«Ник и Майк»: За тыдзень перад пажарам на Лукомскай ДРЭС былі яшчэ некалькі аварыяў на электрастанцыях


Ананімны Telegram-канал «Ник и Майк» звярнуў увагу на нестыкоўкі ў афіцыйнай версіі ўчорашняй аварыі на Лукомскай ДРЭС і заявіў пра ранейшыя аварыі, пра якія не паведамлялі публічна.

Лукомская ДРЭС. 19 верасня 2009 года.
Фота: Serge Serebro / Vitebsk Popular News / Wikimedia / CC BY-SA 3.0

Паводле афіцыйных паведамленняў, у выніку пажару на Лукомскай ДРЭС былі адключаныя восем энергаблокаў, а ўключаць у сетку плануюць толькі чатыры. «Ник и Майк» сцвярджае, што з васьмі энергаблокаў станцыі два былі на планавым рамонце, таму не маглі быць адключаныя ў момант аварыі, дый сістэма абароны ў такіх выпадках не мусіла б выводзіць усе энергаблокі разам. На думку аўтараў каналу, аварыя «выглядае рукатворна».

Hавiны
Праз пажар на Лукомскай ДРЭС значная частка Беларусі засталася без святла і вады
2021.06.24 00:09

«Ник и Майк» заяўляе, што за тыдзень перад гэтай аварыяй у Беларусі было яшчэ некалькі здарэнняў на электрастанцыях. Сцвярджаюць, што на падстанцыі «Менск-Усходняя» выбухнуў трансфарматар, які працаваў з 1975 года і ўдвая перапрацаваў належны тэрмін.

Прыводзяцца раздрукоўкі аператыўнай інфармацыі «Менскэнерга» пра адключэнне 17 чэрвеня на Менскай ЦЭЦ-3 (праз памылковы сігнал абароны выключаўся сілавы трансфарматар «Siemens», уведзены ў эксплуатацыю год таму) і 19 чэрвеня на МЦЭЦ-2 (праз разбурэнне абмежавальніка перанапружання адключыўся трансфарматар, уведзены ў эксплуатацыю сем месяцаў таму, сам жа абмежавальнік быў уведзены ў эксплуатацыю 11 гадоў таму). 23 чэрвеня, як сцвярджае канал са спасылкаю на раздрукоўку з «Белэнерга», на МЦЭЦ-4 давялося перавесці адзін з энергаблокаў на мінімальную нагрузку праз тое, што адарваўся вентыль на дэаэратары.

На асноўных электрастанцыях у 2020 годзе павялічылася колькасць выхадаў з ладу: 76 за 2020 год супраць 58 за 2019-ы, піша канал са спасылкаю на раздрукоўку пратаколу паседжання з удзелам першага намесніка гендырэктара «Белэнерга». Найбольш выходзіла з ладу абсталяванне на Бярозаўскай ДРЭС і Менскай ЦЭЦ-3 – па 18 выпадкаў за 2020 год (супраць 12 і 6 за 2019-ы), на Лукомскай ДРЭС за 2020 год было 11 здарэнняў.

Hавiны
«Мат, прыніжэнне, запалохванне». Як КДБ ціснуў на працаўнікоў ТЭЦ-2 за аўдыязапіс выступу гендырэктара «Горадняэнерга»
2021.06.22 13:22

Якія гарады і раёны пацярпелі 23 чэрвеня?

Начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Сяргей Мялешкін заявіў, што ад аварыі на Лукомскай ДРЭС не было цяжкіх наступстваў, бо ўсе службы аператыўна спрацавалі, пажар зліквідавалі, пацярпелых няма. Без святла, кажа ён, заставаліся людзі ў Аршанскім, Дубровенскім, Сенненскім і Талочынскім раёнах.

Аднак учора чытачы Telegram-каналу «Беларусь за МКАДом» паведамлялі, што перабоі з электрычнасцю і водазабеспячэннем былі ў Магілёве, Воршы, Жодзіне, Маладзечне і Шклове, Фрунзенскім раёне Менску, у Печах каля Барысава, у Негарэлым Дзяржынскага раёну.

TUT.by тлумачыў: Лукомская ДРЭС – найбуйнейшая электрастанцыя краіны, на яе прыпадае амаль траціна выпрацоўкі электрычнасці Беларусі (магутнасць усіх крыніцаў энергіі ў Беларусі – 8897,31 МВт, а адной Лукомскай ДРЭС – 2889,5 МВт, на момант аварыі там працавала абсталяванне на 1400 МВт). Ад Лукомскай ДРЭС энергія можа паступаць на падстанцыі ў Магілёў, Віцебск, Воршу, Полацк, Бабруйск і Менск.

АА belsat.eu

Стужка навінаў