«З новага – забаранілі смартфоны». Як у Беларусі праходзіць немабілізацыя


Улады запэўніваюць, што аніякай мабілізацыі не ладзяць, але масава правяраюць вайсковаабавязаных, рэзервістаў выклікаюць на зборы, а днямі пачнецца адпраўка хлопцаў на тэрміновую службу. Праз недавер да ўладаў, мабілізацыю ў суседняй Расеі, вайну ва Украіне і прыбыццё ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў «усе ў напружаным стане». «Белсат» паразмаўляў з беларусамі, якія сутыкнуліся з армейскай сістэмай.

Зборы вайсковаабавязаных у 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры. Барысаў, Беларусь. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Размовы пра магчымасць мабілізацыі ў Беларусі пачаліся пасля прызыву рэзервістаў у Расеі. Аляксандр Лукашэнка двойчы публічна заявіў, што ў нашай краіне яе праводзіць не збіраюцца, аднак даручыў праверыць усіх вайсковаабавязаных «без гвалту і шуму».

Адначасова Міністэрства абароны Беларусі адсправаздачылася пра ўмацаванне аховы дзяржаўнай мяжы, не ўдакладніўшы, на мяжы з якімі краінамі прымаюцца гэтыя захады. Вайсковыя аналітыкі мяркуюць, што гаворка ідзе акурат пра граніцу з Украінай. Таму існуе пагроза, што рэзервістаў ці салдатаў тэрміновай службы дашлюць менавіта туды.

«Забралі на зборы для перападрыхтоўкі»

Жыхара аднаго з райцэнтраў, што працуе ў банку, сёння забіраюць на зборы дзеля перападрыхтоўкі, распавяла «Белсату» ягоная знаёмая.

«Служыў у спецназе ў Марʼінай Горцы. У ваенкамат не хадзіў, па тэлефоне сказалі адразу прыбыць на зборы для перападрыхтоўкі: маўляў, як і летась. Летась таксама ездзіў на два тыдні, і цяпер едзе са спакойнай душою. Тэлефоны мінулым разам у іх забіралі, не ведаю, як цяпер будзе», – сказала жанчына.

У іншай суразмоўцы «Белсату» сваяк праходзіць тэрміновую службу ў Віцебску, ён дэсантнік.

«Былі месяц на мяжы з Украінай: з канца лютага да канца сакавіка. Распавядаў, што хадзілі ў лес на тэрыторыю Украіны па дровы, такія ўказанні давалі камандзіры. Цяпер іх зноў дасылаюць з часткі на граніцу. Тэлефоны забіраюць, – кажа дзеўчына і дадае: – У нас у горадзе ўсе ў напружаным стане».

Hавiны
«Наша ніва»: У Беларусі прынятае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі
2022.10.13 22:50

Жыхарка аднаго з абласных гарадоў распавяла «Белсату», што ейнага мужа забралі на зборы 11 кастрычніка, паабяцалі, што на 25 дзён.

«Ён кіроўца. Сказалі, што на 25 дзён, але, калі што якое, зборы будуць працягнутыя. Ён не занадта далёка ад дому, прыкладна 100 кіламетраў. З незвычайнага – забаранілі карыстацца тэлефонамі. А так гэта ўжо другія зборы, першыя былі сем гадоў таму», – успамінае жанчына.

«Упершыню пазванілі з ваенкамату»

Што праўда, як кажуць чытачы «Белсату», часам ад збораў можна адбрахацца. У ваенкаматах, бывае, пытаюцца, ці ёсць жаданне паўдзельнічаць, і калі распавесці пра нейкія абставіны, аддаюць вайсковы білет і адпускаюць.

«Дасылалі позвы проста на працу. Прыйшоў. Спыталі, ці хачу? Я адказаў, што не, назваў абставіны сямейныя. Цётачка аказалася выключна ветлівая і сказала, што, хутчэй за ўсё, пайду ў рэзерв, але на пачатку кастрычніка сказалі зʼявіцца ў ваенкамат з рэчамі. У той дзень нас сабралі ў актавай зале. Людзі былі розных прафесіяў, узрост 35–52 гады. Назбіралі амаль аўтобус, завезлі ў Мачулішчы, прыйшоў чалавек, забраў 14 асобаў. Казаў, трэба адпаведных прафесіяў. Далей праседзелі гадзіны тры і паехалі дадому. Сказалі: у рэзерв, і далі мабілізацыйнае прадпісанне», – расказаў чытач «Белсату».

Hавiны
«Шмат людзей забралі на зборы». Звесткі пра прыхаваную мабілізацыю прыходзяць з усёй Беларусі
2022.10.15 21:40

Здаецца, самы лёгкі варыянт пазбегнуць збораў – эміграцыя. Прынамсі, так мяркуе жанчына, сваяк якой цяпер за мяжою.

«Майму сваяку, які жыве цяпер у Польшчы, тэлефанавалі з ваенкамату з Менску. Ён адказаў, што ў роўмінгу і паклаў слухаўку. Раней такога не было, гэта ўпершыню. І ўсё, пакуль цішыня», – сказала чытачка «Белсату».

Позвы на ягоны адрас паводле менскай прапіскі не прыходзілі.

«Свядомыя пачалі баламуціць грамадства»

Напярэдадні газета «Мінская праўда» апублікавала інтэрвʼю з вайсковым камісарам Менскай вобласці Ігарам Тарабешам. Ён запэўніваў, што нічога надзвычайнага не адбываецца і мабілізацыя не праводзіцца.

«Штогод – увесну і ўвосень – ладзіцца прызыў на тэрміновую службу і службу ў рэзерве. Нічога не змяняецца. Так склалася, што цяпер разгорнутая супольная рэгіянальная групоўка Беларусі і Расеі. Праз тое, што гэты момант супаў з пачаткам прызыўной кампаніі, некаторыя свядомыя пачалі баламуціць грамадства, наводзіць цень на пляцень, каб людзі запанікавалі. Апазіцыйна настроеныя СМІ толькі і робяць, што правакуюць людзей», – упэўнены палкоўнік.

Адначасова ваенкаматы актуалізуюць звесткі пра ўсіх вайсковаабавязаных – альбо выклікаюць на месца, альбо штосьці ўдакладняюць па тэлефоне. Тарабеш сцвярджае, што такая работа праводзіцца штогод згодна з планамі праверак вайсковага ўліку.

Аб’ектыў
Як выглядае прыхаваная мабілізацыя?
2022.10.19 22:48

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў