Мянчук адабраў бчб-сцяг у пратэстоўцаў, сфатаграфаваўся з ім за тры бутэлькі каньяку і атрымаў 15 содняў


34-гадовага жыхара Менску Максіма Шэўчыка арыштавалі за фотаздымак у фэйсбуку з беларускім нацыянальным сцягам. Яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фотаздымак, на якім Шэўчык трымае ў руках бел-чырвона-белы сцяг, міліцыянты знайшлі на ягонай старонцы ў фэйсбуку. Па словах мужчыны, ён паспрачаўся з сябрамі на тры бутэлькі каньяку «Hennessy», што выкладзе фота з бчб-сцягам на два месяцы ў фэйсбуку. Мужчына прызнаў сваю віну і растлумачыў суддзі, што фота зрабіў яшчэ 14 чэрвеня. Максім сцвярджае, што сцяг яму наогул не належыў, бо забраў яго ў пратэстоўцаў:

«Сцяг я адабраў у бэчэбэшнікаў, якія праходзілі каля нас з маршам. Ён быў для мяне трафеем, а потым я яго парваў і спаліў. Я фатаграфаваўся там, дзе не было людзей, мы спецыяльна адышлі, каб нас ніхто не бачыў з гэтай парашай, прабачце, з гэтым сцягам».

23 верасня суддзя Таццяна Шоцік вярнула справау Шэўчыка на дапрацоўку, а 24 верасня суддзя Юлія Шут прызнала мужчыну вінаватым паводле арт.24.23 КаАП РБ («Парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах») і пастанавіла арыштаваць менчука на 15 содняў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў