Генпракуратура завяла крымінальную справу адносна абставінаў смерці жанчыны ў Маладзечне


Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу аб паклёпе паводле арт. 188 КК. Падставай была інфармацыя Telegram-каналу «Белые халаты», у якой распавядалася пра смерць жанчыны ў маладзечанскай больніцы падчас візіту А. Лукашэнкі.

Паводле Генпракуратуры, невядомая асоба 16 сакавіка распаўсюдзіла «загадзя ілжывыя выдумкі пра абставіны смерці жанчыны ў кардыялагічным аддзяленні Маладзечанскай цэнтральнай раённай больніцы», якую ў гэты дзень з працоўным візітам наведваў Лукашэнка.

«Сваякі і медычныя працаўнікі абураныя скажэннем фактаў і іх тыражаваннем, звярнуліся ў праваахоўныя органы з просьбамі разабрацца ў тым, што здарылася, і даць прававую ацэнку цынічнаму ўчынку», – паведамляе Генеральная пракуратура.

Справу накіравалі ў Следчы камітэт.

Аляксандр Лукашэнка наведвае шпіталь у Маладзечне.
Фота: https://president.gov.by

Telegram-канал «Белые халаты» сапраўды паведамляў, што падчас наведвання Лукашэнкам больніцы ў Маладзечна памерла пацыентка. Рэч у тым, што ахова Лукашэнкі не прапусціла да яе рэаніматолага. Факт смерці пацвердзіла галоўная доктарка Маладзечанскай ЦРБ Дар’я Калядзіч. Праўда, медык распавяла, што ў корпусе быў свой дзяжурны рэаніматолаг, а Лукашэнка ў той момант быў у іншым корпусе.

Медыкі дапоўнілі гісторыю ў Telegram-канале, пацвярджаючы, што выкліканага для аказання дапамогі рэаніматолага не выпусцілі з корпуса.

«Сапраўды гэтак жа, як відавочная хлусня галоўнага лекара Маладзечанскай ЦРБ, якая заявіла, што ў карпусах яе больніцы заўсёды ёсць асобныя рэмбрыгады», – удакладняе канал.

Паводле дактароў, у корпусе не было рэанімацыйнай брыгады, а быў толькі адзін анестэзіёлаг, які быў заняты на аперацыях. Іншага доктара, які спяшаўся да пацыенткі, прадстаўнікі службы бяспекі не пусцілі ў корпус.

Hавiны
Рада ААН у правах чалавека прыняла рэзалюцыю адносна Беларусі
2021.03.24 15:44

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў