Макар заявіў, што ўжо затрыманыя трое чалавек, якіх КДБ хоча абвінаваціць у правакацыях


Ігар Макар заклікаў беларусаў не выходзіць на пратэсты падчас УНС. Люты 2021 года. Крыніца: скрыншот з відэа / Радио 97 / YouTube

Былы супрацоўнік спецпадраздзялення «Алмаз» МУС Беларусі Ігар Макар звярнуўся з відэазваротам да кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля.

У сваім выступе былы спецназавец заявіў, што мае доказы таго, што ў Беларусі да Дня Волі рыхтуюцца правакацыі, якія могуць прывесці да ахвяраў. Паводле яго, у выпадку ўчынення правакацыяў кіраўнік КДБ нашмат хутчэй апынецца на лаве падсудных у новай Беларусі.

Ігар Макар заклікаў Івана Церцеля не рабіць правакацыяў, «якія забяруць жыцці людзей» і не вінаваціць «у злачынных дзеяннях таго, хто не меў да гэтага ніякага дачынення». Ён заявіў, што ўжо затрыманыя і застаюцца ў ізалятары КДБ два падпалкоўнікі і адзін цывільны чалавек, «на якіх можна з гонарам павесіць усе злачынствы рэжыму». Ім нібыта вынесуць смяротны прысуд, які выканаюць у самыя кароткія тэрміны, сказаў былы спецназавец.

Ён таксама распавёў, што «гатовы выкласці на шалі» ў абмен на жыцці затрыманых пэўную інфармацыю, у тым ліку аб рыхтаванні забойстваў апазіцыянераў, звесткі пра выбухі ў 2008 і 2011 гадах, пра сябра кіраўніка КДБ у Маскве і гэтак далей. Сярод іншага, Макар назваў падзею, якая здарылася раніцай 15 сакавіка і ад якой залежыць пасада Церцеля.

Паводле былога спецназаўца, сваім выступам ён паставіў на кон уласнае жыццё, але паабяцаў быць верным сваім сябрам і людзям, якія яму паверылі.

Hавiны
BYPOL: Улады рыхтуюць тэракт 25 сакавіка, каб увесці надзвычайнае становішча
2021.03.24 08:35

Між тым ініцыятыва беларускіх сілавікоў «BYPOL» паведаміла, што дзейныя ўлады рыхтуюць тэракт «напярэдадні адной з самых чаканых сёння ў Беларусі падзеяў – Дня Волі».

Як заяўляецца, тэракт 25 сакавіка «развяжа дыктатару рукі для ўвядзення ў краіне надзвычайнага становішча» дзеля «дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сіламі Камітэту дзяржаўнай бяспекі». Злачынства нібыта рыхтуецца «ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў