Аляксандр Апейкін: Беларускую каманду на Алімпіяду, магчыма, будзе збіраць Фонд спартовай салідарнасці


Роўна год таму, калі Расея сцягвала эшалоны з вайсковай тэхнікай у Беларусь, а Аляксандр Лукашэнка ды іншыя чыноўнікі распавядалі пра рыхтаванне да вучэнняў, шмат каму было відавочна, што неўзабаве адбудзецца нешта страшнае. Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін за дзень да 24 лютага прадказаў, што пры пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне могуць паўстаць праблемы і ў спартоўцаў. Ажно да таго, што іх не пусцяць на Алімпійскія гульні.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці. 26 снежня 2022 года Менскі гарадскі суд «завочна» прысудзіў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну 12 гадоў пазбаўлення волі, бо абвінавачаныя былі за мяжою з восені 2020 года. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Год таму гэта здавалася ненатуральным, маўляў, як можна звязаць расейскую агрэсію і Алімпіяду. Сёння, як мы бачым, усё здзейснілася напоўніцу.

Міжнародныя футбольныя арганізацыі (ФІФА, УЕФА), Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) першымі адрэагавалі на ўварванне Расеі на тэрыторыю Украіны і заявілі пра, як мінімум, абмежаванне правоў расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Сёння Аляксандр Апейкін распавядае, чаму ён вызначыў, што гэта абавязкова закране і спартоўцаў.

– Як вы адчулі сітуацыю, што ў спартоўцаў могуць узнікнуць праблемы праз вайну ва Украіне?

– Па-першае, добра вядома, што і Расея, і Беларусь былі на асаблівым уліку ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Расея – у сувязі са шматлікімі допінгавымі скандаламі, найбуйнейшы з якіх адбыўся на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, Беларусь – у сувязі з рэпрэсіямі супраць атлетаў пасля выбараў 2020 года. Таму было зразумела, што нават калі б і не адбылося парушэння алімпійскага замірэння на той час, МАК усё роўна ўвёў бы такія жорсткія захады. Бо гэта спосаб палітычнага ўздзеяння на краіны, дзе спорт выкарыстоўваецца перш за ўсё як прапагандысцкі інструмент.

Тут справа ідзе не пра тое, што спартоўцы непасрэдна вінаватыя ў вайне. Яны, у прынцыпе, не адказваюць за дзеянні неадэкватных палітыкаў. Але ў гэтых недэмакратычных краінах любое дасягненне, нават асабістае, для атлета, успрымаецца як быццам бы гэта поспех палітыкаў або дасягненне дзяржавы. Мы бачылі гэта на прыкладзе Сабаленкі, калі Лукашэнка і Цяцерын публічна, для тэлебачання, паднялі кілішкі за перамогу тэнісісткі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе. То бок казаць пра тое, што спорт і палітыка асобныя адное ад аднаго, абсалютна не выпадае. Таму зразумела, што такія крокі МАК – гэта яшчэ і захады супраць агрэсараў, якія карыстаюцца спортам для падтрымання сваіх палітычных мэтаў.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– І які ваш далейшы прагноз у гэтым кірунку?

– Допуску на Алімпіяду расейцаў і беларусаў, якія будуць маўчаць або, тым больш, падтрымліваць вайну, канечне, не здарыцца. Але ёсць магчымасць трапіць на гульні праз антываенную дэкларацыю. Магчыма, гэта будзе тая Антываенная дэкларацыя, якую мы (Беларускі фонд спартовай салідарнасці) распрацавалі. Яна добра так прадуманая, даволі жорсткая, але, на маю думку, збольшага аптымальная. Магчыма, гэта будзе нейкі іншы, асобны дакумент Міжнароднага алімпійскага камітэту. І МАК ужо выставіў шэраг умоваў, пры якіх спартоўцы могуць быць дапушчаныя да Парыжу-2024, але, канечне, усё роўна без нацыянальных колераў, сімвалаў і гімнаў.

– Больш за год таму, калі Пуцін у адзіноце праседзеў на трыбуне пры афіцыйным адкрыцці Пекінскай зімовай Алімпіяды і быццам бы «прыснуў», прыкрыў вочы, калі выходзіла ўкраінская дэлегацыя, ён ужо тады, несумненна, ведаў, што здзейсніць свой падступны крывавы план. Але чаму ён усё ж дачакаўся заканчэння гульняў? Гэта боязь Кітаю і павага да Сі Цзінь Піна – або больш прытрымліванне алімпійскіх прынцыпаў?

– Упэўнены, што гэта была просьба асабіста Сі Цзінь Піна. Бо Алімпіяда вельмі шмат каштавала Кітаю.

– То бок вы хочаце сказаць, што Сі Цзінь Пін ведаў пра планы Пуціна?

– Думаю, здагадваўся.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Але Томас Бах быў і ў той час, і цяпер, кіраўніком Міжнароднага алімпійскага камітэту. Чаму раптам праскочыла, што расейцаў і беларусаў можна дапусціць на гульні? Бо ці пад сваім сцягам, ці ў статусе нейтральных, яны ж не памяняюць сваіх перакананняў. Як тыя расейцы кажуць: мы будзем падтрымліваць нашага прэзідэнта, мы не здрадзім ані яму, ані Расеі.

– Трэба разумець, што расейскае лобі, якое фармавалася і там, і ў іншых міжнародных арганізацыях, грошы ад расейскіх нетраў – яно ўсё там і засталося. І не толькі ў МАК, але і ў іншых буйных міжнародных асацыяцыях і федэрацыях. І на гэтыя арганізацыі лёгка ўздзейнічаць, бо і МАК, і міжнародныя федэрацыі – гэта грамадскія аб’яднанні, а не дзяржаўныя інстытуты. На іх уплываць праз розныя інструменты даволі проста. Калі Расея мае рэсурсы (і яна неаднойчы дэманстравала, як умее выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў сваіх лабісцкіх мэтах), то такое ўздзеянне, канечне, ёсць.

Але цяпер мы назіраем зусім іншую карціну, і я разумею, што Томас Бах і ягоныя паплечнікі ў Міжнародным алімпійскім камітэце паступова, крок па кроку, усё ж такі будуць адступаць назад. Бо яны бачаць, якая ёсць кансалідаваная пазіцыя. Цяпер міністры 35 краінаў з усяго свету выступілі супраць удзелу расейцаў і беларусаў не толькі ў Алімпіядзе-2024, а, нават і ў кваліфікацыйных спаборніцтвах. Праз паўгода ці нават раней такіх краінаў стане 50. Гэта будуць амаль усе дзяржавы Еўропы, за выключэннем, хіба, Сербіі ці Вугоршчыны. Гэта будуць краіны з іншых кантынентаў. Фактычна, Алімпіяды ў такім выпадку не адбудзецца! Канечне, можна выйсці на нейкі кампраміс. Але ўжо цяпер відавочна, што прысутнасць поўных дэлегацыяў, расейскіх і беларускіх, – рэч абсалютна не рэальная. Бо адносна Беларусі МАК даў днямі такі стэйтмэнт для беларускіх і расейскіх журналістаў, дзе адзначыў, што ён застаецца з Беларускім фондам спартовай салідарнасці ў рэгулярнай камунікацыі. Так яно і ёсць. Пакуль існуе шмат закрытых пытанняў, што мы не можам агучваць. Але ёсць і адкрытыя: адно з іх – як зрабіць так, каб беларускія спартоўцы, якія цяпер не маюць магчымасці выступаць у Алімпійскіх гульнях праз рэпрэсіі, аднавіліся ў сваіх правах. Размова ідзе не толькі пра лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, вершніцу Вольгу Сафронаву ці Карыну Казлоўскую, якая выступае ў стральбе з лука, але пра ўсіх, хто мусіў узяць іншае грамадзянства ці застаецца на шляху да гэтага. Ёсць канкрэтны спіс атлетаў, якія перарвалі сваю спартовую кар’еру і якіх мы прасоўваем як законных прадстаўнікоў Беларусі. І тады мы можам казаць, што беларуская дэлегацыя, нават гіпатэтычна, будзе мець права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях і прадстаўляць Беларусь. Бо гэтая дэлегацыя ад НАК, што рыхтуецца, яна ж не прадстаўляе Беларусі. Гэта проста адабраныя рэжымам людзі, прычым не паводле спартовага прынцыпу, а паводле лаяльнай слабасці. НАК Беларусі не прызнаны МАК, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктар Лукашэнка – таксама нелегітымны для алімпійскага руху.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Размаўляў з Крысцінаю Ціманоўскай. Яна распавяла, што яшчэ ў чэрвені атрымала польскі пашпарт і цяпер чакае польскага спартовага грамадзянства, без якога нельга будзе выступаць у міжнародных спаборніцтвах за гэтую краіну. Але ёсць стандартны тэрмін каранціну – 3 гады. Ці існуе варыянт, каб гэты тэрмін Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі быў скарочаны?

– Існуе, канечне. Такая сітуацыя развілася ж не з віны Ціманоўскай. Яна стала ахвяраю, закладніцаю ўсёй гэтай сітуацыі. І неабходнасць змены грамадзянства была вымушанай, у мэтах бяспекі. А не проста таму, што ёй так захацелася. Або ёй, як таленавітай, прапанавалі большыя грошы ў іншай кране. Спартоўцы так часта робяць. Яны атрымліваюць важкія кантракты і змяняюць сваё грамадзянства. Тут сітуацыя спецыфічная. Чалавек трапіў пад жорсткі палітычны пераслед і не меў іншага выйсця, як пераехаць і трэнавацца ў іншай краіне. Чаму спартовец, які пацярпеў ад палітыкі, павінен яшчэ адбываць каранцін? Такога не мусіць быць.

– То тады адмысловы артыкул патрэбны.

– Вось над гэтым мы і працуем. Тым больш, прэцэдэнты такія ўжо былі, калі ішлі на саступкі.

– То бок, можа атрымацца так, што нашую каманду на Алімпіяду будзе збіраць Беларускі фонд спартовай салідарнасці? Бо Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі ніякага ўплыву і ніякага права на гэта не мае?

– Фактычна, так. Гэткая сітуацыя можа адбыцца ўжо ў 2023 годзе. Самая супольнасць спартовая ў свеце можа пайсці на прызнанне Беларускага фонду спартовай салідарнасці як паўнавартаснага, дэмакратычнага прадстаўніка беларускага спорту, бо Нацыянальны алімпійскі камітэт ёсць часткай дыктатарскай рэпрэсіўнай машыны, якая і далей абслугоўвае інтарэсы таталітарнай дзяржавы і, фактычна, не выконвае функцыі Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Таму ўсё ў нашых руках. Чым больш эфектыўна мы спрацуем, тым хутчэй у вольных беларускіх спартоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў лукашэнкаўскага рэжыму, з’явіцца шанец вярнуцца на вялікую спартовую міжнародную арэну. У расейцаў – іншы шлях.

Агляд
Чаму беларускіх тэнісістаў абмінаюць санкцыі, а Беларуская тэнісная федэрацыя судзіцца з міжнароднай
2023.01.17 14:27

Фота вокладкі: Белсат

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў