«Твой твар – твар смерці майго сына!» Як у Ізраілі апавяшчаюць сваякоў загінулых жаўнераў


Ізраільская журналістка з Кіеву Таша Карлюка распавяла аб тым, як у Ізраілі працуе служба абвесткі сваякоў вайскоўцаў аб гібелі іх блізкіх падчас баявых дзеянняў. Аповед «Стук у дзверы» яна апублікавала ў сваім акаўнце ў Facebook.

Ізраільскія вайскоўцы на вучэннях
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы на вучэннях «Chariots of Fire». Травень 2022 года.
Фота: Israel Defense Forces / Flickr, CC BY-NC 2.0

Рэпарцёрка, якая для сваіх артыкулаў цалкам пагружаецца ў жыццё тых, пра каго піша, стала часткай каманды апавяшчальнікаў – Майка і яго запаснога Рудзі. Першы і апошні раз.

«Ужо шмат гадоў Майк стукае ў дзверы да маці, мужа, сына, нявесты, каб паведаміць ім пра смерць сына, жонкі, бацькі, жаніха, якія былі забітыя на вайне. Ён апавяшчальнік. Разам з ім заўсёды ёсць запасны – чалавек, які падменіць апавяшчальніка, калі той не зможа выканаць сваю працу. Тады апавяшчальнік выходзіць на вуліцу, каб выкурыць цыгарэту, парыдаць, пабіць кулаком сцяну, а ў гэты час запасны працягвае працу. Цяжкую працу. Пякельную працу. Апавяшчальнік сыходзіць на пяць хвілін, вяртаецца і нібы не было цыгарэты, слёз, збітых у кроў кулакоў. Ён працягвае сваю працу. Запасны сыходзіць у цень і назірае за апавяшчальнікам, пакуль той не падасць таемны знак – правая пятка паднятая ўверх – гэта значыць, што яму трэба выйсці… цыгарэта, слёзы, збітыя ў кроў кулакі», – распавяла Таша Карлюк.

Апавяшчальнікі ездзяць «на старэнькім «Volvo 740» без мігцелкі, без адметных знакаў», каб не прыцягваць да сябе ўвагі. За імі на адлегласці з дзесяць метраў перамяшчаецца хуткая на выпадак, калі сваякам загінулага спатрэбіцца дапамога. Самай рэпарцёрцы падчас выезду забаранілі хоць як-небудзь выказваць спачуванне блізкім вайскоўцаў – «толькі стаяць побач моўчкі, нерухома з пустым тварам, дзе няма спачування, любові, болю, дзе няма нічога».

У дзень выезду з журналісткай было дадзена заданне апавясціць бацькоў Давіда Гутмана, які быў прызваны 28 снежня, а ўжо 30-га «паў смерцю адважных». Днямі ён мусіў прыехаць дадому на адпачынак. У кватэры Гутманаў была толькі маці загінулага: «Яна бачыць двух мужчын у ваеннай форме і яе ўсмешка змяняецца на спалох».

«У аўторак ён прыедзе. Яму звальняльную далі. Давідчык папрасіў Напалеон. Ён любіць Напалеон… Ой, што ж я тут сяджу!? Мне трэба купіць згушчонку і мука ўдома скончылася. І цукар! Алей таксама», – кажа жанчына, адмаўляючыся слухаць вайскоўцаў.

«Увесь гэты час з намі ў пакоі была мілая жанчына. Крыху безуважлівая, ледзь летуценная, мяккая, клапатлівая… мама. Чарговая мама, чарговага жаўнера, які загінуў у чарговым баі. Мама. Мэры глядзіць на Майка, Майк увесь гэты час трымаў яе за руку. Раптам, я бачу, як жанчына пачынае моцна сціскаць яго руку, пазногцямі ўпіваючыся ў далонь апавяшчальніка. На драўляную падлогу белага колеру капае спачатку адна, потым другая, трэцяя… сёмая кроплі крыві», – адзначае журналістка.

«Як жа я цябе ненавіджу! Як жа я цябе ненавіджу! Я цябе ненавіджу! Ненавіджу! – пачынае крычаць Мэры, гледзячы ў вочы Майку. – Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу! Твой твар – твар смерці майго сына!!!»

Маці загінулага забралі ў лякарню, а яе мужа па тэлефоне апавясцілі аб смерці сына і аб тым, што жонка ў больніцы. А таксама пра арганізацыю пахавання. А па суседстве ў кавярні людзі проста «п’юць каву, ядуць спагеці, запіваюць белым віном, смяюцца».

Давіда Гутмана пахавалі на наступны дзень, вакол – «каля тысячы магіл вакол, магіл маладых хлопцаў і дзяўчат. Жаўнераў. Вайсковыя могілкі».

Недзе там, магчыма, і дзеці апавяшчальніка Майка, які займаецца сваёй справай ужо восем гадоў. У ягоныя дзверы таксама ўжо пагрукалі, двойчы: 12 і 9 гадоў таму.

Аналітыка
«Канец не блізкі», а напружанасць расце. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»
2023.12.29 15:00

Чарговая вайна з удзелам ізраільскіх войскаў пачалася 7 кастрычніка 2023 года з нападу палестынскага руху «Хамас» на гарады і паселішчы на поўдні Ізраілю. Вайна не скончаная і дагэтуль.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў