«Хрыстос не возьмецца за аўтамат». Велікодная размова са святаром Аляксандрам Шрамком


Ці ўваскрэсне Хрыстос пасля Бучы і Марыупалю? Ці трэба ў гэтыя дні маліцца за Пуціна і патрыярха Кірылу? І ці можна пасвянціць велікодныя яйкі з кулічамі ўдома і не ісці ў царкву? Паразмаўлялі з рэлігійным і грамадскім дзеячам і заштатным праваслаўным святаром Аляксандрам Шрамком.

Аляксандр Шрамко, жнівень 2020 года. Крыніца фота: Facebook / Dima Zverev

Як не згубіць веры?

– Спадар Аляксандр, сёлета святкуем Вялікдзень падчас кровапраліцця ва Украіне. Такое ўражанне, што Хрыста ўкрыжоўваем штодзень – і што Ён ужо… не ўваскрасае. «А калі не ўваскрасае, то і вера вашая дарэмная…» Што рабіць, каб у гэтыя часы не згубіць веры?

– Праблема ў тым, што людзі шукаюць за кошт веры нейкі псіхалагічны камфорт. Прыйшоў у царкву, усе табе ўсміхаюцца, усе цябе віншуюць, гучыць музыка. Такая звычка ў нас – успрымаць гэта як нейкую псіхалагічную больш дапамогу.

Але насамрэч хрысціянства трагічнае па сваёй прыродзе. І трагедыі ніколі не канчаліся ў свеце, проста былі для нас неактуальныя, далёкія. Ну што мне з таго, што адбываецца ў нейкай Эфіопіі ці ў Гане?

А калі такая трагедыя здарылася зусім побач, то пытаемся: «Куды падзеўся той камфорт?» А справа ў тым, што мы проста не так разумелі веру. І я так думаю, што прыйшоў час, каб па-новаму паглядзець на хрысціянскую веру.

Велікоднае набажэнства ў Менску. Фота мае ілюстрацыйны характар: Белсат

Пасля Другой сусветнай з’явіўся такі панятак, як «тэалогія пасля Галакосту». Бо сам Галакост паказаў нешта такое, што прымусіла перагледзець сутнасць веры, пераасэнсаваць. І, мяркую, прыйшоў час – і Бог нам дае такую магчымасць – пераасэнсаваць сваю веру і зразумець, што хрысціянская вера – трагічная. Сам Хрыстос спачатку памірае, а потым уваскрасае. Раней так і лічылася, што Пасха – гэта не тое, што Ён уваскрос, а тое, што Ён памёр. Што памёр дзеля нас.

– Але хто дапаможа пераасэнсаваць нам нашую веру, калі простыя вернікі прыходзяць у царкву і не чуюць з амбону праўды?..

– Гэта, зноў жа, спажывецкае стаўленне да веры. Маўляў, ёсць нейкія інстытуты, цэрквы, нейкія, скажам так, «пункты абслугоўвання насельніцтва», куды можна прыйсці і ўспрыняць як дадзенасць тое, што нам кажуць. Насамрэч царква – гэта людзі. І людзі самі павінны будаваць Царкву. Яны мусяць гэта зразумець. І гэта быў бы адзін з вынікаў таго пераасэнсавання, пра якое я казаў вышэй.

Мы мусім самі будаваць Царкву і самі ўплываць на яе. І калі будзем браць удзел у гэтым будаўніцтве, то і пастыры будуць такія, якія будуць казаць праўду. А тыя, хто не будзе казаць праўду, проста не знойдуць сваёй паствы. І застануцца ваўкамі.

Забіваць людзей, каб не было гей-парадаў

– Прэзідэнт Украіны Зяленскі заявіў 21 красавіка, што згоды на замірэнне з расейцамі ў велікодныя святы дасягнуць не ўдалося. РПЦ цалкам згубіла ўплыў на тое, што адбываецца?

– Не згубіла – РПЦ ніколі яго не мела насамрэч. Я не ведаю ніводнага выпадку, калі б праваслаўная царква, прынамсі руская, уключылася б у нейкі працэс і паўплывала на нешта. Не, яна заўсёды ідзе ў фарватары таго, што кажа ўлада, і падтрымлівае тое, што кажуць у Крамлі. Што ім загадваюць – тое яны і лічаць правільным. Ніколі не супярэчаць. Не супярэчылі і раней.

Велікоднае набажэнства ў менскай царкве Святога праведнага пакутніка Яўгена Боткіна. Фота мае ілюстрацыйны характар: АВ / Белсат

– Чаму?

– Такая традыцыя – падпарадкоўвацца ўладзе. Нават бязбожнай уладзе, як гэта было ў XX стагоддзі. Узнікла нават такая зʼява, як «сергіянства» – паводле імені мітрапаліта Сергія, які пайшоў на безумоўную падтрымку ўлады. Яна, маўляў, хоць і дʼябальская, але – улада, і гэта найважнейшая ўмова. Так яно і ідзе дагэтуль.

– І таму ў дзень Уваскрашэння Хрыста праваслаўныя расейцы працягнуць забіваць праваслаўных украінцаў, і наадварот. Гэта страшна…

– Так. Пабожнасць у нас такая своеасаблівая выпрацавалася. Гей-парады праводзяць – вось што страшна, а што забіваюць – гэта так сабе, як казаў патрыярх. Ну і, значыцца, можна забіваць людзей – каб не было гей-парадаў. Вось і ўсё. Такі парадокс.

Сапраўды страшна. Але насамрэч гэта ўжо здаўна ідзе. Яшчэ ў Расейскай імперыі былі такія выпадкі, і нават не адзін. Пісалі пра іх. Калі разбойнік, рабуючы кагосьці, забіваў людзей, забіраў іхную маёмасць, але – не браў кілбас. І калі яго лавілі і запытвалі, чаму кілбасы і мяса не ўзяў, ён адказваў: «Ці ж я бязбожнік які ці што – Вялікі пост жа!» Вось такая ў нас пабожнасць. Паталагічная, можна сказаць.

Ці молімся за Пуціна?

– Ведаю шчырых вернікаў, якія пасля выказванняў патрыярха Маскоўскага перасталі наведваць царкву. Але тут вялікае свята. Ці можна асвяціць велікодныя яйкі і кулічы ўдома?

– Канечне. Чалавек – ён жа гаспадар сваёй душы, сваёй веры і мусіць сам перад Богам трымаць адказ. Рабіць, як яму падказвае сумленне. Калі не можа ісці ў царкву, дзе ў яго пачынаецца канфлікт сумлення, то навошта сябе мучыць. Тым больш што асвяціць яйкі – гэта ж не таемства. Гэта можна ў сямейным коле зрабіць.

– І памаліцца таксама. Ці молімся за ворагаў? Ці молімся за Пуціна?

– Молімся за ўсіх людзей. І за Пуціна молімся. Людзі часам не разумеюць, што маліцца за кагосьці, за ўлады, напрыклад, гэта не значыць прасіць Бога, каб іхныя планы здзейсніліся і атрымалася тое, што яны робяць. Наадварот: каб Бог іх неяк наставіў на розум, каб вярнуў іх на шлях божы ў сваіх дзеяннях.

Патрыярх Кірыла.
Фота: patriarchia.ru

Пакутуе ад граху ўсё чалавецтва. І мы павінны маліцца за ўсіх грэшнікаў. Мы ўсе чымсьці абʼяднаныя і спадзяемся, што праз боль, праз пакуты і пакаянне людзі ўсё ж вернуцца да Бога. І зычым гэтага ўсім, у тым ліку і Пуціну, і патрыярху Кірылу, і нават кончаным маньякам.

Братання не будзе

– Бывае, што на войнах у вялікія святы адбываецца братанне. Ці можа такое здарыцца ва ўсходняй Украіне на Вялікдзень?

– Я думаю, што наўрад ці. Ведаеце, было братанне падчас Першай сусветнай, але тады рэлігійнае жыццё займала куды больш значнае месца ў грамадстве. Большасць людзей знаходзілася ў кантэксце веры хрысціянскай. А для сучасных людзей вера, у пераважнай большасці, – гэта больш рыторыка, знешнія знакі і рытуалы. Каб было братанне, дык гэта трэба было б, каб гэтым жыла большасць. Каб гэта было ў сэрцах бальшыні. Таму – наўрад.

Людзі асвячаюць ежу ў царкве Іконы Божай Маці «Усецарыца». Менск, Беларусь, 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

– Вы сказалі, хрысціянства – трагічнае. Дык, мабыць, сучасны чалавек бяжыць якраз ад гэтага трагізму?..

– Трагічнае, але яно дае надзею. Бо ведаем, што, як святло ў канцы тунэлю, будзе Уваскрашэнне. Што праз пакуты і боль, скрозь смерць – прыйдзем да святла і праўды. Калі б Хрыстос не ўваскрэс, мы б былі самыя няшчасныя з усіх няшчасных. Крыж і пакуты Хрыста маюць сэнс толькі таму, што будзе Уваскрашэнне. Але – пасля пакутаў. Адно без другога не бывае.

– І што сёлета будзе рабіць уваскрэслы Хрыстос, калі пабачыць тое, што пабачыць?

– Будзе рабіць тое, што і рабіў у сваім жыцці. Ён быў заўсёды з тымі, хто пакутаваў: быў побач, плакаў разам з імі, маліўся. Быў бы з гэтымі людзьмі, думаю. І сам бы пакутаваў з імі. У гэтым сэнс Хрыста.

– Будзе побач з украінцамі? За аўтамат не возьмецца?..

– Не возьмецца. Не, канечне.

Уваскрэсне ва Украіне?

– «На Беларусі Бог жыве», але ўваскрэсне ва Украіне?

– Я думаю – што ўваскрэсне. Уваскрэсне і ў нашых душах, і будзе яшчэ ў нас свята. Будзе свята, я спадзяюся. Проста праходзім зараз праз Вялікую-Вялікую Пятніцу. І за ёй будзе Уваскрашэнне. І для ўкраінцаў, і для беларусаў. Спадзяемся на гэта.

Велікоднае набажэнства ў Беларусі.
Фота: Белсат

Калі нават чыста практычна разважаць: калі перастанем у гэтае верыць – то кладзіся і памірай! А так мы спадзяемся, і гэта дае нам моцы. І можа, за кошт гэтага мы і ўваскрэснем, што будзем трымацца гэтай надзеі – надзеі на Уваскрашэнне.

– Што пажадаеце ўсім беларусам у гэтае вялікае і светлае свята?

– Зычу, каб прыйшла свабода! Таму што дзе Хрыстос – там свабода. І няма ніякага хрысціянства без свабоды. І каб мы, урэшце, набылі святло ў сваіх душах і ў сваім народзе. І каб можна было нарэшце ўсім вярнуцца на нашую радзіму, будаваць яе і быць шчаслівымі.

– І адкласці ў бок калашнікавы. Хрыстос уваскрос!

– Сапраўды ўваскрос!

Аляксандр Шрамко – беларускі праваслаўны рэлігійны і грамадскі дзеяч. У 1997 годзе закончыў Менскую духоўную семінарыю. У 1994-м атрымаў святарскае пасвячэнне. Адзін са стваральнікаў беларускага парталу «Царква». У 2007 годзе мітрапаліт Філарэт забараніў яму святарства да раскаяння за крытыку Закону аб свабодзе сумлення. З 2009 года быў клірыкам менскага прыходу Св. Міхала Арханёла. У сакавіку 2018 года атрымаў чарговую забарону на служэнне за крытыку патрыярха Кірылы. У 2020 годзе быў сярод тых святароў, хто падпісаў ліст супраць гвалту. Старшыня грамадскага аб’яднання стаміяваных.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў