«Цікавіла іх усё». Як праходзілі вобшукі на сядзібе Саюзу палякаў у Беларусі і ў сябраў арганізацыі


У Дзень Волі 25 сакавіка Генеральная пракуратура паведаміла пра распачатую крымінальную справу супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых сябраў арганізацыі. У іх дамах і на сядзібе арганізацыі прайшлі ператрусы, у выніку якіх былі канфіскавана тэхніка і дакументы.

Пасля ператрусу ў сядзібе палякаў у Горадні. Ірэна Валюс, віцэ-старшыня Саюза палякаў. 25 сакавіка, Горадня.
Фота: Белсат

Анджэліку Борыс і трох сяброў Галоўнай Рады Саюзу палякаў у Беларусі абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і апраўданні генацыду беларускага народу паводле артыкулу 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні»).

Кіраўніцу арганізацыі Анджэліку Борыс затрымалі напярэдадні, 23 сакавіка, за арганізацыю традыцыйнага кірмашу рамеснікаў «Казюкі», які ладзіцца ў Горадні. Учора ёй прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту.

Анджэліка Борыс, кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі.
Фота: Блог Горадні s13.ru

Для трох сябраў Саюзу палякаў у Беларусі раніца 25 сакавіка распачалася з ператрусаў. Першапачаткова стала вядома пра вобшук у гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Яго жонка Аксана Пачобута паспела паведаміць, што да іх прыйшла міліцыя ў балаклавах.

Падчас ператрусу ў кватэры Анджэя Пачобута было каля васьмі чалавек. Працэс здымалі на камеру. У журналіста забралі ўсю тэхніку, два ноўтбукі і жорсткія дыскі, сем старых тэлефонаў. Таксама сканфіскавалі літаратуру на польскай мове, яна іх найбольш цікавіла, бэйджы з канферэнцыяў, усе польскамоўныя дакументы, уключаючы паперы дачкі, узнагароды з GrandPress.

Ператрус цягнуўся тры гадзіны. Адвакату журналіста прыехаць не дазволілі.

Артыкулы
Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні старшыні Саюзу палякаў у Беларусі
2021.03.25 10:20

Праз нейкі час стала вядома пра ператрусы ў яшчэ дваіх сябраў арганізацыі – дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай і кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай.

Пасля ператрусаў усіх іх даставілі з Горадні ў Менск для допыту ў следчым камітэце.

Аднак ператрусы прыйшлі не толькі ў сябраў арганізацыі, а таксама ў польскай грамадскай школе і сядзібе Саюзу палякаў у Горадні і ў рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі. Там сілавікі забралі газеты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», камп’ютары і абсталяванне.

Пасля ператрусу ў сядзібе палякаў у Горадні. Ірэна Валюс, віцэ-старшыня Саюза палякаў. 25 сакавіка, Горадня.
Фота: Белсат

Віцэ-старшыня Саюзу палякаў Беларусі Ірэна Валюс распавяла «Белсату» як праходзіў вобшук на сядзібе арганізацыі ў Горадні:

«Гэта распачалося а 9-й гадзіне, мяне яшчэ ў офісе не было, былі людзі, якія працуюць у бюро. Прыйшлі 10 чалавек з розных аддзелаў міліцыі. Іх цікавіла ўсё, распачалі ад кожнага кабінету, на пачатку ў школе, пасля ў бюро, дзе нашая бухгалтэрыя, пасля ў рэдакцыі. Цікавіла іх усё. Усё праглядалі: кнігі, часопісы. Адразу забралі камп’ютары. І таксама праглядалі фотаапараты – іх пакінулі, але я не паглядзела, ці карткі памяці пакінулі».

Шэф парталу znadniemna.pl. Анджэй Пісальнік лічыць, што затрыманне чатырох сябраў праўлення Саюзу палякаў у Беларусі – гэта вялікі ўдар, бо ніякая арганізацыя не можа нармальна функцыянаваць, калі ў ёй няма кіраўніцтва.

Анджэй Пісальнік, шэф znadniemna.pl.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

«Тое, што сёння адбылося, гэта спроба разбіць ці заблакаваць дзейнасць найбуйнейшай арганізацыі польскай меншасці на Беларусі – Саюзу палякаў у Беларусі», – распавёў «Белсату» Анджэй Пісальнік.

Яшчэ адным адчувальным ударам для арганізацыі стала канфіскацыя ўсей тэхнікі, найбольш важных жорсткіх дыскаў з камп’ютараў, якія былі на галоўнай сядзібе Саюзу палякаў. «Гэта значыць, што на нейкі час будзе абмежаваная праца – бюракратычная, але без якой таксама не можа функцыянаваць ніводная нармальная арганізацыя», кажа Пісальнік.

Ён параўноўвае паводзіны ўлады з паводзінамі чалавека, які зрабіў глупства і абраў мадэль захоўвання. «Яны настойваюць на тым, што гэтае глупства мае сэнс і цяпер проста павялічваюць маштаб гэтага глупства. І таму яны ўзбудзілі гэтую крымінальную справу», лічыць Анджэй Пісальнік.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў