Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі


Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа павіншаваў народ Беларусі з Днём Волі, перадае выданне «Delfi». Акрамя літоўскага прэзідэнта пра Беларусь і імкненне нашага народу да волі згадаў шэраг іншых замежных палітыкаў і арганізацыяў.

Святкаванне Дня Волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Прэзідэнт Літвы адзначыў у сваім віншаванні, што гэты дзень ёсць днём роздумаў пра будучыню – у прыватнасці, пра еўрапейскую будучыню Беларусі, у якой усе беларусы будуць карыстацца ўсімі свабодамі і магчымасцямі, чаго яны заслугоўваюць.

Паводле Гітанаса Наўседы, Літва працягвае актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і імкнецца спрыяць таму, каб галасы беларусаў былі пачутыя ў міжнароднай супольнасці.

«Сёння, як і кожны дзень, я хачу яшчэ раз запэўніць, што падтрыманне Літвою дэмакратычнай Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту непахіснае. Мы падтрымліваем імкненне ўсяго народу Беларусі жыць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве», – прыводзіць «Delfi» словы кіраўніка літоўскай дзяржавы.

Гітанас Наўседа пажадаў беларусам заставацца моцнымі і згуртаванымі, працягваць змагацца за свабоду сваёй краіны, не дазваляючы выкарыстоўваць сваю дзяржаву ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Беларусаў з Днём Волі павіншавала таксама Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці, што кіруе вонкавай палітыкай Еўрапейскага Звязу. Адпаведны каментар быў апублікаваны 25 сакавіка ў сацсетцы X.

У дзень 106-х угодак абвяшчэння БНР у сваіх допісах Беларусь і імкненне нашага народу да волі згадалі і іншыя палітыкі ды арганізацыі: старшыня Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля, старшыня Парламенцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба, былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, Міністэрства замежных справаў Латвіі, еўрапейская палітычная партыя «Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу» і дэпутатка Еўрапарламенту Эва Майдэл.

Hавiны
«МЗС» Еўразвязу павіншавала беларусаў з Днём Волі
2024.03.25 11:17

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў