Чэмпіёнка Беларусі вершніца Вольга Сафронава: Рыхтуюся да першых спаборніцтваў пасля пераезду


Нас сустракае сонца. Надзвычай абаяльная Вольга Сафронава шырока ўсміхаецца, дэманструючы ўсю сваю светлую шчырасць, жыццярадаснасць і гасціннасць. А яшчэ год таму была ў турботах і не магла ўявіць, у якім кірунку пойдзе яе далейшы жыццёвы шлях. Адразу пасля выбараў 2020-га напісала допіс у Фэйсбуку наконт брудных дзеянняў улады супраць народу, пасля гэтага паспела выйсці замуж ды яшчэ і ў вясельнае падарожжа з’ездзіць. А падпісаўшы ліст Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, зазнала звальненне з нацыянальнай каманды. А потым пачалося…

Вольга Сафронава. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Спачатку просьбы, а потым і патрабаванні Віктара Малашкі, дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі, выдаліць допіс, адумацца і стаць на бок улады, якая, быццам бы, паіла, карміла, гадавала, а ты, маўляў, такая няўдзячная. Потым узнавілі кантракт, але, як аказалася, з правам выступаць толькі ў межах чэмпіянату Беларусі.

Мы гутарым з Вольгай пра трэнаванні ў прадмесцях Варшавы і пра настальгію па Менску.

– За месяц да выбараў на нашу базу прыязджаў міністр Кавальчук і цэлую гадзіну пераконваў нас у тым, якія цудоўныя ў нас матэрыяльна-тэхнічныя базы, як дрэнна было дваццаць гадоў таму і як цудоўна цяпер. Маўляў, ён усё бачыў, усюды быў і ўсё ведае. І што мы мусім быць удзячныя за тое, што маем, што ў 90-я не было нічога, а цяпер паліцы крамаў ломяцца, і 400 тысяч турыстаў на год выязджаюць на адпачынак у Турцыю, а ў Савецкім Саюзе не ездзіў ніхто і г. д.

Я ціха сядзела і ўзгадвала, што коней набыла і выгадавала сама, што той мізер, які яны вылучаюць, зусім не падобны на вялізны клопат дзяржавы. Як мы на фінал Кубка свету ехалі за свае грошы. І ніхто не вярнуў ні капейчыны. Затое яны адмысловы сход сабралі і вырашалі, ці вартая я рэпрэзентаваць Беларусь на гэтых спаборніцтвах. Я казала: ды мне нічога ад вас не патрэбна, толькі заявіце мяне, бо я сама гэта зрабіць не магу, такая сістэма.

Фота: КК / Белсат

У нашай рэчаіснасці было дзіўнае разуменне дысцыпліны. Мы абавязаныя былі весці гэткія журналы, дзе мусілі пісаць: у колькі прыйшлі, у колькі сышлі, колькі хвілінаў на дзень кожны конь зрабіў рысі, галопу, колькі зменаў ног адбылося. Пасля кожнага трэнавання гэта трэба было даць на подпіс трэнеру, а напрыканцы года падаць на атэстацыю. І ніхто не пераймаўся тым, што з канём так немагчыма. Гэта жывая істота. Як чалавек. Сёння ён, напрыклад, не вельмі добра пачуваецца, ці ён учора так папрацаваў, што сёння я павінная даць яму выходны, каб заўтра ён выйшаў свежым з жаданнем працаваць. А не гвалтоўна патрабаваць ад яго гэтага трэнаванне. А працоўны дзень ідзе. Я абавязаная быць на кані, я абавязаная запісаць лічбы ў гэты журнал. Тут, у Польшчы, у цябе ніхто не папытаецца, колькі ты трэнуешся, як ты трэнуешся. Гэта выключна тваё індывідуальнае жыццё, твае метады рыхтавання да спаборніцтваў. І вось хто выбудаваў правільна трэнаванне, хто выбудаваў разумны падыход – той і перамог. У гэтым і ўвесь сэнс, як ты ўзгадніў свой штодзённы лад жыцця з ладам жыцця твайго партнёра. І ўсё. Вынік – вось галоўны крытэр і галоўная справаздача.

– Вы нам паказалі манеж з сучасным, прафесійным конна-спартовым грунтам, пакрыццём, якое, да таго ж, амартызуе, палягчаючы нагрузку на ногі коней. І, вядома, вільгаценепранікальнае. І спартоўцы, і коні пачуваюцца вельмі камфортна падчас трэнавання. А якое пакрыццё было ў Ратамцы?

– Шмат «кампліментаў» казаць не буду, распавяду толькі, што там водаізаляцыя была такая, што ногі коней ледзь не расплываліся ў грунце. Адпаведным быў і выступ на спаборніцтвах.

Фота: КК / Белсат

– Вас не пусцілі на Алімпіяду ў Токіа, прыдумаўшы кульгавасць вашага партнёра Сандра ды Амура. Пры тым што вы былі дзейнаю чэмпіёнкаю з першым нацыянальным рэйтынгам, з лідарствам у Цэнтральнаеўрапейскай лізе Кубка свету. І пры тым, што гэта была першая беларуская ліцэнзія ў выездцы з 2008 года. Дык ці патрэбны Беларусі спорт увогуле?

– Мяне падтрымала толькі старшая трэнерка аддзялення выездкі, яна ж і трэнерка-выкладчыца найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, майстарка спорту Святлана Еўшчык. Але хіба мог пераважыць голас прафесіяналкі ў гэтай стаі цемрашалаў? Ім загадалі – пакорна выканалі.

– І Вы адразу наважыліся на пераезд у Польшчу?

– Вядома, я тут раней выступала, бачыла, якія ўмовы для заняткаў выездкай і ні секунды не сумнявалася. Знайшла перавозчыцу, якая аказалася «ябацькай» і потым мяне ўсё папракала, што я яе быццам бы на мяжы засвяціла. Але грошы, як гаворыцца, не пахнуць, і вось я год ужо як пад Варшаваю жыву і цешуся ад працы тут. Тут жа майму Сандра дэ Амуру правялі поўнае і дасканалае ветэрынарнае абследаванне. І не толькі што датычыць апорна-рухальнага апарату. Мы зрабілі гастраскапію, яму залезлі літаральна ў вушы, у вочы, у капыты і далі мне пратакол, што мой конь абсалютна здаровы і можа браць удзел у спаборніцтвах. Не ведаю толькі, ці «ікнулася» чальцам той, нашай, гэтак званай ветэрынарнай камісіі, якія цынічна схлусілі. Напэўна, не. У нас жа «спорт па-за палітыкай». (Усміхаецца.)

Морква для коней.
Фота: КК / Белсат

– Вы ў гэтым новенькім цэнтры, якому няма яшчэ і двух гадоў, праводзіце ўвесь светлавы дзень. І нават больш. Не стамляльна?

– Што вы? Тут жа мае гадаванцы – Сандра дэ Амур, Квінтэт і Леа. Яны ўсе рознага ўзросту – 14, 9 і 7 гадоў. Але яны са мною з іхнага маленства. Я жыву з імі, я дыхаю з імі, я ем з імі, я па вачах бачу, як яны сябе адчуваюць. Ну, як родныя дзеці для мяне. А як яны сілкуюць вельмі светлай, станоўчай энергіяй – не перадаць. Акрамя таго, тут ёсць мае выхаванкі-вершніцы. Адная нават суайчынніца, з Берасця. Жывем, працуем і атрымліваем вялізную асалоду ад свежага вольнага паветра.

– Ваш адвакат Томаш Віліньскі год таму казаў, што не змушае змяняць беларускае грамадзянства, калі вы пажадаеце выступаць за зборную Польшчы. А вось спартовага трэба пачакаць як мінімум год. Якая цяпер сітуацыя?

– Пакуль у чаканні. Але ёсць з чым і павіншаваць. Я рыхтуюся да сваіх першых спаборніцтваў пасля пераезду. Пакуль буду выступаць за клуб, які базуецца тут і называецца «Archipp». Сезонны каляндар толькі адкрываецца, і я яшчэ буду абіраць, на якім турніры выступіць напачатку. Але ясна, што гэта будзе неўзабаве, цягам месяца.

Фота: КК / Белсат

– А ці не шкадуеце, што напісалі допіс, з-за якога прыйшлося часова пакінуць радзіму?

– Не, абсалютна. Таму што вельмі шмат людзей, блізкіх мне людзей перш за ўсё, пацярпелі ў падзеях 9–12 жніўня. Ты не можаш нікога знайсці, ты не можаш ні з кім звязацца. Бо людзі, іх жыцці і здароўе – гэта самае галоўнае.

– Крамольную рэч хачу запытацца. Не шкадуеце, што нарадзіліся ў Беларусі? Інакш бы са сваёй любоўю да гэтай справы, да коней, са сваймі працавітасцю і талентам даўно выступалі б і на Алімпіядах і турнірах па ўсім свеце.

– Не, ні ў якім разе, ні на кроплю. Бо калі б я не нарадзілася ў Беларусі, то не прайшла б гэтага шляху, не выбілася б у людзі менавіта сваёй працаю і не прайшла б усіх гэтых перашкодаў, падымаючыся па прыступках лёсу і кар’еры. Можа быць, калі б я нарадзілася ў еўрапейскай краіне, мяне б адразу пасадзілі б на коніка, выпешчанага, выезджанага, і проста не было б да чаго імкнуцца. А вось калі ты праяўляеш характар, пераадольваеш цяжкасці, фармуеш свой погляд на жыццё (бо жывёліны дысцыплінуюць на ўсе 300 адсоткаў), калі ты не можаш сказаць, што «я сёння стамілася і не магу працаваць» – вельмі дарагога каштуе… Гэта не клюшка, якую можна паставіць у шафу і паляцець на два тыдні ў Дубай. Тут трэба быць адказным кожны дзень, кожную хвіліну. Адказным не толькі за сябе, але за сваю жывёліну. Наадварот, я ўдзячная лёсу, што так выйшла. Што я прайшла гэты шлях. І што я з маленькага гарадка Барані і ўсё роўна даказала, што хачу быць з гэтымі канямі.

Вольга Сафронава праводзіць трэніроўку. 1 чэрвеня 2022.
Фота: КК / Белсат.

Я заканчвала школу – і ў мяне быў вельмі добры атэстат – 9,1. Мая класная кіраўніца назвала мяне вар’яткаю, калі даведалася, што я пайду ва Універсітэт фізкультуры. Ты што, будзеш коням хвасты круціць? Я адказваю, так, я буду коням хвасты круць, але і ганарыцца гэтым. І вось дакруціла да ліцэнзіі на Алімпійскія гульні.

Ніякая дзяржава не зрабіла для мяне столькі, колькі зрабіла мая сям’я і сябры. Мяне мама, якая яшчэ на шостым месяцы цяжарнасці мною ўдзельнічала ў спаборніцтвах, сюды прывяла. Мама таксама з’ехала разам са старэйшай сястрою. І яны ўсцяж займаюцца канямі, але не ў Беларусі. Усё, чаго я дамаглася ў спорце, я зрабіла дзякуючы блізкім людзям. Дый проста людзям, якія былі неабыякавыя – і беларусы, і не беларусы. Але я вырашыла адназначна: пад чырвона-зялёным адценнем гэтай сістэмы я больш у манеж не выйду! Ніколі!

Інтэрв’ю
Дар’я Далідовіч працягне спартовую карʼеру як будучая біятланістка
2022.03.20 15:45

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў