Жыхарка Іванава распавяла, як сілавікі стрэлілі ў ейнага сабаку, пагражалі ў РАУС і здзекаваліся з дачкі


У Іванаве Берасцейскай вобласці 14 чэрвеня 2022 года адбыўся рэйд сілавікоў сярод мясцовых жыхароў. У той дзень затрымалі Алену Пуцыковіч, а ў ейным двары сілавікі стрэлілі ў сабаку гумаваю куляй, моцна параніўшы жывёліну. Пасля ад’езду жанчыны з краіны міліцыянты працягнулі ціснуць на ейную 15-гадовую дачку. Цяпер спадарыня Алена і ейныя блізкія выехалі з Беларусі. Партал «Зеркало» распавядае гісторыю сямʼі.

Алена Пуцыковіч.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Іванаве Алена Пуцыковіч жыла ў прыватным доме з сям’ёй, у двары жыў вялікі сабака, аўчарка. У той дзень, калі прыйшлі сілавікі, жанчына з ночы адчувала сябе кепска, раніцаю выклікала хуткую, а пасля ад’езду медыкаў прылегла. Каля 10:00 пачула брэх сабакі, а потым стук у дзверы: «Адчыняйце, міліцыя».

У міліцыянтаў была пастанова на ператрус праз тое, што жанчына нібыта злівала звесткі міліцыянтаў. Па паводзінах сілавікоў жанчына зразумела, што гэта ГУБАЗіК. Адзін з іх у цывільнай вопратцы, шлеме, бронекамізэльцы і са стрэльбаю трымаў сабаку пад прыцэлам, пакуль спадарыня Алена не выйшла, і запатрабаваў прыбраць жывёліну.

Не прайшло і хвіліны, як той чалавек ужо стрэліў у сабаку. У той час удома была 15-гадовая дачка спадарыні Алены, якая ў суправаджэнні сілавіка перанесла параненага сабаку ў вальер. У доме тым часам ішоў ператрус. Сілавікі забралі тэлефоны, ноўтбук, але працягвалі ўсё выварочваць з шафаў, на верандзе перавярнулі мэблю – нібыта прыйшлі, каб як мага больш нагадзіць, кажа жанчына:

«Потым запатрабавалі разблакаваць усе тэлефоны – «інакш разнясём усё ўшчэнт, нават кафлю на падлозе, і напішам, што было падазрэнне на захоўванне наркотыкаў». Я разблакавала ўсю тэхніку».

Самой Алене Пуцыковіч ізноў стала блага, яна выклікала хуткую праз высокі ціск. Але доктар, які прыехаў, не стаў надаваць ёй неабходнай дапамогі: «Сказаў, можа, я спецыяльна ўсе службы выклікала. Ягоныя калегі настойвалі, што мне трэба шпіталізацыя, а ён для гэтага прычынаў не бачыў». Але жанчына не магла пакінуць дачкі, таму падпісала адмову.

Пазней сілавікі ўсё ж дазволілі выклікаць сабаку ветэрынара, але праапераваць мясцовыя дактары яго не маглі, таму скіравалі ў Пінск. Лячэнне, якое спатрэбілася пасля стрэлу, сям’я аплачвала сама.

Сабака Алены Пуцыковіч пасля аперацыі. Крыніца: news.zerkalo.io

Алену Пуцыковіч павезлі ў РАУС, па дарозе ў аддзел яе абражалі, а на месцы супрацоўнікі ГУБАЗіКу пагражалі:

«Яшчэ ў машыне казалі: «Мы вас ненавідзім. Вы ўсе здраднікі, працуеце на Польшчу. Дзяржава вам усё дала, раз у вас такі катэдж». У РАУС мяне сустрэў супрацоўнік берасцейскага ГУБАЗіКу – нервовы, раздражнёны. Чытаў маё ліставанне і казаў: «Мусар’ё? Усё, табе п***а. Я табе зашыю матку». У кабінеце ўчастковага ён схапіў мяне за куртку: можа, напалохаць хацеў. Я паглядзела яму ў вочы – ён адпусціў. Ім чамусьці не падабаецца, калі глядзіш ім у вочы. Некаторыя проста крычалі: «Не глядзі на мяне! Глядзі ў падлогу! Глядзі ўбок!» Потым мяне завялі ў кабінет, дзе сядзела мая сяброўка. Як яна потым расказала, ёй надзявалі кайданкі ўдома проста пры непаўналетніх дзецях. З рукамі за спінай яна праседзела на допыце каля пяці гадзінаў, у яе спрабавалі атрымаць пароль ад Telegram. А гэты губазавец пагражаў ёй, што забярэ да сябе і «пасадзіць на бутэльку». Пры гэтым побач сядзеў участковы і не сказаў ні слова. Мабыць, яны ГУБАЗіКу баяцца яшчэ больш за нас».

Утой жа дзень у РАУС прывезлі і дачку спадарыні Алены. У інспекцыі ў справах няпоўнагадовых (ІСН) сказалі , што ГУБАЗіК даў указанне паставіць дзяўчынку на ўлік, але ніякіх падставаў для гэтага не агучыў, таму супрацоўніца адмовілася гэта рабіць. Саму жанчыну з прычыны кепскага самаадчування з дачкой у той дзень адпусцілі дадому.

Назаўтра прыехаў муж Алены Пуцыковіч і адвёз яе ў шпіталь, дзе ёй надалі медычную дапамогу і правялі аперацыю. Аднак праз рызыкі затрымання жанчына была вымушаная ўцякаць проста з лякарні:

«Пакуль мяне не было ўдома, прыязджала міліцыя, пытала пра мяне. Адзін раз з’явіліся з ператрусам – супрацоўнікі СК і крымінальнага вышуку пры падтрыманні АМАПу. Шукалі мяне па ўсім доме, нават з цеплавізарам, у цяпліцах».

У канцы жніўня сілавікі і супрацоўніца ІСН зноў прыходзілі да Пуцыковічаў, тады пацярпела 15-гадовая дачка. Міліцыянт пагражаў, што яшчэ раз стрэліць у сабаку. Калі дзяўчынка папрасіла паказаць пасведчанне, яны гэтага не зрабілі. Ёй сказалі, што паступіла інфармацыя, нібыта яна жыве адна без дарослых. Дачка патлумачыла, што тата з’ехаў у справах, але яна застаецца пад наглядам бабулі.

Дачка Алены Пуцыковіч з пацярпелым сабакам. Крыніца: news.zerkalo.io

Пасля чалавек ва ўніформе стаў патрабаваць паказаць яму тэлефон, але дзяўчынка адмаўлялася, бо мінулым разам на ператрусе яго забралі. Ён увесь час паўтараў: «Я буду рабіць усё, што захачу». Казаў, што дзяўчынку забяруць у міліцыю ці ў прытулак, калі яна не аддасць тэлефона. Кішэняў у яе не было, таму яна схавала прыладу ў ніжнюю бялізну, але міліцыянт палез туды і выхапіў гэты тэлефон. Моцна схапіў яе за рукі, заламаў іх і, карыстаючыся безабароннасцю, прыклаў палец дзяўчынкі, каб разблакаваць экран.

«Ён патрабаваў паказаць нашае ліставанне, напісаць мне, каб я сфатаграфавалася з пашпартам і сказала, у якой краіне цяпер. Казаў, што цяпер тэлефон «разабʼецца», «неспадзявана ўпадзе». Ударыў маю дачку па твары, шпурнуў у яе тэлефон. Удар быў такой сілы, што яна некаторы час адным вухам нічога не чула. Абзываў яе «п*****чка малалетняя, с**а, борзая». Яна чула гэтыя словы ў свой адрас ад чалавека, які называў сябе супрацоўнікам міліцыі!» – кажа спадарыня Алена.

Паводле жанчыны, гэтыя людзі пайшлі, калі дадому прыехала бабуля. Пасля дзяўчынка шэсць дзён правяла ў шпіталі. У яе было падазрэнне на страсенне мазгоў, боль у вобласці ручыцы. Пра ўсё падлетак расказала дактарам – тыя паведамілі ў міліцыю. Аднак сілавікі дасталі дзяўчынку і там. Яны спрабавалі яе запалохаць, што яна павінная даць паказанні, быццам нічога не здарылася, расказвалі, што такое паклёп, якое пакаранне за ілжывыя паказанні. Пасля гэтага дзяўчынцы стала горш.

Алена Пуцыковіч абураная тым, што здарылася, не разумее, чаму медыкі ў шпіталі пусцілі пасярод ночы да непаўналетняй у палаце без бацькоў пабочных асобаў. Жанчына мяркуе, што ўсё гэта спробы пераследу і ціску.

Пуцыковічы ў пачатку восені звярнуліся ў міліцыю і пракуратуру, каб там зладзілі правяранне па факце здарэння з дзяўчынкаю. На неправамерныя дзеянні гвалтоўнага характару міліцыянта ім адказалі, што той дзеяў «як трэба». Пасля дзяўчынка распавядала, як следчы сказаў, што ў яе буйная фантазія. У выніку сям’і даслалі адказ, што правяранне прыпынілі, бо яны не атрымалі заключэння экспертызы.

Адказ, які атрымала Алена Пуцыковіч ад Следчага камітэту. Крыніца: news.zerkalo.io
Артыкулы
Як у Беларусі катуюць палітвязняў. 10 гісторыяў пра нечалавечае стаўленне
2022.06.21 12:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў