Амбасадар ЗША ў Польшчы звярнуўся да беларусаў з нагоды 105-й гадавіны БНР


Амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі звярнуўся да беларусаў з нагоды святкавання 105-й гадавіны БНР.

Амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі. Варшава, Польшча. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Andrzej Hulimka / Forum

У сваім звароце амерыканскі дыпламат працытаваў нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага:

«Сёння мы адзначаем 105-ую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты дзень у 1918 годзе, калі праз 150 гадоў акупацыі Расейскай імперыяй з’явілася першая беларуская суверэнная дзяржава, беларусы ўрэшце атрымалі свабоду і незалежнасць. І нягледзячы на тое, што жыццё гэтай Рэспублікі было нядоўгім, яе дэмакратычная спадчына жыве ў сэрцах і думках беларусаў па ўсім свеце. Мы захапляемся беларусамі – і тымі, хто цяпер у эміграцыі, і тымі, хто застаецца ў Беларусі, – якія працягваюць змагацца за дэмакратычныя каштоўнасці нават ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў, пад пагрозаю турмы і нават смерці. Сёння, у Дзень Волі, мы заклікаем не забывацца, што ў Беларусі цяпер амаль паўтары тысячы палітычных вязняў, арыштаваных незаконна, і дзясяткі тысячаў людзей, якія перажылі і перажываюць пераслед з лета 2020 года за тое, што яны хочуць карыстацца базавымі правамі чалавека і фундаментальнымі свабодамі ў прасоўванні незалежнасці і дэмакратыі. Мы падтрымліваем смелых беларусаў, якія адчайна абаранялі свае правы і мірна змагаліся за дэмакратыю ў Беларусі, заплаціўшы за гэта высокую цану. Мы асуджаем рэжым Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць усіх сектараў беларускага грамадства, уключаючы палітычных апанентаў, грамадзянскую супольнасць, студэнтаў, актывістаў, незалежныя медыі, адвакатаў, праваабаронцаў і звычайных грамадзянаў. Злучаныя Штаты адданыя ідэі прыцягнуць рэжым да адказнасці за ўсе здзейсненыя ім рэпрэсіі і працягнуць падтрымліваць беларусаў у іхным імкненні да дэмакратычнай, незалежнай і стабільнай будучыні. Мы працягваем шукаць шляхі для паглыблення нашага падтрымання тых, хто змагаецца за гэтую дэмакратычную будучыню. Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які цяпер утрымліваецца за кратамі і адбывае драконаўскі вырак, 10 гадоў зняволення, казаў: «Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця». Злучаныя Штаты падзяляюць гэтае бачанне. Жыве Беларусь!»

Сёлета беларусы адзначаюць 105-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да 2020 году 25 сакавіка шырока святкавалі ў самой Беларусі. Тут традыцыйна ладзіліся акцыі пратэсту, шэсці і канцэрты. Людзі выходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Але пасля 2020 году акцыяў у краіне не было.

ВІДЭА
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі
2023.03.25 11:18

AA belsat.eu

Стужка навінаў