«Беларусы – забытыя еўрапейцы». Святлана Ціханоўская выступіла перад Еўрапарламентам


Яна заклікала дзейнічаць цяпер, бо беларусы не маюць яшчэ аднаго года.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

24 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. Яе прадставіў як лідарку беларускай апазіцыі прэзідэнт Еўрапарламенту Давід Сасолі, з якім яна сустрэлася перад прамоваю. Поўнае відэа выступу тут.

Як адзначаў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, звычайна перад Еўрапарламентам выступаюць кіраўнікі дзяржаваў, а праз пандэмію гэта наогул першы такі выступ за два гады.

Палітвязняў больш за еўрадэпутатаў

Ціханоўская пачала з таго, што палітвязняў у Беларусі ўжо больш, чым дэпутатаў Еўрапарламенту (882 і 705 адпаведна), а калі запрасіць усіх асуджаных з палітычных прычынаў, у тым ліку за «няправільны колер шкарпэтак», то не хопіць і чатырох Еўрапарламентаў. Яна згадала імёны некаторых вязняў: свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, сваёй сяброўкі Марыі Калеснікавай, лідара «Вясны» Алеся Бяляцкага, які год таму атрымаў у Еўрапарламенце прэмію Сахарава.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

«Беларусы больш не ў бяспецы ва ўласнай краіне і за мяжой – таксама, як і астатнія еўрапейцы, – казала Ціханоўская. – Як мы бачылі, рэжым у Беларусі паказаў, што хоча выкрадаць асобаў з міжнародных палётаў, выкарыстоўваць міжнародныя арганізацыі і дамовы, каб караць дысідэнтаў, выкарыстоўваць мігрантаў шляхам, наўмысна распрацаваным, каб пахіснуць стабільнасць і бяспеку Еўропы».

У такой сітуацыі можна або застацца паралізаванымі страхам, або ўзяць уласны лёс у свае рукі, сказала яна.

Ціханоўская згадала, як у мінулым снежні звярталася да Еўрапарламенту і расказвала пра 2020 год: тады «свет пабачыў, як Беларусь абудзілася». У 2021 годзе, заявіла яна, свет пабачыў, як Беларусь актыўна супраціўляецца ўсё больш агрэсіўнаму рэжыму. Ціханоўская спытала: ці бачыў свет, як Еўропа стала поплеч з беларусамі, каб падтрымаць супольныя каштоўнасці і свабоду беларусаў?

Еўропа можа дзейнічаць, але дзейнічае далёка не заўсёды

На ейную думку, Еўропа паказала, што яна можа не толькі размаўляць, але і дзейнічаць: яна згадала адвагу еўрапейскіх дыпламатаў, план для будучыні Беларусі, падтрыманне палітвязняў.

Але беларусы бачылі і тое, як праходзіў год для іх саміх. Яна пералічыла месяц за месяцам падзеі 2021 года: як сілавікі сталі ўрывацца ў хаты, як асудзілі на 2 гады зняволення журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову (а Еўропа абмежавалася «ветлівымі заклікамі паважаць свабоду слова»), як людзей хапалі проста за тое, што былі на вуліцы падчас Дня Волі (калі ў Еўропе казалі, што «сітуацыя збольшага стабілізавалася, бо няма новых карцінак масавых пратэстаў»), як улады Беларусі пагражалі знішчыць грамадзянскую супольнасць і труцілі зняволеных хлёркай (а «інтарэс еўрапейскіх медыяў да Беларусі губляўся»), як зняволілі журналістаў Tut.by, як памёр зняволены Вітольд Ашурак, як пасля допытаў учыніў самагубства Дзмітрый Стахоўскі

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Толькі праз дзевяць месяцаў пасля пачатку «катастрофы ў правах чалавека» – пасля захопу рэйсу «Ryanair» і зняволення журналіста Рамана Пратасевіча – Еўропа прыняла першыя сур’ёзныя захады супраць рэжыму Лукашэнкі, адзначыла Ціханоўская. Яна падкрэсліла, што ўдзячная Еўразвязу за адказ на захоп самалёта, але спытала: ці была б такая рэакцыя, калі б на борце не было грамадзянаў Еўразвязу?

«Хіба дэмакратыя і правы чалавека належацца толькі грамадзянам Еўразвязу?» – спытала Ціханоўская ў Еўрапарламенту.

Яна працягнула апісанне падзеяў 2021 года. Калі ў судзе ўчыніў спробу самагубства Сцяпан Латыпаў, бо рэжым пагражаў катаваць ягонага бацьку, палітыкі ў Еўропе хваляваліся, што санкцыі могуць нашкодзіць простым беларусам – «нібыта беларусы не пакутавалі ўжо цяпер», «нібыта яны вінавацілі Еўразвяз у санкцыях».

Калі Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў турмы, а рэжым выканаў абяцанне знішчыць грамадзянскую супольнасць, Еўропа «выказвала глыбокую заклапочанасць», заявіла Ціханоўская. Калі атлетку Крысціну Ціманоўскую ледзь не выкралі з алімпіяды ў Токіа, Міжнародны валютны фонд вылучыў эквівалент амаль 1 мільярда долараў Беларусі на барацьбу з пандэміяй каронавіруса – той самай краіне, дзе зняволеных наўмысна заражаюць каронавірусам.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. На стале еўрадэпутата – партрэт палітзняволенага Паўла Севярынца. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Калі Марыю Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў, калі Андрэя Зельцара застрэлілі падчас рэйду КДБ на ягоную кватэру, а адзіную сведку забойства, жонку Зельцара, выправілі ў псіхіятрычную лякарню, калі дзве сотні людзей арыштоўвалі толькі за каментары пра забойства Зельцара, «па ўсёй Еўропе добра фінансаваныя лабісты нястомна працавалі, каб заблакаваць санкцыі супраць гэтага агрэсіўнага рэжыму», адзначыла Ціханоўская.

Калі выбухнуў на поўную моц міграцыйны крызіс, калі 64-гадовы палітвязень Рыгор Кастусёў не атрымліваў медычнай дапамогі пры падазрэнні на рак, у Еўропе рэжым Лукашэнкі працягваў карыстацца Інтэрполам дзеля ціску на дысідэнтаў за мяжу.

Калі ў лістападзе напружанне на беларуска-польскай мяжы дасягнула «кропкі кіпення», тысячы замежных закладнікаў рэжыму Лукашэнкі трапілі ў фокус Еўразвязу, рабіліся тэлефанаванні дзеля паляпшэння іхнага стану, заўважыла Ціханоўская. Але ў той жа час 9 мільёнаў беларусаў таксама заставаліся закладнікамі беларускага рэжыму.

Ці не вывучылі ўрокі еўрапейскай гісторыі?

«Ці забылі мы ўрокі нашай еўрапейскай мінуўшчыны? – спытала Ціханоўская Еўрапарламент. – Тыранаў заахвочвае замірэнне, а не супакойвае. Калі вы пазбягаеце канфрантацыі з задзірам, вы толькі робіце іхны непазбежны канец больш дарагім і небяспечным».

Ціханоўская дадала, што Польшча і Літва заплацілі высокі кошт за тое, што былі сапраўднымі і прынцыповымі сябрамі беларускага народу. Яна зычыць Польшчы і Літве заставацца моцнымі.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Яна спытала, ці праўда ў Еўропе вераць, што рэжым Лукашэнкі спыніцца на міграцыйным крызісе. Кантрабанда наркотыкаў, ваенная правакацыя, катастрофа на атамнай станцыі каля мяжы Еўразвязу – гэта не фантазіі, а сапраўдныя пагрозы, якія агучваў рэжым, дадала Ціханоўская.

Яшчэ аднаго года няма, трэба дзейнічаць цяпер і зрабіць тры крокі

Таксама Ціханоўская нагадала, што для беларусаў час цяпер цячэ іначай – і для зняволеных, і для іхных блізкіх, і для медыкаў у барацьбе з пандэміяй. Яна расказала, што ейныя дачка Агнія і сын Карней не бачаць твару свайго бацькі, што жонка Ігара Лосіка не пэўная, ці жывы ейны муж, што зняволеная Вольга Залатар не ведае, як жывуць пяцёра ейных дзяцей, што маці Рамана Бандарэнкі бачыць сына толькі на фота ў рамцы з чорнай стужкай. Святлана Ціханоўская спытала: ці зразумеюць гэтыя людзі размовы пра доўгія еўрапейскія бюракратычныя працэсы, заявы аб глыбокай занепакоенасці?

«Магчыма, мы не маем права патрабаваць вашай падтрымкі. Магчыма, вы можаце адрынуць нас, бо гэта супярэчыць вашым нацыянальным інтарэсам ці гэта кепска для вашага бізнесу. Але я тут, каб папрасіць вашай падтрымкі, нягледзячы на гэта. Нашае змаганне за свабоду – гэта і вашае змаганне за свабоду», – сказала Ціханоўская Еўрапарламенту.

Яна дадала, што беларусы па-ранейшаму хочуць новых выбараў, нягледзячы на ціск уладаў, і знаходзяць новыя шляхі пратэсту, хай і не такія, што трапляюць у еўрапейскія медыі. Але беларусы не маюць яшчэ года, каб чакаць рашучых дзеянняў Еўропы. А Еўропе трэба быць больш актыўнай у дзеяннях супраць дыктатараў, бо дыктатура – як вірус, які чым даўжэй ігнараваць, тым цяжэй лекаваць.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Ціханоўская прапанавала тры крокі ў змаганні з «вірусам дыктатуры»: ізаляцыю, лекаванне негатыўных эфектаў і выпрацоўванне імунітэту ад яго.

У беларускім выпадку гэта значыць ізаляцыю і непрызнанне рэжыму (у тым ліку спыненне выкарыстання слова «прэзідэнт» адносна Лукашэнкі, непрызначэнне новых амбасадараў і незапрашэнне прадстаўнікоў рэжыму на міжнародныя мерапрыемствы і міжнародныя арганізацыі), адказ на дзеянні рэжыму і абмежаванне сродкаў дзеля захавання яго ўлады (а гэта значыць, пашырэнне санкцыяў і закрыццё «дзіраў» у санкцыях, пераслед вінаватых у парушэнні правоў чалавека паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі), падтрыманне актывістаў, праваабаронцаў і валанцёраў, рэабілітацыю ахвяраў рэжыму.

Але галоўнае – разабрацца з прычынай праблемы, а не ейнымі сімптомамі, рэзюмавала Ціханоўская.

«Жыве Беларусь, жыве Еўропа!» – гэтымі словамі Ціханоўская завяршыла выступ. Дэпутаты Еўрапарламенту праводзілі яе хвілінай авацыяў, стоячы.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

АА belsat.eu

Стужка навінаў