ААЦ пачаў пазбаўляць «экстрэмісцкія» СМІ доменных імёнаў у Беларусі


Аператыўна-аналітычны цэнтр пачаў пазбаўляць беларускіх доменных імёнаў СМІ, якія раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Аб гэтым паведамляе БАЖ.

Глабальная камп’ютарная сетка. Малюнак: cityhost.ua

Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома пра нядаўнюю ініцыятыву Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце ануляваць запіс аб рэгістрацыі доменнага імя аднаго з папулярных выданняў на падставе нібыта «не пройдзенай праверкі» дадзеных яго ўладальнікаў. Назву СМІ БАЖ не называе, узгадваючы толькі, што гэты незалежны інфармацыйны рэсурс прайшоў шлях ад блакавання сайту да прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем».

Паведамляецца, што ААЦ ануляваў рэгістрацыю доменнага імя нядаўна яшчэ папулярнага сайта, тлумачачы гэта тым, што ў выданне з парушэннямі прадставіла дадзеныя ў кабінеце карыстальніка хостынгу. Пры гэтым сутнасць парушэнняў ААЦ не патлумачыў. Адно з патрабаванняў было «даставіць дакументы шляхам асабістага наведвання офісу рэгістратара».

Кіраўніцтва рэдакцыі спрабавала рашэнне апратэстоўваць, але безвынікова. Як канстатуе БАЖ, «шэраг незалежных выданняў аднаасобным рашэннем Камітэту дзяржбяспекі ўжо трапілі ў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў», а цяпер улады вырашылі пазбавіць рэдакцыі і беларускай «прапіскі» – інтэрнэт-адрасу.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў