Навошта Лукашэнку спатрэбілася спецаперацыя супраць самалёта «Ryanair» і якімі будуць наступствы? Тлумачаць эксперты

На просьбу belsat.eu палітычныя эксперты каментуюць скандальны інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта «Ryanair» у Менску і затрыманнем блогера Рамана Пратасевіча.

«Гэта помста»

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што помста была галоўным чыннікам рашэння ўладаў Беларусі правесці скандальную аперацыю супраць Рамана Пратасевіча:

«Гэта помста за тыя непрыемнасці, якія Пратасевіч прынёс беларускім уладам летась падчас масавых пратэстаў, калі ён быў галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу, які ў Беларусі цяпер прызнаны экстрэмісцкім».

Раман Пратасевіч. Фота: Раман Пратасевіч / Telegram.me

Карбалевіч адзначае, што ў выпадку нядаўняй атакі на TUT.by улады яшчэ маглі думаць пра перадухіленне нейкіх пагрозаў для сябе ў будучыні. Аднак у выпадку арышту блогера гэтага складніку ён не бачыць. Пратасевіч даўно сышоў у тэлеграм-каналу NEXTA, а канал «Беларусь головного мозга», які ён апошнім часам рэдагаваў, значна менш уплывовы і папулярны. «Таму гэта, хутчэй за ўсё, проста помста. Таксама гэта дэманстрацыя ўсім праціўнікам рэжыму таго, што ўсе яны будуць пакараныя», – дадае эксперт.

Карбалевіч лічыць, што рэакцыя Захаду на гэты інцыдэнт наўрад ці будзе «занадта радыкальнай».

«Магчыма, нейкія авіякампаніі не захочуць больш лятаць у Беларусь. Магчыма, будуць нейкія санкцыі адносна «Белавіі». Але для беларускіх уладаў гэта ўвогуле цяпер няважна», – мяркуе палітолаг.

У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі

«Звышзадача беларускіх уладаў – узняць узровень страху ў грамадстве»

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі канстатуе, што сітуацыя з арыштам Пратасевіча ўскладняе дачыненні афіцыйнага Менску з Еўропай. Аднак цяпер гэтае пытанне для ўладаў Беларусі не прыярытэтнае.

«Магчыма, у беларускім кіраўніцтве мяркуюць, што ўсё адно цяпер такая сітуацыя, што гэты інцыдэнт нічога не зменіць – усё роўна ўводзяцца санкцыі, усё роўна няма перспектываў дыялогу. Таму можна максімальна зачысціць палітычнае поле. Я думаю, што звышзадача беларускіх уладаў сёння – гэта менавіта ўзняць узровень страху ў грамадстве. Так ці інакш гэтая гісторыя дэманструе, што ў беларускага рэжыму сапраўды доўгія рукі», – кажа эксперт.

Класкоўскі нагадвае, што раней сілавікі ў сваіх публічных выступах абяцалі пераследаваць «крыважэрную апазіцыю» нават за мяжой. «Тое, што адбылося з Пратасевічам, вельмі падобна да рэалізацыі такіх пагрозаў. Гэта робіцца дзеля таго, каб баяліся апаненты ўлады – і тыя, што знаходзяцца ў Беларусі, і тыя, што знаходзяцца за мяжой. Каб нават у абывацеляў халадзела душа», – дадае ён.

Аналітык адзначае, што за кратамі на Пратасевіча можна ўсяляк уздзейнічаць і прымусіць яго «шмат распавесці»:

«Усё ж Пратасевіч ведае кухню інфармацыйнага змагання з рэжымам. І калі нейкія «прызнанні» ад яго прагучаць, то беларуская прапаганда будзе шырока выкарыстоўваць гэта для дыскрэдытацыі апазіцыі. Бо ўладам вельмі важна ўсяляк прасоўваць сваю версію: нібыта ўсе пратэсты былі інспіраваныя з-за мяжы».

Што кажуць эксперты пра «вайсковы пераварот» і наступствы спецаперацыі КДБ-ФСБ

Класкоўскі не выключае, што ў гэтай аперацыі беларускія спецслужбы супрацоўнічалі з расейскімі. Тым больш што ёсць нядаўні прыклад такой супрацы – арышт у Маскве Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча.

«Калі казаць пра палітычны бок сітуацыі, то чым горшыя дачыненні афіцыйнага Менску з Захадам, тым больш залежны Лукашэнка ад Масквы. У яго няма іншага выйсці. Калі масты на Захад спаленыя, ён мусіць шчыльней туліцца да Масквы і магчыма нават праз «не хачу» ісці на нейкія значныя саступкі, што тычацца тых жа дарожных мапаў інтэграцыі, продажы актываў або размяшчэння вайсковых базаў», – разважае аналітык.

«Мы да апошняга спадзяваліся што гэта нейкая памылка»: Сцяпан Пуціла пра затрыманне Рамана Пратасевіча

«Беларускае пытанне трапіць у парадак дня сустрэчы Пуціна і Байдэна»

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі не выключае, што аперацыя для арышту Рамана Пратасевіча праводзілася пры актыўным удзеле расейскіх спецслужбаў, і лічыць гэтую дэталь вельмі важнай. У прыватнасці, расейскія спецслужбы маглі перадаць беларускаму боку інфармацыю, што на гэтым рэйсе будзе апазіцыйны блогер. «Калі гэта сапраўды так, то перадача гэтай інфармацыі была накіраваная на тое, каб справакаваць беларускія ўлады на тыя дзеянні, якія мы ўчора якраз і назіралі», – кажа ён.

Сівіцкі ўпэўнены, што дадзены інцыдэнт «паспрыяе яшчэ большаму замацаванню за Беларуссю іміджу краіны-ізгоя і ўзмацненню санкцыйнага ціску з боку Захаду». «Адпаведна ўсё выгады ад правядзення дадзенай аперацыі будуць перакрытыя драматычным выдаткамі, якія панясе беларуская дзяржава ад узмацнення санкцыяў», – адзначае ён.

На думку эксперта, у Крамлі зацікаўленыя ў тым, каб афіцыйны Менск сваймі дзеяннямі паглыбляў міжнародную ізаляцыю Беларусі.

Уладзімір Пуцін падчас паслання Федэральнаму сходу, 21 красавіка. Фота: Kremlin.ru

«З аднаго боку, гэта ўзмацняе ўплыў Расеі і залежнасць Беларусі ад Крамля. З іншага боку, Крэмль зацікаўлены, каб Беларусь канчаткова пераўтварылася ў краіну-ізгоя, нейкую шэрую зону, для таго, каб мець тэму для абмеркавання з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі. Відавочна, што дзеянні беларускіх уладаў пераўтвараюць унутрыпалітычны крызіс у міжнародную праблему. Гэтае дае Расеі магчымасць выступіць своеасаблівым «вырашальнікам» беларускага крызісу, атрымаўшы на гэта «зялёная святло» ад заходніх партнёраў.

Няма сумневаў, што цяпер беларускае пытанне трапіць у парадак дня сустрэчы Пуціна і Байдэна. І абмяркоўвацца гэтае пытанне будзе такім чынам, што не будуць улічвацца ні нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ні асабістыя інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі», – падкрэсліў Сівіцкі.

«Лукашэнка сёння – гэта не палітык, а кіраўнік баявой арганізацыі»

Сцягі Еўразвязу. Фота: consilium.europa.eu

Палітычны аналітык Ігар Ільяш кажа, што інцыдэнт з «Ryanair», несумненна, падштурхне ЕЗ да прыняцця больш радыкальнай версіі чацвёртага санкцыйнага пакету.

«Аднак у цяперашняй сітуацыі гэта зусім не галоўнае. Значна важней, што стаўленне Захаду да дыктатуры ў Беларусі можа пачаць змяняцца якасна. Раней Лукашэнка быў для Захаду праблемай выключна этычнай. Так, нядобра, калі на еўрапейскім кантыненце ёсць палітвязні, калі парушаюцца правы чалавека і фальсіфікуюцца выбары. Так, гэта супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, але наўпрост інтарэсаў еўрапейскіх грамадзянаў не закранае. Цяпер жа Лукашэнка пераходзіць у шэраг праблемаў бяспекі. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень прыярытэтнасці».

На думку Ільяша, акцыя супраць самалёта «Ryanair »– гэта не імправізацыя спецслужбаў, а частка агульнай стратэгіі тэрору, на якую зрабіў стаўку Лукашэнка. Раней кіраўнік КДБ Іван Церцель і намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў амаль адкрытым тэкстам казалі пра тое, што яны будуць пераследаваць праціўнікаў рэжыму, дзе б тыя ні былі.

«Мёртвая пятля»

«Калі адказ на цяперашні інцыдэнт акажацца недастаткова пераканаўчым, то далей Захаду трэба будзе рыхтавацца да забойстваў і выкраданняў апанентаў дыктатуры на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Тым больш што прадстаўнікі рэжыму пра гэта кажуць фактычна адкрытым тэкстам. Мяркуючы з рэакцыі заходніх палітыкаў у першыя гадзіны гэтага скандалу, падобную заканамернасць яны ўсё-ткі пачынаюць улоўліваць», – кажа ён.

Аналітык мяркуе, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі апошнім часам – гэта «поўнае вар’яцтва», якое не адпавядае нават інтарэсам самой дыктатуры.

«Так, разгром TUT.by ці захоп Пратасевіча былі лагічным працягам курсу на неабмежаваны тэрор і застрашванне грамадства. Але правядзенне падобных аперацыяў менавіта цяпер, напярэдадні разгляду пытання аб чацвёртым пакеце санкцыяў, не было ніяк абгрунтавана.

Калі б Лукашэнка ўзору 2020–2021 года быў палітыкам, то ён бы паставіў на паўзу рэпрэсіі, дачакаўся прыняцця палегчанага варыянту санкцыйнага пакету, а потым працягнуў бы зачыстку, выйграўшы пры гэтым час. Але Лукашэнка сёння – гэта не палітык, а кіраўнік баявой арганізацыі. І кіруецца ён цяпер не палітычнымі меркаваннямі, а выключна меркаваннямі ваеннай мэтазгоднасці. Калі можна нанесці ўдар – ён яго наносіць. А палітычныя наступствы яго не цікавяць», – дадае ён.

«Дзяржаўнае пірацтва». Гендырэктар «Ryanair» выказаўся пра падзеі ў Менску

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны