У Беларусі хочуць стварыць рэзервы матэрыяльных рэсурсаў на выпадак надзвычайных сітуацыяў


У Беларусі ствараецца рэспубліканскі рэзерв матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару. Такую пастанову прыняў Савет Міністраў 23 кастрычніка, дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: journal.tinkoff.ru

Рэспубліканскі рэзерв будзе ўключаць «запасы харчавання, будаўнічых матэрыялаў, нафтапрадуктаў, сродкаў забеспячэння жыццядзейнасці, іншых матэрыяльных каштоўнасцяў». Выкарыстоўваць яго рэсурсы можна будзе толькі на даручэнне прэм’ер-міністра і «ў выпадку недастатковасці галіновых і тэрытарыяльных рэзерваў матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў».

Згодна з дакументам, рэзервы арганізоўваюць «загадзя ў мэтах экстраннага прыцягнення неабходных рэсурсаў» на выпадак узнікнення надзвычайных сітуацыяў і ліквідацыі іх наступстваў, каб забяспечыць умовы для жыццядзейнасці людзей.

Гэтак, у сістэму рэсурсных рэзерваў будуць уваходзіць рэзерв ураду ў складзе дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву Савету Міністраў; у сістэму галіновых – рэзервы дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацыяў, падпарадкаваных Савету Міністраў; у тэрытарыяльныя – рэзервы мясцовых уладаў; у аб’ектавыя – рэзервы арганізацыяў, адказных за абарону насельніцтва ад надзвычайных сітуацыяў.

Галіновыя рэзервы створаць у 11 міністэрствах:

  • архітэктуры і будаўніцтва;
  • аховы здароўя;
  • энергетыкі;
  • сувязі і інфарматызацыі;
  • прамысловасці;
  • транспарту і камунікацыяў;
  • жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
  • лясной гаспадаркі;
  • сельскай гаспадаркі і харчавання;
  • антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
  • прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Акрамя таго, падсістэмы павінны быць у Дзяржаўным мытным камітэце, «Белкаапсаюзе», канцэрнах «Белнафтахім», «Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам» і «Беллеспаперапрам».

Hавiны
ЕАБР: Рост вытворчасці ў Беларусі падтрымліваецца дынамікай унутранага попыту
2023.10.23 13:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў