«Занадта складана». Генпракуратура праверыла школьныя падручнікі


У Беларусі прайшла масавая праверка якасці навучання беларускіх школьнікаў. Генеральная пракуратура правяла праверкі ў Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях, а таксама ў Менску. У выніку праверкі інстанцыя заявіла аб складанасці падручнікаў, памылках у навучальных матэрыялах і празмерна высокіх нагрузках на школьнікаў. Магчыма, на запыт пракуратуры падручнікі будуць змяняць, – заявілі ў жывым эфіры «Беларусь 1».

У Беларусі пачаўся новы навучальны год. Вучыцца школьнікам цяпер давядзецца ў новых умовах: пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі любым коштам навесці парадак у школах дзяржаўная адукацыя ўзяла курс на мілітарызацыю, палітызацыю і ўзаемадзеянне з Праваслаўнаю царквой. «Патрыятычны» кірунак быў нададзены першаму ўроку новага навучальнага года. Назвалі яго «Адзінства беларускага народу – аснова незалежнасці краіны». На здымку – дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школаў, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Вынікі праверкі, праведзенай Генеральнай пракуратурай супольна з Нацыянальным інстытутам адукацыі, паказалі, што тэксты ў некаторых падручніках перагружаныя залішняй навуковай інфармацыяй. Прысутнічаюць факталагічныя памылкі і памылкі друку», – заявіла Вікторыя Фіневіч, начальніца аддзелу Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі.

Паводле словаў прадстаўніцы Генпракуратуры, навучальная нагрузка на звычайнага школьніка сягае ад 50 да 65 гадзін на тыдзень і адпавядае занятасці дарослага працаўніка. Таксама падчас праверкі выявілі выпадкі парушэння заканадаўства аб дзяржзакупах і неэфектыўнага выкарыстання бюджэту, што таксама адбілася на зніжэнні якасці адукацыі.

На патрабаванне нагляднага ведамства профільныя спецыялісты займаюцца пытаннем замены школьных падручнікаў.

Hавiны
Новы міністр адукацыі назваў прыярытэтам у сістэме пытанні гістарычнай памяці і патрыятызму
2022.02.10 16:03

Нагадаем, што ў 2022 годзе ў Беларусі быў прызначаны новы міністр адукацыі. 10 лютага Андрэй Іванец заступіў на пасаду. Чыноўнік заявіў, што збіраецца ўмацоўваць патрыятызм і выхаванне ў даверанай яму сферы. Гэтым жа тыднем прадстаўнікі Генпракуратуры абвінавачвалі МУС і іншыя следчыя органы ў сабатаванні крымінальнага пераследу палітычных іншадумцаў у Беларусі.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў