Вызвалілі палітзняволеную Таццяну Пыцько. Яе трымалі за кратамі лішнія два дні


Палітзняволеная Таццяна Пыцько, жонка палітвязня Вячаслава Лазарава, выйшла на волю 24 лістапада, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Яе мусілі вызваліць два дні таму, але ў следчым ізалятары «чакалі дакументаў».

Таццяна Пыцько
Палітзняволеная Таццяна Пыцько.
Фота: prisoners.spring96.org

Вярхоўны Суд разглядзеў апеляцыю Таццяны Пыцько 22 лістапада. Новы вырак вынеслі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), Таццяне прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, а ейнаму мужу Вячаславу Лазараву скарацілі тэрмін зняволення на паўгода, да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Як пастанавіў Вярхоўны суд, Таццяну Пыцько мусілі вызваліць са следчага ізалятару ў той жа дзень. Але, як піша БАЖ, у віцебскім СІЗА чакалі дакументаў з Вярхоўнага суду. Атрымаўшы іх, 24 лістапада жанчыну вызвалілі з-пад варты.

Але гэта яшчэ не поўная свабода: пакаранне з адтэрміноўкай значыць, што жанчына будзе пад адмысловым наглядам, за парушэнні яе могуць вярнуць за краты.

відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага 2023 года ў Віцебску, а 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава – Таццяну Пыцько.

На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку – гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іхны родны бацька.

Таццяне і Вячаславу давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020 годзе.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў