У Жодзіне эвакуяваныя школы і вучэльні, выставілі дадатковую ахову


У Жодзіне праз ананімныя паведамленні пра мініраванне школаў, вучэльняў і прадпрыемстваў правялі тэрміновую эвакуацыю. У міліцыі кажуць, што аб’екты ўзятыя пад дадатковую ахову.

«Ведаю, што дзяцей з усіх школаў і вучэльняў раніцай эвакуявалі і адправілі па дамах», – кажа Марыя, жыхарка Жодзіна.

«Зранку пасля другога ўроку мне патэлефанаваў сын, распавёў, што ў іх надзвычайнае становішча і ўсіх вядуць у Палац культуры БелАЗу. І настаўніца кажа, што бацькі могуць дзяцей адтуль забраць. Таму сын быў удома ўжо а 10:00. Тады стала вядома, што ў іншых школах тое ж самае адбылося», – распавяла belsat.eu мясцовая жыхарка Алена.

Фота: minobl_uvd / Telegram

У МУС эвакуацыю школаў тлумачаць тым, што былі атрыманыя ананімныя паведамленні пра мініраванне.

«У Жодзіне на электронныя адрасы 12 аб’ектаў, сярод якіх навучальныя ўстановы і некаторыя прадпрыемствы гораду, паступілі паведамленні пра небяспеку. Цяпер праваахоўныя органы робяць усе неабходныя захады для запэўнівання бяспекі навучэнцаў і работнікаў прадпрыемстваў Жодзіна, абʼекты ўзятыя пад дадатковую ахову», – адзначаецца ў паведамленні УУС Менскага аблвыканкаму.

Адпаведную інфармацыю міліцыя распаўсюдзіла яшчэ а 10:30. Чым скончылася правяранне звестак пра мініраванне, пакуль не паведамляюць.

Алена кажа, што цяпер вуліцы Жодзіна выглядаюць звычайна: тэхнікі сілавікоў або ўзмоцненага патрулявання не назіраецца. «Мы нічога надзвычайнага не заўважылі», – кажа яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў