Стала вядома, як Польшча збіраецца ўзмацняць мяжу з Беларуссю


У польскім Сейме абмеркавалі неабходнасць мадэрнізацыі інфраструктуры на мяжы з Беларуссю. Сярод магчымых захадаў – узмацненне агароджы і ўзвядзенне высокіх назіральных вежаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агароджа на польска-беларускай мяжы.
Фота: twitter.com/MSWiA_GOV_PL

У Сейме Польшчы прайшло спецыяльнае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства нацыянальнай абароны краіны і іншых ведамстваў, на якім абмяркоўвалася падрыхтоўка ўсходняй мяжы для абароны ад сучасных выклікаў.

Для рашэння праблем з незаконным перасячэннем мяжы, падчас якога мігранты выгінаюць загараджальныя стрыжні або выкарыстоўваюць водныя пераходы, было прапанавана правесці шэраг мерапрыемстваў, такіх як мадэрнізацыя памежнага бар’еру шляхам узмацнення агароджы, усталяванне дадатковых камераў і асвятлення, а таксама ўзвядзенне назіральных вышак. Таксама прапаноўвалася правесці закупку беспілотнікаў для вертыкальнага ўзлёту.

«Мы імкнемся ўмацаваць сам бар’ер, яго асобныя пралёты з папярочнымі бэлькамі. У сувязі з тым, што гэта будаўнічы элемент вышэйшы за 5 метраў, і патрыманы аўтамабільны дамкрат можа сагнуць гэты элемент, гэта значыць два суседнія пралёты, усяго за 20 секунд. Калі мы ўзмоцнім яго адной ці двума папярочнымі бэлькамі, то гэта зробіць выгіб бэлек цяжкім ці нават немагчымым», – адзначыў камандзір памежнай аховы Роберт Баган.

У планах памежнай службы таксама будаўніцтва назіральных вышак. З іх дапамогай можна будзе весці назіранне амаль на 10-кіламетровай адлегласці як у Польшчы, так і ў Беларусі, што дазволіць забяспечыць кантроль за стратэгічным участкам мяжы. Вышыня гэтых вежаў будзе каля 70 метраў, яны будуць аснашчаныя перадавым оптыка-электронным абсталяваннем.

Польская памежная ахова таксама рэкамендуе закупіць беспілотнікі вертыкальнага ўзлёту, для якіх не будзе патрабавацца ўзлётна-пасадачная паласа.

Таксама памежная ахова плануе заасфальтаваць грунтовую дарогу, якая ідзе ўздоўж польска-беларускай мяжы. Якасць гэтай дарогі на дадзены момант пагоршылася, бо яна выкарыстоўваецца не толькі транспартавымі сродкамі памежнай службы, але і арміі, з-за гэтага хуткасць рэагавання істотна змяншаецца.

Аб’ектыў
Эфектыўнасць сцяны на мяжы не перавышае 60 %
2024.01.03 20:43

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў