Беларусь. Месяц у вайне

Рэжым Лукашэнкі вось ужо месяц як уцягнуты ў расейскую вайсковую агрэсію супраць Украіны. Гэта месяц вялікай ганьбы для Беларусі і яе народу (месцамі нянавісці да яго), хоць краіна фактычна сталася закладніцаю палітыкі Лукашэнкі і Пуціна ды паводле шмат якіх параметраў можа лічыцца акупаванаю. Тым не менш вайна з Украінаю ляжа цяжкім гістарычным цяжарам на беларусаў. Асабліва калі беларускія войскі ўвойдуць на тэрыторыю Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Антываенны пратэст у Вільні. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Вайна ўжо ёсць цывілізацыйнаю катастрофаю для дзяржавы. Расея бамбіць гарады Украіны, але кожны снарад і ракета, пушчаная з тэрыторыі Беларусі, разбурае і яе самую. І ўжо відавочна, што яна (вайна) будзе доўгай і крывавай, у тым ліку і для беларусаў.

Становішча, у якім апынулася нашая краіна і беларускае грамадства, можна ахарактарызаваць наступнымі словамі: стабільнасць без свабоды і дэмакратыі рана ці позна прыводзіць да вайны. Хай Беларусь і не пачала гэтай вайны сама, яна стала інтэгральнай яе часткай, яе інструментам і адначасова ахвяраю менавіта таму, што беларусы не здолелі абараніць уласнай свабоды. Хаця правільна будзе сказаць, адмовіліся ад яе, бо не бачылі ў гэтай зʼяве ніякага сэнсу. Са шкадаваннем трэба канстатаваць, што яшчэ для многіх жыхароў краіны свабода застаецца нечым чужым і небяспечным, а агрэсія Расеі – блізкай і зразумелаю з’яваю. Праблема, напэўна, яшчэ і ў тым, што разам са свабодаю чалавек пазбаўляецца магчымасці думаць.

Можа стацца так, што вайна ў перспектыве перанясецца і на тэрыторыю Беларусі. Гэта таксама своеасаблівая расплата за ілюзію таго, што з рэжымам Пуціна звязваліся надзеі на дэмакратычныя змены ў краіне ў 2020–2021 гадах. Такое развіццё падзеяў здаецца непазбежным, асабліва калі ўлічыць, што Масква пагражае разбурыць усю ўсходнееўрапейскую прастору.

Зразумела, што цяперашняя геапалітычная сітуацыя – гэта апошняя фаза існавання сістэмы, створанай Лукашэнкам. Незалежна ад таго, чым скончыцца вайна ва Украіне, уладу і грамадства чакаюць глыбокія эканамічныя ды палітычныя ўзрушэнні. Найгоршы варыянт для нашай краіны – той, у якім Расея будзе накіроўваць любыя рэсурсы на падтрыманне вайны на знясіленне. Дзейны ў Беларусі рэжым не зможа супраціўляцца залучэнню краіны ў адкрытую агрэсію супраць Украіны. Падтрыманне дынамікі вайны для Пуціна – жыццёвая неабходнасць. І чым даўжэй будзе працягвацца расейская агрэсія ва Украіне, тым больш разбуральнымі (у палітычным і эканамічным сэнсах) будуць яе наступствы для Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія добраахвотнікі трэнуюцца ва Украіне. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Мяркую, што для Пуціна вельмі важна, каб Лукашэнка прыняў «суверэнную», «самастойную» пастанову пра ўступленне Беларусі ў вайну, каб падкрэсліць: рэспубліка дзеіць як незалежная дзяржава. Пасля чаго, хутчэй за ўсё, Беларусь пяройдзе пад кіраванне Масквы.

У сваю чаргу, відавочна, што роля войска Лукашэнкі ў гэтай вайне не звязаная з рашэннем тактычных заданняў, з забеспячэннем стратэгічнага прарыву на паўднёва-заходнім кірунку. Пяць тысяч вайскоўцаў з сілаў спецыяльных аперацыяў проста не ў стане гэтага зрабіць, а маса тэрміновай службы ўсёй астатняй 40-тысячнай арміі да рэальнай вайны зусім не гатовая. У цяперашніх абставінах гэтая роля лукашэнкаўскага войска будзе зводзіцца да пашырэння прасторы хаосу ды агульнага знішчэння. Беларускія вайскоўцы стануць палівам для полымя вайны, своеасабліваю «жывою хваляй». Беларусь будзе агрэсарам і ахвярай адначасова. Магчыма, што, закідаўшы трупамі беларускіх салдатаў паўночныя рубяжы ўкраінскай абароны, Пуцін зробіць апошні штурм Кіева. Але нават узяцце Кіева (што малаімаверна) або поўнае яго знішчэнне зусім не азначае перамогі ці ўратавання Расеі.

Далейшая міжнародная ізаляцыя Расеі, а разам з ёй і Беларусі непазбежная. Гэта немінуча прывядзе да дэградацыі ды разбурэння эканамічнай і сацыяльнай сістэмаў, да далейшага вымывання творчага і пасіянарнага класу. Становішча пагоршыцца і тым, што ў інфармацыйна-культурнай прасторы будзе панаваць расейская светапоглядная парадыгма. У значнай меры гэта мае месца ўжо сёння. Беларусь немінуча стане сыравінным і сацыяльным прыдаткам Расеі пры адкрытым палітычным кантролі.

Магчыма, на нейкім этапе частка насельніцтва Беларусі і Расеі сапраўды ператворыцца ў «адзіную нацыю Z».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў