Былому ратавальніку далі 4,5 года зняволення за «закалоты» каля «Рыгі»


Суд Фрунзенскага раёну агучыў вырак 26-гадоваму Рыгору Давыдаву, былому працаўніку МНС. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых закалотах»). Суддзя Юлія Блізнюк пакарала яго 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Былы супрацоўнік МНС Рыгор Давыдаў, асуджаны за закалоты.
Фота: Рыгор Давыдаў / VK

24 лютага Рыгор Давыдаў выступіў на судзе з апошнім словам, у якім папрасіў у бацькоў прабачэння і сказаў, што ніколі не парушаў закону.

«Я хачу папрасіць у сваіх бацькоў прабачэння за тое, што прымусіў турбавацца апошнія чатыры месяцы. Я ведаю, што на гэты момант ім нашмат цяжэй за мяне. Усё сваё свядомае жыццё я прысвяціў нашай краіне і яе грамадзянам, служачы ў МНС. Нямала разоў мне даводзілася рызыкаваць сваім жыццём дзеля ратавання іншых людзей, абараняючы іхныя дамы. Я даваў прысягу і як ніхто іншы ведаю, што парушаць закон нельга. Усё, што выстаўляюць мне паводле гэтага абвінавачання, супярэчыць майму светапогляду і маральным прынцыпам. Я ніколі не пераходзіў за мяжу закону».

Згодна з абвінавачаннем, 10 жніўня Рыгор не менш за тры разы кінуў нявызначаныя прадметы ў бок праезнай часткі і спецыяльнага транспарту непадалёк ГЦ «Рыга». Аднак усе сведкі ў справе, якія былі на месцы здарэння, не бачылі абвінавачанага.

Падчас паседжання былі прагледжаныя відэаматэрыялы справы. На іх прысутнічае чалавек, якога немагчыма ідэнтыфікаваць.

Памочніца пракурора Аліна Касьянчык запатрабавала чатыры з паловаю гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле яе, мужчына, падобны да Рыгора Давыдава, замахваўся ў бок сілавікоў невызначаным прадметам: гэтага было дастаткова, каб даказаць дачыненне мужчыны да злачынства. Суддзя Юлія Блізнюк прызначыла пакаранне, якое патрабавала Касьянчык.

На думку адваката абвінавачанага, нельга сцвярджаць, што чалавек на відэа – Давыдаў, бо не было ніводнай экспертызы, а адзіны доказ ягонай прысутнасці на відэа – выснова органаў папярэдняга следства. Хлопец на відэа нават не выходзіць на праезную частку, як гэта гаворыцца ў абвінавачанні. На рэчавых доказах у справе таксама няма ніякіх слядоў мужчыны.

На судзе Рыгор віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні. Раней ён пацвердзіў, што быў у раёне «Рыгі», але ў масавых закалотах удзелу не браў.

«Я буду берагчы сваё здароўе толькі для таго, каб праз чатыры з паловаю гады прысутнічаць на іншым прысудзе», – сказала маці Рыгора.

АД/ЯП belsat.eu

Стужка навінаў