«Апорныя кропкі каляровай рэвалюцыі». Пра што гаварылі Карпенка і Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце


24 жніўня ў Менску адбылося паседжанне Рэспубліканскага педсавету – «самага маштабнага і значнага форуму для ўсёй сістэмы адукацыі», як яго назвалі ў афіцыйнай прэсе. «Маштабныя» і «значныя» заявы на форуме гучалі з вуснаў міністра адукацыі Ігара Карпенкі і Аляксандра Лукашэнкі, які выступаў на педсавеце. Вось 8 галоўных цытат.

Аб апорных кропках каляровай рэвалюцыі

«…паўлегальныя прыватныя дзіцячыя сады і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб’яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорнымі кропкамі для каляровай рэвалюцыі, а іх супрацоўнікі і кіраўнікі апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню» (Ігар Карпенка).

Фота носіць ілюстрацыйны характар. У межах свята «канікулы з Богам» на тэрыторыі касцёла супрацоўнікі РАУС давалі дзецям патрымаць зброю і здаць адбіткі пальцаў. Шчучын, Беларусь. 20 жніўня 2021 года. Фота:: dzyannica.by

Аб узаемадзеянні школ з арміяй і МУС

«Цяпер вельмі важна не дапусціць уцягвання дзіцяці ў злачынную, экстрэмісцкую і іншую супрацьпраўную дзейнасць, апярэдзіць неабдуманыя крокі дзяцей і моладзі… у гэтым плане добра зарэкамендавалі сябе формы ўзаемадзеяння ўстановаў адукацыі з вайсковымі часткамі, структурамі МУС, установамі аховы здароўя, культуры і спорту, грамадскімі арганізацыямі. Такое ўзаемадзеянне будзем умацоўваць». (Ігар Карпенка).

Пра «абнаўленні» падручнікаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

«Сфармаваныя два аўтарскіх калектывы для распрацоўкі абноўленых навучальных дапаможнікаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для школ і ВНУ. Іх змястоўнае напаўненне будзе ажыццяўляцца пры ўдзеле студэнтаў гістарычных факультэтаў рэгіянальных універсітэтаў і галоўнай педагагічнай ВНУ краіны. Адпаведны загад міністра ўжо падпісаны». (Ігар Карпенка).

Апошняя размова пра падручнікі

«А што сёння? Прэтэнзіяў да сучасных падручнікаў па-ранейшаму шмат. У тым ліку і з боку вас, практыкуючых педагогаў. Так быць не павінна. Эксперыменты з падручнікамі мусяць быць спыненыя. І вас, настаўнікаў у тым ліку, заклікаю: давядзіце да розуму тое, што напісана, і тады ўжо будзеце даваць справаздачу. Спадзяюся, што на маім узроўні размова пра падручнікі апошняя». (Аляксандр Лукашэнка).

Аб навядзенні парадку ў школе, «чаго б гэта нам ні каштавала»

«Гэта маё непахіснае патрабаванне як чалавека, які свае першыя крокі рабіў у школе – сельскім настаўнікам. Школа – гэта храм. І туды трэба прыходзіць як у храм. Парадак і дысцыпліна ў гэтым храме залежаць не толькі ад вернікаў, але і ад тых, хто адказвае за стан гэтага храма, гэта значыць настаўнікаў… Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала. Я б нават сказаў больш: выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе». (Аляксандр Лукашэнка).

Пикет учителей
Фота носіць ілюстрацыйны характар. Удзельніцы акцыі падтрымкі сумленных настаўнікаў. Менск, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра тое, якая адна палітыка павінна быць у школе

«Пытанне, якое сёння, як кажуць, вісіць у паветры: ці мусіць школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна – дзяржаўная. Сцяг і гімн – дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэтую тэму». (Аляксандр Лукашэнка).

Падзяка «тым, хто не пахіснуўся»

«Шмат было выпрабаванняў. Гэта і пандэмія, якая стварыла стрэсавыя ўмовы і прымусіла на хаду перабудоўваць навучальны працэс. Гэта і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашых асобах усёй нашай педагагічнай грамадскасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой залежала шмат што». (Аляксандр Лукашэнка)

Аб ацэнцы за патрыятычнае выхаванне

«Якую ацэнку мы з вамі мусім паставіць сабе за патрыятычнае выхаванне дзяцей? Напэўна, да 10 мы з вамі не дацягваем. Пра гэта кажуць факты…». (Аляксандр Лукашэнка)

Адным з новаўвядзенняў у школах з 1 верасня, аб якім ужо вядома, стане вяртанне ваенрукоў і заняткаў па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы сярод школьнікаў.

Рэпартаж
Да тысячы рублёў: як сабраць дзіця ў школу і застацца з грашыма
2021.08.24 08:00

ЗК/МВ belsat.eu

Стужка навінаў