«Карагодная справа»: у Берасці суды ідуць ужо 8 месяцаў


Сёння, 24 верасня, у судзе Маскоўскага раёну Берасця пачалі працэс над восьмаю групай у «карагоднай справе». Судзіць Марыя Аліфярук.

Вінавацяць шасцёх асобаў: Алега Кулеша (яго прывозяць на суд з СІЗА), Сяргея Кунцэвіча, Ганну Кашырскіх, Дзмітрыя Макарэвіча, Таццяну Пякарскую і Мікіту Дзмітрыева. Гэта самая малая група ў «карагоднай справе».

«Працэс пачаўся спакойна, мы на судзе толькі назвалі сябе, пачаўся перапынак. Пакуль гэтая машына не спыняецца ды рухаецца далей, збіраюцца дзявяты і дзясяты сезоны. Пакуль, на жаль, мы ў такой сітуацыі. Так, у нас самая маленькая група, але гэта нічога не значыць: людзей шукаюць, яны сабралі яшчэ дзве групы», – кажа ў размове з «Белсатам» Таццяна Пякарская.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

У любой з гэтых групаў мог апынуцца берасцеец Ілля Сіліч, моцна збіты падчас адной з акцыяў. Мужчына здолеў уцячы за мяжу:

«На жаль, «карагодную справу» на мяне так і не завялі, нават крыху крыўдна, бо ў маім паслужным спісе – дзве крымінальныя справы. Тады, 13 верасня, падчас карагоду я быў у цэнтры падзеяў. Карагод распачаўся знянацку: людзі стаялі і спрачаліся, у якім кірунку ісці, з калонкі гучала музыка, і людзі раптам запусцілі карагод. Без нейкай каманды, прапановы, проста калектыўнае бессвядомае, атмасфера свята непаслухмянасці. Вадамёт пад’ехаў знянацку, я якраз адышоў на ходнік».

Умомант свята ператварылася ў жах. Пачаўся разгон. Вадамёт у Берасці тады выкарысталі ўпершыню.

«Людзі мірна танчылі ў святочнай атмасферы, былі і дзеці, і шарыкі. І раптам гэты вадамёт наляцеў на нас, нібы мы футбольныя фанаты, якія нішчаць крамы. Мы разбегліся, бо за вадамётам высадзіўся АМАП і пачаў хапаць людзей. Я схаваўся ў падʼезде, памятаю, як бусікі без апазнавальных знакаў, як шакалы, ездзілі па дварах і хапалі людзей. Гэта ўжо была атмасфера фільмаў, дзе гестапаўцы палююць на габрэяў», – кажа Ілля Сіліч.

Карагоды на пратэстах у Берасці. 13 верасня 2020 года.
Фота: Следчы камітэт

У «карагоднай справе» на сёння асудзілі 81 чалавека. Сумарна прысудзілі 66,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») і 63,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»), а таксама 7 гадоў і 7 месяцаў калоніі. Агулам выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да берасцейскага карагоду, 108 з іх пачулі абвінавачанні.

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.

Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі ды апытвалі берасцейцаў.

У судзе Маскоўскага раёну пачалі судзіць пятую групу ў гэтак званай карагоднай справе. Працэс вядзе Яўген Брэган. Гэтым разам судзяць 13 асобаў: Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Алена Лойка, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Андрэй Аніскевіч, Ілля Палхоўскі, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў, Аляксандр Храпко, Галіна Чугунова. Берасце, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Сабралі ўсе прысуды ў «карагоднай справе»

Выракі першай дзясятцы агучыў Святаслаў Каліна ў судзе Ленінскага раёну Берасця. 25-гадовая настаўніца замежных моваў Марына Глазава (першая ў гэтай справе апынулася ў СІЗА) і Яраслаў Ярашук атрымалі па 1,5 года «хатняй хіміі», 20-гадовая студэнтка філфаку БДУ Марына Сірэцан – 1 год. Яшчэ семярым удзельнікам працэсу прысудзілі «хімію»: Мікалаю Федарэнку, Яўгену Калпачыку, Аляксею Якубуку, Віктару Дзенісенку і Віталю Літвіну – па 1,5 года, Максіму Жараву і Вадзіму Варановічу – па 2.

Працэс над другім дзясяткам вёў Дзмітрый Шурын, суддзя Ленінскага раёну. Ён прызначыў калонію з агульным рэжымам тэрмінам на 1 год і 8 месяцаў Дзмітрыю Буневічу і 1,5 года Аляксею Арцецкаму. Два гады «хіміі» атрымалі Дзмітрый Абрамук і Павел Брух, 1,5 года «хіміі» – Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатынік, а Генадзь Місюта – 1,5 года «хатняй хіміі».

Абвінавачанне трэцяй групе вынесла суддзя Маскоўскага раёну Іна Клышпач: Алене Гнаўк, Марыі Скакавец, Васілю Чарнецкаму – 2 гады «хатняй хіміі»; расейцу Данілу Чамаданаву – 1 год калоніі агульнага рэжыму; Сяргею Наліўку, Кірылу Луду, Уладзіславу Навіцкаму, Віктару Лабку і Радзівону Кандрацюку – 2 гады «хіміі»; маці і дачцэ Алене і Вікторыі Лысковіч – 1,5 года «хіміі»; Юрыю Чубырку, Валянціне Жукоўскай і Людміле Луцкай – 1,5 года «хатняй хіміі».

Суддзя Сяргей Маручак у судзе Берасцейскага раёну 8 чэрвеня агучыў выракі чацвёртай групе фігурантаў берасцейскай «карагоднай справы». Раман Дземідовіч, Марына Дарашук, Святлана Марчук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук атрымалі 1,5 года «хатняй хіміі»; муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко – па 1,5 года «хіміі» і «хатняй хіміі» адпаведна; пружанскі паэт і пчаляр Мікалай Папека – 2 гады «хіміі»; палітзняволены сын Арсень і бацька Яўген Сінякі – па 2 гады «хіміі». Палітзняволеная 34-гадовая Вольга Глушань – 1,5 года «хатняй хіміі», палітзняволены 46-гадовы Раман Яхін – 2 гады «хатняй хіміі».

3 чэрвеня ўсудзе Маскоўскага раёну суддзя Яўген Брэган агучыў вырак пятай групе: Аляксандр Храпко – 1 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму; Ілля Палхоўскі – 2 гады «хіміі»; Андрэй Аніскевіч – 1,5 года «хіміі»; Алена Лайко, Галіна Чугунова – па 2 гады «хатняй хіміі»; Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Дзмітрый Курганаў, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў – 1,5 года «хатняй хіміі».

У судзе маскоўскага раёну сёння прагучыць прысуд па пінскай справе. На агалошанне зноў не пусцілі частку людзей і незалежных журналістаў. Берасце, Беларусь. 30 красавіка 2021 года.
Фота: МХ / Белсат

Шостая група, суд Маскоўскага раёну, суддзя Вера Філонік. 2,5 года калоніі прызначылі бацьку траіх дзяцей Ігару Лаптановічу, ягонай жонцы Юлію – 3 гады «хатняй хіміі». 3 гады «хіміі» далі Андрэю Касцюку, 2,5 года «хіміі» – Наталлі Шыле і Уладзіміру Макарэвічу. Астатнім фігурантам – Таццяне і Аляксею Біруковым, Арцёму Андрасюку, Дар’і Дзямʼянцы, Канстанціну Пяцінкіну, Сяргею Дзягцярыку і Андрэю Парфееўцу – прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» кожнаму.

30 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Берасця прагучаў вырак сёмай групе фігурантаў у межах «карагоднай справы». Тэрміны, вынесеныя суддзём Дзмітрыем Куроўскім, не адрозніваюцца ад тых, што запрасілі дзяржаўныя абвінаваўцы Аляксандр Бацюшка і Міхаіл Юшчук. Канстанцін Свідуновіч, Сяргей Канановіч, Аляксандр Жук, Глеб Нікановіч, Ігар Сямыкін атрымалі 1,5 года «хіміі». Кацярына Бровач, Юрый Сацюк – 1,5 года «хатняй хіміі». Арцёму Ласкаму прысудзілі 2 гады «хіміі», пенсіянеру Віктару Астрошку – 2 гады «хатняй хіміі». Іллю Ягораву інкрымінавалі яшчэ адзін артыкул КК («Зацятае хуліганства») і далі 2,5 года «хіміі», Данілу Дзяткоўскага паводле таго ж артыкулу пакаралі двума гадамі «хіміі». Ігару Вінакураву суд даў 2,5 года «хіміі» (уключна з прысудам на 1,5 года «хіміі» паводле «карагоднай справы»).

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў