Калапс на мяжы. У чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу налічылі 65 аўтобусаў


Вялізныя чэргі з аўтобусаў перад пунктам пропуску ў Берасці пачалі ўтварацца ў пятніцу, 22 сакавіка. Калі раніцою афармлення чакалі 30 аўтобусаў, то ўвечары ўжо 54. Цяпер, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, у чарзе іх 65. Чакаць даводзіцца содні.

Чарга аўтобусаў перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

«Пачаліся вясеннія канікулы ў школьнікаў. Шмат якія бацькі з дзецьмі едуць за мяжу», – пішуць у Telegram-чаце, дзе беларусы абмяркоўваюць сітуацыю на памежных пераходах.

Шмат хто наракае на гэтак званыя шоп-туры, бо сёння ў Польшчы гандлёвая нядзеля.

Цягам тыдня на пункце «Варшаўскі мост» максімальна было каля 25 аўтобусаў, сведчаць звесткі Дзяржаўнага памежнага камітэту. Увечары пятніцы – ужо 54, у суботу колькасць вырасла да 60, цяпер – 65.

Падарожнікі сцвярджаюць, што на мінанне мяжы патрабуюцца содні. Некалькі гадзінаў таму на кантроль трапіў аўтобус да Варшавы, які выехаў з Менску ўчора а 10 раніцы.

«Аўтобус Менск – Прага. Прыехалі на мяжу а 1:30 24.03. Прастаялі без руху да 7-й раніцы, прасунуліся прыкладна на тры аўтобусы наперад і працягнулі стаяць калом».

Праз спазненне аўтобусаў у Польшчу затрымліваюцца зваротныя рэйсы ў Беларусь. Паведамляюць, напрыклад, што выезд аўтобуса з Варшавы ў Менск, які планаваўся сёння раніцою, адклалі да апоўначы – на 15 гадзінаў.

У чаце жартуюць, што ў чарзе на мяжы аўтобусаў проста зараз болей, чымся засталося ва ўсёй краіне.

З легкавікамі сітуацыя таксама складаная – чакаюць 300 аўтаў, аднак на гэтым тыдні было і горай: увечары ў пятніцу ў чарзе было 410 машынаў.

На мяжы з Літвою, як вынікае з інфармацыі беларускіх памежнікаў, аўтобусных чэргаў няма.

Агляд
Што з чэргамі на мяжы Беларусі пасля закрыцця двух пераходаў у Літву
2024.03.05 16:32

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў