем’яў
2024.03.13 10:43

Каб жыць у шэлтары, трэба мець доказы пераследу

Жыць у шэлтары можна максімум адзін месяц. Аляксей падкрэслівае – гэты прытулак толькі для рэпрэсаваных, напрыклад, для сем’яў палітвязняў ці тых, хто ўцякае ад пераследу.

«Шэлтар не мяркуецца як месца, дзе можна спыніцца бясплатна, калі чалавек мае дзе жыць. Мы бярэм людзей, якія ўцякаюць пад пагрозай з Беларусі і на абмежаваны час, – кажа кіраўнік BY_Help. – Пры гэтым неабавязкова быць палітвязнем, каб трапіць у наш шэлтар. У рамках нашай праграмы рэабілітацыі ёсць іншыя шэлтары, прызначаныя менавіта для былых палітзняволеных, а гэтыя шэлтары прызначаныя для больш шырокіх катэгорыяў. Гэта найперш тыя людзі, якія ўцякаюць з Беларусі, таму што на іх заведзеная крымінальная справа, ці сваякі палітзняволеных, на якіх таксама ціснулі. Ці яшчэ штосьці такое».

Абавязкова мусяць быць доказы рэпрэсіяў, кажа Аляксей Лявончык.

«Гэта не абавязкова мусяць быць доказы, дасланыя наўпрост нам, але недзе яны павінны быць. Мы ўсё адно ў рамках службы хуткай гуманітарнай дапамогі, якая каардынуецца чатырма арганізацыямі – BYSOL, By_Help, Dissidentby і «Краіна для жыцця», а таксама Праваабарончым цэнтрам «Вясна», абменьваемся інфармацыяй. І калі чалавек не ўзяў з сабой дакументы, ён мусіць быць вядомы адной з нашых арганізацыяў. Не можа быць так, што чалавек прыехаў і сказаў: мы ўцякаем ад пераследу, а ніякіх доказаў гэтаму няма. Мы ў любым выпадку будзем шукаць пацверджанне рэпрэсіяў. Бо былі, на жаль, прэцэдэнты, калі людзі выязджалі з Беларусі і казалі, што быў пераслед, якога насамрэч не было, і ім проста было патрэбнае бясплатнае жытло».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Дзе беларусы маюць патрэбу ў часовым прытулку?

Атрымаць месца ў шэлтары можа і беларус, які ўцякае з адміністратыўкай, але такія кейсы будуць разглядацца асабіста.

«Ёсць такія адміністратыўкі, якія цягнуць за сабой крымінальную справу, – кажа Аляксей. – Калі нашая практыка падказвае, што гэтая адміністратыўка не цягне за сабой крымінальнай справы, але ў сям’і цяжкае становішча, іх, напрыклад, абклалі штрафамі, то, хутчэй за ўсё, мы дапаможам».

На сённяшні дзень працуюць тры шэлтары для рэпрэсаваных беларусаў – у Варшаве (шэлтар Ганны Федаронак), Вроцлаве і Батумі. Неўзабаве адкрыецца прытулак у Тбілісі. Шэлтар у Вроцлаве быў створаны ў супрацы з БАП «Да Волі» ды суполкай «Беларусы Вроцлава». By_Help таксама разглядае магчымасць адкрыцця шэлтараў у Іспаніі і Літве.

«Мы адчыняем шэлтары дзе ёсць дастаткова вялікі попыт паводле ацэнкі мясцовай супольнасці – там, дзе ёсць шмат беларусаў і назіраецца праблема з пражываннем, – кажа Аляксей Лявончык. – Мы ведаем, што ў Тбілісі ёсць патрэба, у Вроцлаве і Варшаве была. І Іспаніі ў некаторых мясцовасцях шмат беларусаў, мы цяпер робім ацэнку патрэбы. І мы пачалі размаўляць таксама з нашымі літоўскімі калегамі. Я ўжо год таму падымаў гэтае пытанне, але пакуль што там спраўляліся сіламі валанцёраў. Але цяпер бачна, што гэтых высілкаў не хапае, таму, магчыма, мы адкрыем шэлтары і там».

Заяўкі на засяленне, а таксама пытанні пра шэлтары можна накіроўваць на t.me/michas_help, а таксама непасрэдна Аляксею Лявончыку: @eolonir (тэлеграм).

Беларус беларусу
Як хутка знайсці фінансавую дапамогу ў крытычнай сітуацыі?
2023.11.17 17:40

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў