«Жыве ў вяках!»: вядомыя беларусы віншуюць з Днём Волі


Кожны год 25 сакавіка сэрцы ўсіх беларусаў б’юцца ва ўнісон: мы хочам жыць сваёй краінай, мы хочам жыць шчасліва, мы вольныя людзі. Карэспандэнты «Белсату» запісалі віншаванні вядомых публічных асобаў да Дня Волі, які сёлета як ніколі мае не толькі гістарычны, але палітычны сэнс.

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР:

Дарагія суродзічы, сябры. Ад імя Рады БНР вітаю вас з угодкамі гэтага слаўнага дня, калі наш народ стварыў пасля доўгай няволі сваю першую незалежную дзяржаву – БНР. Прысвячаю мой сёлетні зварот героям, якія выйшлі пасля выбараў сотнямі тысяч на вуліцы нашых гарадоў з бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама беларусам замежжа, якія іх падтрымалі ў іхным змаганні за праўду і годнасць, адабраную здраднікам на службе суседняй імперыі. Хачу сказаць, як я моцна ганаруся вамі. Тры гады таму з нагоды 100-годдзя БНР я выказала веру, што вы, моладзь, вызваліце Беларусь з-пад дыктатуры, і нягледзячы на тое, што вы цярпелі 26 гадоў пад ботам камуністычнага спадкаемца, вашая нябачная зброя, вашае пачуцце прыналежнасці да беларускай зямлі і вашая генетычная памяць перамогуць усе перашкоды на дарозе, асабліва страх, на які разлічваў узурпатар, фальсіфікуючы выбары. Працэс пачаўся. Веру, што здзек, які рэжым сабе дазваляе, хутка дасць месца светлай, вольнай Рэспубліцы Беларусь. Моцна прашу: не трацьце надзеі, заставайцеся з’яднанымі і салідарнымі пад знакам Пагоні. Вашая салідарнасць, вашая любоў да сваёй бацькаўшчыны і да бліжэйшых людзей, братоў і сёстраў беларусаў, перамогуць рэжым, які ўжо столькі гадоў здзекуецца над вамі. Веру што, як абяцае наш гімн: разам мы адродзім жыццё рэспублікі сваёй. Дык дай Божа! Жыве Беларусь!

Кацярына Андрэева бярэ каментар у Ніны Багінскай. 1 верасня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Ніна Багінская, грамадская актывістка:

Свабода – гэта стан чалавека, стан ягонага жыцця, пры якім ён можа выяўляць свае чалавечыя здольнасці. Рабства трэба выкарчаваць з нашых галоваў, нашых душаў, нашых сэрцаў. Мы павінныя быць свабоднымі. Свабода, Дзень Волі, а ён будзе святкавацца пад бел-чырвона-белымі сцягамі, – гэта для нашага грамадства, я лічу, небяспечна і самаахвярна. Людзі толькі вельмі смелыя могуць выйсці, тупнуць нагой на гэтую банду акупацыйных структураў, чыноўнікаў, якія ненавідзяць нашую мову, наш сцяг. Людзі не павінныя баяцца, павінныя быць смялейшымі. Але ў той сітуацыі моладзь, бацькі маленькіх дзяцей мусяць зрабіць выбар, падумаць, каб не трапіць у гэтыя пастарункі, СІЗА, – можа, сапраўды сядзіце ў сябе дома, святкуйце тым, што вучыце нашую мову, бараніце жыццё – і гэтым самым мы абаронім сваю нацыю. Жыве Беларусь!

Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2018 года.
Фота: Forum/Reuters

Уладзімір Някляеў, паэт, кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе:

«103-ю гадавіну нашай незалежнай краіны мы святкуем зноў у акупацыі. Толькі раней была знешняя акупацыя, знешнія войскі – нямецкія і польскія стаялі на мяжы, з усходу рускія, бальшавіцкія. А цяпер у нас акупацыя ўнутранымі войскамі – антыбеларускімі, антынароднымі. Той улады, якую мы сёння маем і якая не ёсць ні беларускай, ні народнай. Мы забыліся, што гэта пачалося не сёння. Як толькі да ўлады прыйшлі лукашысты, Лукашэнка – што было зроблена? Рэферэндум для адмены нацыянальнай сімволікі. І заяўлена было, што беларуская мова таксама не для беларусаў, бо яна і не мова, а мова – гэта расейская. Але сіла на нашым баку, праўда на нашым баку, і будуць яны на нашым баку».

Павел Белавус, уладальнік крамы Symbal.by:

«Вольная краіна пачынаецца з вольнага чалавека. І калі кожны з нас будзе вольны сам, у сваіх думах, памкненнях, марах, дзеяннях – будзе вольнай і краіна. Жыве Беларусь!»

Павел Гарадніцкі, музыка, актор:

«Свабода – гэта магчымасць мець сваё меркаванне, погляд на жыццё, сваю пазіцыю. І магчымасць гэтую пазіцыю агучваць».

Дыджэі Пераменаў.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дыджэі пераменаў Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі:

Свабода – гэта магчымасць рабіць выбар, прымаць рашэнні. Гэта калі закон і права рэгулююць твае дзеянні ды дзеянні іншых людзей. І рэгулююць выключна з дапамогаю праўды. Страшна, што цяпер ёсць запыт казаць такія базавыя рэчы ўголас. Як быццам падобная думка можа быць нейкай цікавай, а гэта – элементарнае, базавае і відавочнае. А тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, – гэта паўвайсковы рэжым. Бязглузда казаць пра нейкае палітычнае развіццё краіны і вектар кірунку, калі не закрытыя базавыя патрэбы. Калі чалавек не ўпэўнены, што вернецца дахаты. 25-га – свята, гэта здорава. Але тое, пра што я кажу, адбываецца кожны дзень. Гэта не мае дачынення да таго, што «вось, давайце ў адзін дзень усе гэта зразумеем і будзем казаць». Гэта тое, пра што трэба казаць. Так, гэта дзіўна, што гэта трэба казаць, але гэта відавочныя рэчы на кожны дзень.

Марш герояў
Іна Зайцава.
Фота: ІА / Белсат

БЧБ-нявеста Іна Зайцава:

Дарагія беларусы, у мяне для вас вельмі дрэнная навіна ў гэты вельмі добры дзень. На жаль, наш дыктатарскі ўрад пайшоў далей: нас інтэгруюць з Расеяй. Ужо падатковым службам прадстаўлены «Падатковы кодэкс РФ». Да верасня мы пяройдзем на расейскую сістэму падаткаабкладання. Да зімы магчымая поўная інтэграцыя з Расеяй. Мы не можам гэтага дапусціць. Мы – гордыя нашчадкі ліцвінаў. За намі – нашая нацыя, і мы абавязаныя яе выратаваць. Я заклікаю вас да наступнага рашучага кроку – поўнага эканамічнага байкоту. Не купляем прадуктаў беларускіх вытворцаў, максімальна не сплачваем усяго, за што можам не плаціць. Мы абавязаныя абараніць нашую нацыянальнасць, нашую мову, нашую волю. Мы – вольныя, мы – беларусы. Мы абавязаныя не знікнуць, абавязаныя захаваць нашу вольную незалежную краіну для нашых дзяцей. Жыве Беларусь!

belsat.eu

Стужка навінаў