Раманчук: Новыя падаткі для самазанятых – гэта як харчразвёрстка ў часы бальшавікоў


Новы Падатковы кодэкс, прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні, прадугледжвае значныя змены ў справе падаткаабкладання прадпрымальнікаў, рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзібаў і нават самазанятых. З новага года тыя ж альшанцы, якія зарабляюць на гародніне з парнікоў, будуць абавязаныя аддаваць 10 % ад прыбытку на карысць дзяржаве. А з 2023 года вяскоўцы будуць выплочваць яшчэ дадаткова 10–20 % ад прыбытку ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Вяскоўцы ў Альшанах цяпер абмяркоўваюць новаўвядзенні ў Падатковы кодэкс і кажуць пра аплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Дэпутаты пастанавілі, што з 2023 года самазанятыя павінныя плаціць гэтак званы прафесійны падатак памеры 10 % ад прыбытку, пры ўмове, што іхны заробак не перавышае Br 60 тысячаў і 20 %, калі зарабляюць больш за Br 60 тысячаў. Пакуль гэтая тэма не асабліва гучыць і кранае альшанцаў, бо аплаты будуць збіраць з 2023 года.

Лета ў «Аб’ектыве»
Альшаны: гурковая краіна. «Лета ў Аб’ектыве»
2019.07.02 20:07

Але яшчэ адно новаўвядзенне для вяскоўцаў амаль цалкам засталося незаўважаным. У Падатковым кодэксе дэпутаты дапоўнілі пункт 19 артыкулу 208, паводле якога, калі ў самазанятых прыбыткі ад продажу гародніны ці жывёлагадоўлі перавышаюць 200 базавых велічыняў, а на сёння гэта Br 5800, трэба заплаціць падатак памерам 10 % ад сумы такога перавышэння.

«Але гэта нейкі жах проста, я не чуў такога, і ў нас пакуль ніхто не ведае пра такое патрабаванне. То ж у выніку мы павінныя будзем аддаваць дзяржаве ў найгоршым выпадку з 2023 года нават 30 % ад свайго прыбытку! Гэта вельмі дзіўна выглядае, будзем хіба неяк абмяркоўваць», – распавёў «Белсату» жыхар Альшанаў.

Сярод самазанятых такая захада выклікае моцнае абурэнне. У ранейшым кодэксе працы вяскоўцаў на зямлі або ў жывёлагадоўлі не абкладалі падаткам. Наадварот, дзяржава заахвочвала развіццё прысядзібных гаспадарак, дэкларавала падтрыманне і дапамогу самазанятым. Цяпер жыхары вёсак кажуць, што прасцей нічога не рабіць на зямлі.

«У мяне больш за дзясятак кароў. Штомесяц я атрымліваю за здачу малака дзяржаве каля 5 тысячаў рублёў. У выніку 30 % я буду вінен дзяржаве. Схаваць прыбытак ніяк не змагу, бо пералічэнні грошай з малочнага камбінату вядзецца праз рахункі. У выніку мне застанецца 3500 рублёў. Але толькі каб пракарміць гэтых жывёлінаў мне трэба, можа, нават і 2500 рублёў за месяц. Да гэтага адняць выдаткі на паліва, на ветэрынара, на лекі, прыкладна 300–400 рублёў. Каля 1000 рублёў аддаць за дапамогу, бо мушу наймаць людзей, сам не дам рады ўсё зрабіць. Дык мне застанецца каля 100 рублёў. Уся дзейнасць стане без сэнсу», – падлічвае самазаняты з Менскага раёну.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Белсат

Вясковец кажа, што калі так будзе ўсё адбывацца, то яму трэба будзе распрадаваць сваіх жывёлінаў, шукаць нейкі іншы занятак або працу. Мужчына выказвае меркаванне, што не разумее, якім жа чынам чыноўнікі сядзелі і падлічвалі ды паднялі стаўкі падаткаў ажно да такой велічыні.

Жыхар Слонімскага раёну мае прысядзібную гаспадарку і гадуе быкоў. Вясковец атрымаў зямлю для вядзення прысядзібнай гаспадаркі. Паводле ягоных падлікаў, гадаваць быдла ў новых умовах стане таксама без сэнсу.

«У мяне 20 бычкоў. Каб набыць жывёлу, я выдаткаваў 10 тысячаў рублёў. Амаль столькі ж мне трэба аддаць на тое, каб выгадаваць іх. У выніку мае інвестыцыі складуць 20 тысячаў рублёў. Праз 11 месяцаў, калі я здам быкоў на мяса, атрымаю пры ўмове сённяшніх коштаў 9 рублёў за кілаграм, каля 36 тысячаў рублёў. З гэтага трэба будзе выплаціць 7,2 тысячы рублёў падаткаў. У выніку мой заробак складзе 8,8 тысячы рублёў замест 1,4 тысячы за амаль год. Гэта 800 рублёў за месяц, амаль столькі ж, колькі зарабляюць на прадпрыемствах», – кажа вясковец.

Hавiны
Алесь Аляхновіч: Палітычны крызіс закранае не толькі эканоміку, немагчыма развіваць медыцыну, адукацыю і іншыя галіны
2021.11.05 13:34

Мужчына зазначае: акрамя гэтых выдаткаў, трэба ўлічыць і паліва, і амартызацыю тэхнікі, лекі. Таму, найхутчэй, будзе адмаўляцца ад зямлі, бо за яе таксама трэба плаціць падатак, а гэта будзе складана зрабіць.

Вясковец з Баранавіцкага раёну абураецца, што памер падатку выглядае проста як рабунак. Акрамя таго, мужчына мяркуе, што ў Беларусі падаткі і так невядома як размяркоўваюцца.

«Адпраўляеш дзяцей у садок ці школу, дзе дэкларуецца бясплатная адукацыя, мусіш выдаткоўваць і на вокны, і на фарбу, і на добраўпарадкаванне. Бясплатная медыцына ў нас ну ніяк не бясплатная. За кожную дзяржаўную паслугу аплочвай паводле камерцыйных каштарысаў. Куды ідуць сродкі, якія аддаюць са свае кішэні грамадзяне? Але нас і так паставілі ў такія ўмовы, што нікуды мы не дзенемся. Я не магу не працаваць, буду неяк хаваць свае прыбыткі, не ўказваць, але ну ніяк не згодзен плаціць невядома за што, невядома куды», – кажа гаспадар.

Жыхары Лунінецкага раёну, якія вырошчваюць трускалкі, у размове з «Белсатам» кажуць, што іх падатак у 2022 годзе не закране. Большасць вяскоўцаў маюць адносна невялікія надзелы зямлі і падчас сезону атрымліваюць 5–6 тысячаў рублёў. Якраз гэтая сума прыкладна складае 200 базавых велічыняў. Вялікія палеткі ды аб’ёмы ў фермераў, якія і так плоцяць падаткі дзяржаве. Але перспектыва, што ў 2023 годзе яны мусяць аддаць прафесійны падатак памерам 10 % ад свайго заробку, не асабліва ім падабаецца.

«А чым мне дзяржава дапамагае? Я маю хоць якія субсідыі ці падтрыманне? Я не разумею, чаму яны хочуць забраць з маёй кішэні, з майго і так вельмі невялічкага заробку за сезон ажно дзясятую частку!» – абураецца жыхарка Лунінецкага раёну.

У вёсцы Дварэц месціцца самы вялікі сезонны кірмаш клубніцаў. Рынак працуе каля трох тыдняў за год. Мясцовыя жыхары, якія вырошчваюць ягады, штосезон вязуць іх на продаж вазкамі, роварамі і аўтамабілямі. Лунінецкі раён, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

З наступнага года адзіны падатак і для прадпрымальнікаў, і для фізічных асобаў вырасце амаль удвая. Агулам у краіне падатковы цяжар толькі вырасце ў дачыненні ўсіх грамадзянаў, якія маюць уласную справу. Але найбольш закранае менавіта самазанятых.

«Няма чаго займацца прадпрымальніцкаю дзейнасцю і няма чаго быць паспяховым. Гэта як у часы бальшавікоў была харчразвёрстка. Вось гэта падобная захада. Калі ў дзяржавы няма мазгоў і няма рэсурсу, яна залазіць у кішэні людзей. І гэта ў выніку прывядзе да карупцыі, прывядзе да таго, што людзі будуць кідаць зямлю. Або будуць адкупляцца ад кантралёраў. Гэта ж будуць або прыезджыя якія асобы, або нехта, хто жыве побач. Калі ж кантралёр будзе з той жа мясцовасці, што і гаспадары, то могуць і хату ягоную спаліць. А па-другое, значна меней людзей будуць працаваць на зямлі», – кажа Яраслаў Раманчук.

Hавiны
Рэцэсія, адставанне ад суседзяў і збядненне: перспектывы Беларусі пры існай уладзе
2021.10.17 17:29

Эканаміст звяртае ўвагу, што кантраляваць усіх адначасова ўладам не ўдасца. Таму пачне развівацца карупцыя, шэрыя схемы.

«Кантроль будзе выбарачны, аднаго аштрафуюць, двух асудзяць паводле крымінальнай справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Астатнія будуць баяцца. Ніколі дзяржава не зробіць так, каб пакараць усіх. Няма такой магчымасці, рэсурсу. Таму ўсе будуць ведаць, што патрабаванне парушаецца, людзі будуць ухіляцца ад выплаты падаткаў. Шэрая эканоміка, меней прадпрымальніцкай ініцыятывы, а зямля будзе ў яшчэ большым заняпадзе. Такая вось перспектыва. Замест таго каб рабіць гаспадароў на зямлі, улады Беларусі імкнуцца зрабіць калгас», – лічыць Яраслаў Раманчук.

Адметна, што ўлады пастанавілі спаганяць падатак нават з тых асобаў, якія збіраюць ягады і грыбы ў лесе ды здаюць іх прадпрымальнікам. Дэпутаты вырашылі, што калі нехта ў лесе заробіць больш за 200 базавых велічыняў, то таксама мусіць аддаць 10 % у бюджэт.

Для параўнання, у Польшчы налета ў падатковым заканадаўстве таксама будуць змены. Але большасць падаткаў, наадварот, зменшыцца. Асобы, якія атрымалі прыбытак памерам да 30 тысячаў злотых ($ 7324), увогуле не будуць плаціць падаткаў.

Аб’ектыў
Дзіркі ў дзяржбюджэце пакрыюць за кошт беларусаў
2021.12.15 22:10

СЛ belsat.eu

Стужка навінаў