Адміністрацыя калоніі дазволіла Ігару Лосіку ліставацца з жонкай Дар’яй


Пасля прысуду Дар’і Лосік адміністрацыя Наваполацкай калоніі дазволіла ейнаму мужу, палітзняволенаму журналісту Ігару Лосіку ліставацца з ёй, паведамляе радыё «Свабода».

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Вядома, што Ігар Лосік напісаў жонцы ўжо 6 лістоў, але пакуль невядома, ці дазволілі перапіску Дар’і, якая дагэтуль застаецца ў берасцейскім СІЗА.

У сужэнцаў ёсць чатырохгадовая дачка Паўлінка, якой цяпер апякуюцца па чарзе бацькі Ігара і Дашы. Дзяўчынка нядаўна пайшла ў дзіцячы садок і вельмі сумуе па бацьках. У Ігара ў мінулыя выходныя памёр дзядуля, тата ягонай матулі.

На мінулым тыдні Дар’ю Лосік пакаралі двума гадамі зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за інтэрв’ю пра ейнага мужа, зняволенага журналіста радыё «Свабода» Ігара Лосіка. Яе абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). 18 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як палітзняволеную ўтрымліваюць за кратамі.

Журналіст «Свабоды» Ігар Лосік за кратамі больш за два гады – з 25 чэрвеня 2020 году. У снежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі паводле ч.3 арт.130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб») і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Палітвязня перавялі ў Наваполацк, на месца пастаяннага зняволення.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў