«Ідзе змена спартовага грамадзянства». Крысціна Ціманоўская – пра першы медаль у Польшчы і планы на Алімпіяду


Упершыню пасля атрымання польскага пашпарта беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская здолела заваяваць асабісты медаль чэмпіянату Польшчы. Адбылося гэта ў Торуні на 67-м чэмпіянаце краіны ў закрытых памяшканнях.

Крысціна Ціманоўская заваявала асабісты медаль чэмпіянату Польшчы. Калаж з фота: kristi_timanovskaya / Instagram

Крысціна прабегла кароткі спрынт на 60 метраў з другім вынікам, саступіўшы толькі чэмпіёнцы Еўропы – 2019 на гэтай дыстанцыі і рэкардсменцы Польшчы Эве Свобадзе. З часам 7,25 (паказаўшы яго двойчы – у паўфінале і вызначальным забегу) прагуляла Крысціна чатыры сотыя і свайму ўласнаму рэкорду на дыстанцыі 60 метраў, які ўстанавіла яшчэ 20-гадовай у Магілёве ў 2017-м.

«Гэта мой першы медаль чэмпіянату Польшчы, – напісала срэбная прызёрка ў сваім Instagram. – Цешуся, што паказала добрыя секунды, хаця і крыху расчараваная, што не ўдалося палепшыць майго найлепшага дасягнення на гэтай дыстанцыі. Але ўсё наперадзе. Заўтра – 200 метраў, і потым – адпачынак. Дзякую ўсім за дапамогу і веру ў мяне».

Пасля другога дня спаборніцтваў беларуска таксама не надта сумавала, хаця ўзняцца на п’едэстал і нават выйсці ў фінал не ўдалося:

«На жаль, без фіналу на 200 метраў, але з вельмі добрым вынікам у паўфінале – 23,46, які атрымаўся пры эканамічным бегу. Хоць суддзі мяне двойчы дыскваліфікавалі: быццам наступала на лінію, але гэта няпраўда. Я была блізка яе, але не на ёй. На жаль, мы не здагадаліся скласці пратэсту паводле рэгламенту, але суддзя толькі пасля дзвюх гадзінаў паведаміў пра мае памылкі, і было ўжо позна гэта аспрэчваць. Але я агулам вельмі задаволеная са свайго выступу на чэмпіянаце Польшчы. Ёсць медаль і добрыя вынікі, а дыстанцыя 200 метраў паказала, што магу бегаць значна хутчэй. Буду працягваць намаганні ў гэтым кірунку».

Пасля вяртання з Торуню ў Варшаву Крысціна Ціманоўская пракаментавала нам далейшыя планы:

«Думаю, гэта мой апошні старт узімку. І наступныя будуць ужо ўлетку. Планаваць вельмі цяжка, таму не магу сказаць, дзе выйду на бегавую дарожку і найперш на сваю ўлюбёную дыстанцыю 200 метраў. Пакуль – толькі трэнавацца».

Фота: kristi_timanovskaya / Instagram

У сакавіцкім чэмпіянаце Еўропы – 2023 пад дахам у Стамбуле Крысціна Ціманоўская рэпрэзентаваць зборную Польшчы не здолее: пакуль не набыла польскага спартовага грамадзянства. А далей плануе выступаць толькі пад польскім сцягам. Хаця ў размове з карэспандэнтам «Белсату» выказала з гэтай нагоды аптымізм:

«У мяне ёсць поўнае польскае грамадзянства – з пашпартам і ўсімі дакументамі! Далей ідзе змена спартовага грамадзянства. Гэта ў працэсе. Каранцін за такую змену – 3 гады. Але калі-нікалі тэрмін скарачаюць. Спадзяюся, мой выпадак пад гэта падпадзе і мне пашчасціць выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024-м. Прынамсі, я буду ўпарта і настойліва рыхтавацца».

Дарэчы, таксама ў Торуні ў канцы студзеня 2023 года Крысціна Ціманоўская паказала найлепшае ўласнае дасягненне ў кар’еры на дыстанцыі 200 метраў у залах – 23,45.

Але гэта не быў першы поспех Крысціны ў якасці грамадзянкі Польшчы. Летась у канцы жніўня яна брала ўдзел у камандным чэмпіянаце краіны, дзе выгуляла дыстанцыю 100 метраў. Ціманоўская выступае за спартовы клуб «AZS AWF» (Варшава), што ў выніку заняў другое месца. У Крысціны, дарэчы, – два салідныя спонсары: польскі нафтаперапрацоўчы канцэрн «Orlen» і амерыканская транснацыянальная кампанія «Nike», якая, нагадаем, спецыялізуецца на вырабе спартовай вопраткі.

Фота: kristi_timanovskaya / Instagram

«Гэта былі мае першыя спаборніцтвы, у якіх я брала ўдзел ужо не як беларуска, а як полька», – распавяла тады Крысціна.

Спартоўка нарадзілася ў Клімавічах, найлепшае дасягненне – залаты медаль неапальскай універсіяды ў 2019 годзе на дыстанцыі 200 метраў.

Польскі пашпарт Ціманоўская атрымала яшчэ 28 чэрвеня 2022 года, згодна з адмысловым указам прэзідэнта Анджэя Дуды. Нагадаем: год раней на Алімпіядзе ў Токіа беларуска адмовілася выканаць загад тагачаснага галоўнага трэнера зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрыя Майсевіча і намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскага рыхтавання па лёгкай атлетыцы Артура Шумака бегчы няпрофільную эстафету, да чаго не была гатовая і рызыкавала атрымаць траўму. Сітуацыя ўзнікла ў звязку з тым, што дзвюх дзеўчын зборнай знялі са спаборніцтваў праз недастатковую колькасць допінг-тэстаў. Крысціна запісала ў гатэльным нумары на аўдыё пагрозы функцыянераў выслаць спартоўку датэрмінова ў Беларусь. Але ў аэрапорце Токіа яна звярнулася да паліцыі з просьбаю пра абарону, бо вяртанне на радзіму палічыла небяспечным. А пазней звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт з запытам пажыццёва дыскваліфікаваць Майсевіча і Шумака. Сама ж спартоўка праз Вену вылецела ў Варшаву, дзе і папрасіла палітычнага прытулку.

Летась Лукашэнка пазбавіў Ціманоўскую воінскага звання – прапаршчык. У сярэдзіне студзеня ўжо гэтага, 2023 года экс-галоўнага трэнера зборнай Беларусі Юрыя Майсевіча абвінаваціла Падраздзяленне ў справе забеспячэння сумленнасці ў лёгкай атлетыцы (AIU) ў парушэнні Кодэксу добрасумленнасці Сусветнай лёгкай атлетыкі. AIU сцвярджае, што Майсевіч не дзеяў добрасумленна, яму не ўдалося абараніць гонару спартоўкі, ягоныя дзеянні ўяўлялі сабою слоўны і псіхалагічны гвалт, ён зняславіў атлетыку. Іншаму фігуранту «такійскай справы» – Артуру Шумаку – абвінавачванняў не выставілі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў