«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?


Уладзімір Пуцін вядзе гібрыдную вайну з Захадам рукамі Аляксандра Лукашэнкі ці беларускі рэжым самастойна атакуе суседзяў міграцыйным крызісам? Як можна развязаць гэты крызіс? Глядзіце сюжэт праграмы «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою. Каментуюць эксперты з Беларусі, Расеі, Польшчы ды Літвы.

4 тысячы спробаў нелегальнага мінання мяжы перадухіліла Польшча ў верасні. Гэта больш, чымся за мінулы месяц. Прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі на адмысловай прэсавай канферэнцыі зазначыў, што ў Беларусі перабываюць мінімум 10 тысяч мігрантаў, якія будуць надалей спрабаваць трапіць у Еўразвяз. Дзе ж аўтары сцэнара, паводле якога мігранты вось ужо трэці месяц штурмуюць з тэрыторыі Беларусі межы Еўразвязу: у Менску ці ў Маскве?

Hавiны
«Foreign Policy»: Расея разам з Беларуссю выкарыстоўвае мігрантаў як зброю
2021.09.21 10:46

«Рэальных сведчанняў таго, што за гэтым стаіць Расея, няма. З досведу ранейшых выпадкаў, калі задзеяная міжнародная інфраструктура ў такіх аперацыях, звычайна ёсць след расейскі, мы гэта бачылі ў сітуацыі з Пратасевічам. (…) Тут калі задзеяныя такія кантакты і далёкія краіны, прычым дзе ў нас няма дастаткова сур’ёзнага ўплыву, можна падазраваць з дастатковай верагоднасцю, што ёсць пэўная дапамога Расеі», – мяркуе Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Гібрыдна атакаваць Захад – на руку Пуціну, перакананы расейскі палітычны каментатар Андрэй Піянткоўскі. Асабліва калі можна гэта рабіць не сваймі рукамі, а рукамі свайго сатрапа.

«Штодня самалётамі, чартарнымі рэйсамі кідаюцца з Блізкага Усходу адабраныя расейскімі спецслужбамі персаналіі. Безумоўна, большасць з іх належыць да экстрэмісцкіх тэрарыстычных арганізацыяў. І рукамі Лукашэнкі яны кідаюцца ў Польшчу ды краіны Балтыі. Гэта сур’ёзнае павышэнне градусу гібрыднай вайны», – кажа Андрэй Піянткоўскі.

Падаецца, аднак, за міграцыйным крызісам можа стаяць сам Лукашэнка, без крамлёўскага хаўрусніка. Матывацыя простая: адпомсціць тым краінам, якія падтрымалі дэмакратычны выбар беларусаў, і паказаць Захаду цану канфрантацыі з менскім дыктатарам.

Каментуе Лаўрынас Ёнавічус, Цэнтр даследавання Усходняй Еўропы, Літва:

«Пакараць Літву ды іншыя краіны, Польшчу, за тое, што яны самыя актыўныя ў распрацоўванні еўрапейскай палітыкі ў дачыненні Беларусі, і яны хочуць, каб палітыка была як мага больш жорсткая».

Гібель трох мужчынаў на польскім баку мяжы ды адной жанчыны на беларускім павышаюць стаўкі гуманітарнага крызісу. Лукашэнку гэта відавочна не спыніць. Ужо вядома, што два аэрапорты пры самой мяжы з Польшчаю, у Горадні і Берасці, стануць міжнароднымі. Таксама Беларусь пашырыла спіс краінаў, грамадзяне якіх могуць скарыстацца бязвізам, каб трапіць у Беларусь. Гаворка зноў пра краіны Блізкага Усходу і Афрыкі. То бок мігранты змогуць прызямляцца бліжэй да польскай ці літоўскай межаў.

Аб’ектыў
4 смерці ля беларускай мяжы
2021.09.20 23:31

«З пункту гледжання ацэнкі дзеянняў улады Беларусі, гэта шантаж, ён шантажуе Еўрапейскі Звяз гуманітарным крызісам, смерцю людзей, чужых людзей. Шантажуе, бо грае на каштоўнасцях, якія дэкларуе Еўрапейскі Звяз, грае на эмоцыях выбарнікаў, людзей, прэсы», – мяркуе Андрэй Ягораў.

Акрамя надзвычайнага стану, які ўвялі на памежнай тэрыторыі Польшчы, на вонкавую мяжу Еўразвязу скіроўваюцца дадаткова паўтысячы вайскоўцаў, зазначае міністр унутраных справаў Мар’юш Каміньскі. Раней мяжу ахоўвалі дзве тысячы памежнікаў, якім дапамагала такая ж колькасць вайскоўцаў. Мэты гібрыднай агрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць заходніх суседзяў наступныя.

Каментуе Вітальд Рэпэтовіч адмысловец у Блізкім Усходзе, партал Defence24.pl, Польшча:

«Палярызацыя і падзел грамадскай думкі. Падрыў даверу да інстытуцыяў гэтай дзяржавы, да арміі, паліцыі, памежнай службы і кампраметацыя дзяржавы, якая не можа даць рады з аховаю мяжы ЕЗ».

Лукашэнка далёка не першы аўтарытарны палітык, які выкарыстоўвае мігрантаў у сваёй палітычнай гульні.

«Такую палітыку Лукашэнка не сам выдумаў. У вялікай меры капіюе тое, што рабіў Эрдаган. Нагадаю, што падчас міграцыйнага крызісу ў 2015 і 2020 гадах Эрдаган атрымаў значныя грошы ад Еўразвязу на ўцекачоў, якія трапілі ў Турцыю. (…) Эрдаган выгандляваў маўчанне пра крывавую расправу над курдамі. І Лукашэнка хоча атрымаць ад Еўразвязу тое самае, атрымаць зялёнае святло на расправу з апазіцыяй», – працягвае Вітальд Рэпэтовіч.

Розніца ў тым, што ў Турцыю ўцекачы траплялі з суседняй Сірыі, ахопленай вайной, а ў Беларусь іх запрасіў беларускі рэжым. Адказ Еўропы просты: ударыць рублём. Брусель плануе пашырыць эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Гэта не ўсё, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі. Час задзеяць міжнародныя судовыя механізмы ў дачыненні беларускіх службоўцаў розных узроўняў. Дзеянні чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі і камандавання памежнікаў ужо прывялі да людскіх ахвяраў.

Андрэй Ягораў:

«Цяпер і пасля інцыдэнту з самалётам гэта першы крок інтэрвенцыі ў прастору міжнародных нормаў: і з міграцыйным крызісам, і ўскоснае забойства людзей, яны і далей могуць паміраць. Гэта ўжо міжнароднае крымінальнае злачынства. У гэтых справах мы ўжо можам ініцыяваць такія працэсы і карыстацца такімі акрэсленнямі, як дзяржава-тэрарыст».

Выглядае, што Лукашэнка робіцца для Захаду больш таксічным, чымся Пуцiн.

«Ён бярэ на сябе самую брудную працу. Пуцін не хоча сябе пазіцыянаваць Захаду як тэрарыст, арганізатар тэрарыстычных атак на еўрапейскія дзяржавы. Гэтую ролю ён адводзіць Лукашэнку. Вось, за гэтыя дзве саступкі, якія поўнасцю задавольваюць Крэмль, пераўтварэнне Беларусі ў суцэльную вайсковую базу і ўдзел Лукашэнкі ў самых брудных сюжэтах у гібрыднай вайне супраць Захаду, Лукашэнку дазволена заставацца кіраўніком беларускай дзяржавы», – лічыць Андрэй Піянткоўскі.

Беларусь не патрэбная Пуціну як чарговая губерня, зашмат праблемаў. Куды больш карысней мець пад кантролем нібыта суверэнную дзяржаву на мяжы з Еўразвязам. А фактычна шэрую зону, падобную да ДНР ці ЛНР. Так прасцей праводзіць гібрыдныя аперацыі, якія яшчэ больш адсоўваюць Беларусь ад Захаду. Першыя ахвяры гэтага канфлікту ўжо замярзаюць у памежных лясах і балотах.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

ПраСвет
Пуцін вядзе гібрыдную вайну рукамі Лукашэнкі? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2021.09.23 22:35

Калаж на прэв’ю: Alexei Nikolsky / TASS / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum; KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Стужка навінаў