Кангрэсвумен Сэра Джэйкабс: Лукашэнка – суўдзельнік у агрэсіўнай пуцінскай вайне ва Украіне


Мы пагаварылі з прадстаўніцаю Кангрэсу ад 53-й акругі Каліфорніі.

Сэра Джэйкабс – прадстаўніца Кангрэсу ад 53-й акругі Каліфорніі, што ў Сан-Дыега, ЗША. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Лукашэнка адказны за развязванне вайны ва Украіне? Рэжым Лукашэнкі ёсць суагрэсарам разам з Расеяй? Ці разглядаеце вы Лукашэнку ваенным злачынцам нароўні з Пуціным?

– Я думаю, цалкам зразумела, што Лукашэнка і ягоны ўрад – суўдзельнікі ў агрэсіўнай пуцінскай вайне ва Украіне. Мы ведаем, што Пуцін не здолеў бы адкрыць так шмат франтоў, не маючы магчымасцяў выкарыстоўваць Беларусь у якасці пляцоўкі для ўварвання. І Злучаныя Штаты працуюць над тым, каб падтрымаць усе міжнародныя расследаванні, якія праходзяць у справе ваенных злачынстваў, здзейсненых падчас вайны ва Украіне. І мы працягнем працаваць над тым, каб кожны, хто здзейсніў ваенныя злачынствы падчас вайны ў Украіне, зазнаў пакаранне. Адзін з законапраектаў, над якім я працую ў Кангрэсе, прысвечаны таму, каб Злучаныя Штаты змаглі даць максімальна магчымы ўзровень падтрымання міжнародным расследаванням, разам з тымі, над якім працуе Міжнародны крымінальны суд.

Адказнасць за вайну ва Украіне цалкам ляжыць на Уладзіміры Пуціне і ягоным рашэнні пачаць праз свой капрыз агрэсіўную вайну супраць Украіны. Але я таксама думаю, што Лукашэнка – суўдзельнік у пуцінскай вайне.

«Санкцыі ЗША не ставяць на мэце пакаранне дзеля пакарання»

– Ёсць нейкія ўмовы, пры якіх Лукашэнка можа сысці ад санкцыяў ЗША? Напрыклад, прапанова Захаду прыпыніць дзеянне эмбарга на беларускі калій у абмен на гуманітарны калідор праз Беларусь для ўкраінскага збожжа.

– Санкцыі ЗША накладзеныя на Беларусь як праз агрэсію Лукашэнкі супраць свайго ўласнага народу, гэтак і праз парушэнне правоў чалавека, учыненых ім у кантэксце выбараў і наступных рэпрэсіяў. І праз ягоны суўдзел у вайне ва Украіне, улічваючы тое, што вайна ва Украіне працягваецца, Злучаныя Штаты працягнуць выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты, каб прыцягнуць да адказнасці асобаў, адказных за гэтую вайну.

Думаю, таксама важна сказаць, што санкцыі ЗША не ставяць на мэце пакаранне дзеля пакарання, яны закліканыя змяніць паводзіны. Я думаю, калі Лукашэнка хоча змякчэння амерыканскіх санкцыяў, яму трэба выпусціць усіх палітычных вязняў, ён мусіць спыніць падтрыманне пуцінскай агрэсіўнай вайны і павінен запусціць сапраўдны нацыянальны дыялог з кожным сябрам беларускага грамадства, які прывёў бы да сумленных выбараў пад міжнародным наглядам.

Сэра Джэйкабс. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Злучаныя Штаты падтрымліваюць намаганні генеральнага сакратара ААН Гутэрыша, каб быць упэўненымі, што мы належным чынам адказваем выклікам у сітуацыі з харчоваю бяспекай у свеце і яго намаганням па заканчэнні вайны ва Украіне.

Я не магу гаварыць за адміністрацыю прэзідэнта Байдэна, будучы сябрам іншай галіны ўлады, але мы працягнем працаваць з адміністрацыяй Байдэна, каб дамагчыся прыцягнення да адказнасці кожнага суўдзельніка або кожнага, хто падтрымлівае вайну ва Украіне. Мы робім усё магчымае, каб справіцца з выклікамі харчовай бяспекі ў свеце.

Я думаю, важна сказаць, што харчовы крызіс, які мы бачым у свеце, здарыўся праз пастанову Уладзіміра Пуціна пачаць агрэсіўную вайну супраць Украіны і выкарыстоўваць харчаванне ў якасці зброі. Мы ведаем, што Расея наўмысна нацэленая на пытанне харчавання, працуючы над тым, каб збожжа і ўгнаенні не маглі быць вывезеныя з Украіны. Але ўсе санкцыі, якія Злучаныя Штаты наклалі на Расею, мелі выключэнні ў плане харчавання і ўгнаенняў з мэтаю не дапусціць гуманітарныя наступствы, таму віна за харчовы крызіс, з якім мы маем справу цяпер, ляжыць выключна на Уладзіміры Пуціне. І мы працягнем працаваць і рабіць усё магчымае, каб у людзей ува ўсім свеце была ежа, каб выжыць.

– Існуе нейкі кансэнсус у ЗША ў справе новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі?

– Санкцыі, накладзеныя Злучанымі Штатамі на Беларусь, былі прынятыя як з прычыны парушэння правоў чалавека з боку Лукашэнкі, так і праз ягонае падтрыманне і суўдзел у пуцінскай вайне ва Украіне. Усе санкцыі, накладзеныя Злучанымі Штатамі на Беларусь, былі зробленыя пры кансультацыі і ў каардынацыі з нашымі партнёрамі ды саюзнікамі ў Еўропе. Гледзячы ў будучыню, мы плануем свае дзеянні ў кансультацыі і ў каардынацыі з нашымі партнёрамі ды саюзнікамі ў Еўропе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Усе санкцыі, якія накладваюць Злучаныя Штаты, грунтуюцца на тым, што робіць Лукашэнка. Калі ён хоча змякчэння санкцыяў, ён можа спыніць падтрыманне вайны ва Украіне, выпусціць палітычных вязняў і пачаць нацыянальны дыялог пад сумленным міжнародным наглядам. Калі ён працягне гэты шлях і калі яго паводзіны будуць заставацца нездавальняльнымі, далейшыя санкцыі будуць заснаваныя на тым, што Лукашэнка здзяйсняе.

«Заклікаю рэжым Лукашэнкі выпусціць усіх палітычных вязняў»

– Што вы думаеце пра сітуацыю з правамі чалавека і асноўнымі свабодамі ў Беларусі?

– Я думаю, ясна тое, што рэжым Лукашэнкі парушаў правы чалавека ў дачыненні народу Беларусі і сітуацыя там дастаткова дрэнная. Сёння міжнародны дзень палітычных вязняў, і я ведаю, што некаторыя з вашых калег з «Белсату» – сярод больш як 1200 палітычных зняволеных, якіх цяпер утрымлівае рэжым Лукашэнкі. Я заклікаю рэжым Лукашэнкі выпусціць усіх палітычных вязняў – усё гэта непрымальнае ўтрыманне пад вартаю. Гэта будзе галоўным кампанентам любога ўзаемадзеяння ЗША з Беларуссю.

– Якога роду рычагі ціску можа выкарыстоўваць ЗША, каб націснуць на Расею? Напрыклад, паменшыць выручку ад расейскай нафты. Таксама адміністрацыя ЗША разглядае магчымасць не падоўжыць пасля 25 траўня часовую ліцэнзію, якая дазваляе Расеі плаціць амерыканскім трымальнікам дзяржаўных аблігацыяў.

– У Злучаных Штатаў ёсць шматбаковая стратэгія падтрымання Украіны ў яе барацьбе за сваю дэмакратыю. У гэтай жа барацьбе супраць расейскай агрэсіі, які цяпер вядзе і беларускі народ, мы працягнем забяспечваць тое, каб ва Украіны была зброя і падтрымка, у якой яны маюць патрэбу, каб змагацца. Мы працягнем нашыя намаганні, каб Пуцін адчуваў цану вайны як у баявых дзеяннях, так і праз эканоміку. І праз іншыя санкцыі, якія Злучаныя Штаты працягнуць накладваць на Пуціна ды ягоны рэжым. І мы будзем цесна працаваць з нашымі партнёрамі і саюзнікамі ў Еўропе ды па ўсім свеце, каб быць упэўненымі, што Расея і Уладзімір Пуцін стануць слабейшымі праз выбар, які ён зрабіў, каб пачаць на свой капрыз агрэсіўную вайну супраць Украіны.

Сэра Джэйкабс. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Якія могуць быць эфектыўныя метады, каб спыніць Расею?

– Я думаю, самае важнае, што можна зрабіць цяпер, – гэта ясна даць зразумець, што прыхільнасць Злучаных Штатаў нашым партнёрам і саюзнікам з NATO непахісная. Што мы прытрымліваемся 5-га артыкулу непахісна. Як і нашае адзінства з нашымі партнёрамі і саюзнікамі з NATO ў Еўропе. Нашыя партнёры і саюзнікі ў свеце не мяняюцца. Нашыя дачыненні доўгатэрміновыя, і мы трывала прытрымліваемся суверэнітэту, незалежнасці і дэмакратыі народу Украіны.

«Мы цалкам падтрымліваем ваш суверэнітэт, сваю незалежнасць»

– Чаму вас хвалюе сітуацыя ў Беларусі і ва Украіне?

– Мая прабабуля – з Беларусі, яна пакінула краіну да рэвалюцыі, бо была габрэйкай. Яна ўцякала ад гвалту, учыненага супраць беларускіх габрэяў.

У канцы студзеня – пачатку лютага я была ва Украіне. Гэта была апошняя амерыканская дэлегацыя ва Украіне да пачатку ўварвання, якая працуе над тым, каб Злучаныя Штаты разумелі, што трэба зрабіць, каб падтрымаць Украіну найлепшым магчымым шляхам у барацьбе за дэмакратыю і суверэнітэт супраць пуцінскай агрэсіўнай вайны.

Адна з асноўных высноваў ад маёй паездкі ва Украіну і праведзенага мною цяпер часу ў Вільні – гэта цягавітасць і адвага народу ва Украіне, Беларусі, у Літве і па ўсёй Еўропе, людзей, якія вельмі добра разумеюць пагрозу, якую Уладзімір Пуцін уяўляе як для ўкраінцаў, беларусаў, так і для людзей паўсюль, якія схільныя адстойваць сваю дэмакратыю, нашыя агульныя каштоўнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– У вас была магчымасць сустрэцца з украінцамі ці беларусамі ва Украіне?

– Я сустрэлася з шэрагам асобаў з Украіны, у прыватнасці прэзідэнтам Зяленскім і сябрамі ягонага ўраду. Але што мяне асабліва ўразіла, – гэта тое, што кожны ўкраінец, з якім я размаўляла, з усходу ці з захаду краіны, не важна, была ў яго роднаю ўкраінская ці расейская мова, гэта тое, хоча заставацца ў краіне і змагацца. Яны хочуць выстаяць і захаваць сваю дэмакратыю і тыя каштоўнасці, і свабоду, да якіх яны прызвычаіліся. Я думаю, цяпер мы наглядна бачым іхную цягавітасць і адвагу. Яны сапраўды змагаюцца не толькі за сваю свабоду і дэмакратыю, але і за свабоду і дэмакратыю краінаў па ўсёй Еўропе і ўсім свеце, калі мы выступаем супраць аўтакратыі, стараемся захаваць каштоўнасці дэмакратыі ды свабоды.

– Чаму вам важна было наведаць Украіну?

– Як для сябра Камітэту замежных справаў і ўзброеных сілаў у Палаце прадстаўнікоў для мяне было важна бачыць, што адбываецца на месцы і ў чым Украіна мае патрэбу. І пераканацца, што ўкраінцы, літоўцы і беларусы, усе нашыя саюзнікі і партнёры ў Еўропе разумеюць: прыхільнасць Злучаных Штатаў непахісная, мы цалкам падтрымліваем ваш суверэнітэт, вашую незалежнасць, вашыя правы чалавека і вашыя свабоды. Нашая прыхільнасць нікуды не знікне.

Сэра Джэйкабс дае інтэрв’ю журналістцы «Белсату». Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Якога яшчэ роду небяспеку ўяўляе Расея? Цяпер гэта вайна ва Украіне, да гэтага быў міграцыйны крызіс з Беларусі. Якіх небяспек можна яшчэ чакаць?

– Я думаю, цалкам ясна, што ва Уладзіміра Пуціна ёсць шмат інструментаў у распараджэнні. Мы бачылі пагрозы кібербяспекі ў дачыненні Эстоніі ды іншых краінаў. Мы бачылі, як Беларусь спрабуе выкарыстаць міграцыйны крызіс у якасці зброі. Мы ведаем, што ёсць мноства іншых інструментаў і тактык: як актыўныя ваенныя дзеянні, так і шэрая зона гібрыднага варыянту. І Злучаныя Штаты адданыя супольнай працы з нашымі партнёрамі і саюзнікамі, так што яны будуць цалкам гатовыя да любой агрэсіі, якую можа рыхтаваць Уладзімір Пуцін.

Я сапраўды задаволеная, што мне ўдалося паехаць ва Украіну да ўварвання. Бачачы цяпер тое, як усё разгортваецца, я ведаю, як было раней і што па-сапраўднаму азначаюць гэтыя разбурэнні. Я сустракалася з людзьмі, якія цяпер пад бамбаваннямі. І я думаю, што гэта робіць рэальным гвалт і жудасныя ўмовы, якія мы бачым ва Украіне. І мы мусім прысвяціць сябе таму, каб скончыць вайну, і працаваць над тым, каб адбудаваць украінскую дэмакратыю пасля гэтага.

– У вас ёсць планы наведаць іншыя краіны Балтыі?

– Я планую наведаць усе краіны Балтыі, я была ў Эстоніі. І таксама мы плануем іх наведваць з іншымі нашымі партнёрамі ды саюзнікамі ў Еўропе. І ясна прадэманстраваць, што нашая трансатлантычная супольнасць моцная, у ёй няма падзелу, якія мог бы выкарыстаць Уладзімір Пуцін ці хто б там ні было.

Ганна Русінава /ММ belsat.eu

Стужка навінаў