Праўладны канал пацвердзіў, што экс-кіраўнік ГУБАЗіКу выстраліў у падлетка ў ЖК «Каскад»


Газета «Наша ніва» 23 чэрвеня распавяла скандальную гісторыю пра сутычку экс-кіраўніка ГУБАЗіКу Андрэя Паршына са школьнікамі, у выніку якой сілавік атрымаў страсенне мозгу, а 16-гадоваму падлетку прастрэлілі нагу.

Інцыдэнт адбыўся ў ЖК «Каскад», дзе жыве сілавік. Паводле «НН», Паршын паспрабаваў разагнаць групу дзяцей і падлеткаў каля свайго пад’езду (наймаладзейшаму ў кампаніі было 11 гадоў), але атрымаў адпор ад 16-гадовага хлопца – той заявіў, што «яны жывуць у свабоднай краіне, і вольныя выбіраць лавачкі». У адказ на дзёрзкі тон, сцвярджае сведка, Паршын ударыў падлетка – у твар, па шыі. Але хлопец ударыў у адказ, і Паршын апынуўся на зямлі. Падняўшыся, дастаў зброю і стрэліў падлетку ў нагу. Супраць хлопца завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Хуліганства».

Афіцыйна ўлады сітуацыю не каментавалі. Але, паводле выдання «Медиазона», блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «ЖС Premium» пацвердзіў, што Паршын стрэліў у 16-гадовага падлетка. Канал апублікаваў таксама імя пацярпелага. Паводле «ЖС Premium», пісталет Паршына быў траўматычны, а рана нібыта не глыбокая.

Таксама аўтары каналу апублікавалі фота, на якім, як сцвярджаюць, адлюстраваны момант бойкі. Дзеянні Паршына адміністратары «ЖС Premium» апраўдваюць тым, што школьнікі на сілавіка нібыта нападалі, а 16-гадовы падлетак хацеў адабраць пісталет.

Паводле «НН», Паршына нядаўна прызначылі на генеральскую пасаду ў Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў