Чыгуначнікі паведамляюць, што з Беларусі ў Расею пачалі вывозіць боепрыпасы


Неафіцыйны тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў @belzhd_live паведамляе, што ў Беларусі пачалася пагрузка боепрыпасаў у крытыя вагоны для іх далейшага вывазу ў Расею.

Агулам на гэтыя мэты было зарэзервавана 100 крытых вагонаў першага класу бяспечнасці.

«Цяпер пагрузка вядзецца на многіх буйных артылерыйскіх базах узбраення і боепрыпасаў. Так, напрыклад, сёння ў ВЧ 67 878 (гэта 46-ты арсенал ракет і боепрыпасаў) у населеным пункце Бронная Гара вядуцца пагрузачныя работы.

Колькасць боепрыпасаў настолькі вялікая, што пагрузку ўласнымі сіламі арганізаваць не могуць і адкамандзіроўваюць вайскоўцаў з іншых падраздзяленняў на дапамогу», – сцвярджае @belzhd_live.

Пасля пагрузкі групы вагонаў накіроўваюць на станцыю Менскага чыгуначнага вузла, там іх «прычапляюць» да звычайных грузавых цягнікоў і адпраўляюць (маршрутам Менск – Ворша – Краснае – Смаленск) на станцыі прызначэння ў РФ.

Пацвярджэння гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма.

  • Учора, 23 чэрвеня, у Генштабе Украіны заявілі, што Беларусь можа перадаць Расеі ўзбраенне і ваенную тэхніку, знятую з захоўвання.
  • 24 чэрвеня МУС Беларусі абвесціў пра пачатак вучэнняў «Ахова і абарона абʼектаў на камунікацыях». У рамках вучэнняў унутраныя войскі возьмуць пад ахову чыгуначныя і аўтамабільныя масты. Раней, у лютым і сакавіку, па краіне пракацілася хваля дыверсіяў: беларусы псавалі чыгуначную інфраструктуру, каб перашкодзіць руху расейскай вайсковай тэхнікі праз тэрыторыю нашай краіны.
Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў