news
Аналітыка
Прагнозы адносна вайны ва Украіне: у пачатку ўварвання і праз два гады
Не толькі пуцінскі «Кіеў за тры дні» і «два-тры тыдні» Арэстовіча.
24.02.202412:00

Крэмль планаваў узяць Кіеў за тры дні, адступіў праз пяць тыдняў, але ўжо два гады працягвае весці поўнамаштабную вайну ва Украіне. «Белсат» згадаў, што прадракалі эксперты ў пачатку ўварвання, і папрасіў даць прагнозы на бліжэйшы час.

Від на жылыя раёны Кіева на левым беразе ракі Днепр. Кіеў, Украіна. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Пуцінскі «Кіеў за тры дні» і «два-тры тыдні» Арэстовіча

Планы Расеі па нападзе на Украіну былі вядомыя яшчэ ў канцы 2021 году. У той час гучала нямала змрочных прагнозаў накшталт такога: калі Расея нападзе, абарона Кіева абрынецца за некалькі гадзінаў. Расейская прапаганда была «больш сціплаю»: казала, што Кіеў возьмуць за тры дні.

Крэмль сапраўды планаваў вокамгненную перамогу. Раніцай 26 лютага 2022 году расейскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости апублікавала відавочна падрыхтаваны загадзя артыкул пра перамогу над Украінай. Яго хутка выдалілі, але архіўная копія засталася.

Фота
А заўтра пачалася вайна… Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі
2022.02.24 09:34

З боку Украіны быў свой невясёлы мэм, падобны да «Кіеў за тры дні наадварот». Праз месяц ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Аляксей Арэстовіч, які на той момант быў дарадцам кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны і нефармальным «тэлепсіхіятрам» для многіх украінцаў, прагназаваў, што актыўныя баявыя дзеянні скончацца праз два-тры тыдні. Потым палітык не раз апраўдваўся за гэтыя словы, якія яму дагэтуль згадваюць.

Прагнозаў хапае і цяпер, на любы густ і ад любых крыніцаў: напрыклад, тут тры сцэнары вайны ва Украіне ў 2024 годзе ад супрацоўніка Еўрапейскай Рады па міжнародных адносінах, тут развагі пра планы Украіны на 2024 год ад брытанскага Financial Times, тут сацапытанне саміх украінцаў пра іхныя чаканні, тут прагноз беларускага ананімнага Telegram-каналу Cynic, тут наша аналітыка пра верагоднасць уступлення ў вайну беларускага войска…

Раней «Белсат» спытаў эканамічнага даследчыка аб прагнозах для беларускай эканомікі ў пачатку 2022 года і ў пачатку 2024-га:

Аналітыка
«Ад крызісу да крызісу». Чаму эканоміка Беларусі не абвалілася ў выніку вайны ва Украіне
2024.02.23 14:00

Цяпер «Белсат» запытаў трох экспертаў пра іхныя прагнозы ў пачатку вайны і пра чаканні ад 2024 году.

Алег Жданаў: увечары 24 лютага чакаў прапановы міру праз 3-5 дзён

Украінскі вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу Алег Жданаў у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання разважаў: Уварванне хутка захлынецца, бо Уладзімір Пуцін не мау другога эшалону войскаў, а тым больш фізічнай магчымасці акупаваць усю Украіну, таму праз 3–5 дзён Крэмль прапануе «Менск-3» – новыя перамовы ў менскім фармаце і ўмовы наконт Данбасу.

Олег Жданов
Украінскі вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу Алег Жданаў у размове з «Белсатам». 21 лютага 2024 году. Скрыншот: Белсат

«Тады я разважаў зыходзячы з канкрэтнай абстаноўкі, – тлумачыць Жданаў «Белсату». – Тая групоўка войскаў, якую Пуцін уводзіў ва Украіну, не адпавядала тым задачам, якія ён ставіў. Таму, на той момант можна было зрабіць выснову, што гэта такі сілавы дэмарш дзеля прымусу нас да падпісання або выканання тых умоваў, якія вылучала Расейская Федэрацыя: там «дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя» і гэтак далей, нейтральны статус, абмежаванні па ўзброеных сілах, а галоўнае – выканаць «Менск-2», бо гэта прадугледжвала пераход Украіны пад палітычны кантроль Расеі. Гэта іх задавальняла цалкам».

«Сітуацыя павярнулася крыху па-іншаму, бо Пуцін разлічваў на захоп як мінімум «Наваросіі» – таго праекту 2014 году з васьмі абласцей, ад Харкава да Адэсы, гэты ж план уключаў захоп Малдовы», – кажа эксперт.

Паводле Жданава, высветлілася, што Украіна не рыхтавалася да вайны: сілы давялося разгортваць у час баявых дзеянняў. На самой справе Украіна рыхтавала і войскі, і тэрытарыяльную абарону, і ўкрыцці для мірнага насельніцтва, але гэтай падрыхтоўкі было відавочна недастаткова для ўпэўненага супрацьстаяння, асабліва на поўдні.

Алег Жданаў успамінае і іншы свой прагноз: пазней казаў, што вайна можа скончыцца да жніўня 2022 году. Тлумачыць: аказалася, што Украіна яшчэ і не мела недастаткова ваенна-тэхнічных запасаў. Сітуацыя мяняецца, мяняюцца і прагнозы, адзначае ён. Нягледзячы на гэта, Жданаў застаецца прызнаным экспертам – і адным з найбольш папулярных сярод украінцаў (даследаванне: PDF).

Чаго можна чакаць на працягу году? Жданаў адказвае:

«Мы сыходзім у глухую абарону з мэтай максімальнага нанясення стратаў арміі ворага і максімальнага захавання нашых войскаў для далейшых ваенных аперацыяў».

«Сёння мы ваюем цалкам «з колаў»: у нас наўпроставыя пастаўкі ад нашых краінаў-партнёраў адразу на лінію фронту, – тлумачыць ён. – Таму кожная змена сітуацыі на фронце наўпрост залежыць ад гэтых паставак».

Злучаныя Штаты, мяркуе Алег Жданаў, хутчэй за ўсё, выпадаюць з сусветнай палітычнай арэны, з пулу пастаўшчыкоў узбраенняў і тэхнікі і з фінансавання арганізацыі вядзення баявых дзеянняў. Еўропа пакуль не можа ў поўным аб’ёме кампенсаваць гэтыя амерыканскія пастаўкі, толькі паступова раскручвае ваенна-прамысловы комплекс. Значыць, галоўная задача Украіны – захаваць войска і пастарацца не страціць вялікія тэрыторыі ў ходзе абарончай аперацыі.

У нядаўнім інтэрв’ю Пуцін прапаноўваў ЗША перамовы пра лёс Украіны з такой умовай: спыненне паставак заходняй зброі Украіне, пасля чаго «ўсё будзе завершана за некалькі тыдняў», а потым можна пачынаць перамовы.

Агляд
Пра што Пуцін дзве гадзіны размаўляў з амерыканскім інтэрв’юерам Карлсанам. Пераказ
2024.02.09 04:36

Ці магчыма, што лёс Украіны вырашаць без ейнага ўдзелу, за спінаю прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага? Жданаў лічыць верагоднасць сепаратных перамоваў без Украіны мінімальнай.

Забойствам расейскага апазіцыйнага лідара, палітвязня Аляксея Навальнага, Пуцін сам пазбавіў сябе магчымасці вядзення перамоваў. Можа, Захад і пайшоў бы на сепаратныя дамоўленасці з Расеяй, але пакуль Расею ўзначальвае Пуцін, «садзіцца за стол перамоваў з ваенным злачынцам і забойцам палітвязняў нават самы заўзяты нягоднік наўрад ці пагодзіцца», упэўнены Алег Жданаў.

Аляксей Мельнік: у сакавіку-2022 дапускаў, што Расея пазбавіцца ад Пуціна і выведзе войскі

Кіраўнік праграмаў знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі ўкраінскага Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік у пачатку сакавіка 2022 году разглядаў розныя сцэнары.

Аляксей Мельнік на прэс-канферэнцыі. Кіеў, Украіна. 23 жніўня 2022 году.
Фота: mediacenter.org.ua

У інтэрв’ю BBC ён апісваў як малаверагодны, але рэалістычны нават такі сцэнар: атачэнне Пуціна «даспее», каб прыбраць пагрозу ў асобе кіраўніка, «павесіць на яго ўсіх сабакаў» і спыніць вайну.

«У першыя гадзіны і дні поўнамаштабнай агрэсіі былі надзеі, што гэтую вайну можна спыніць, спробы выйсці на нейкія каналы, праз якія можна дагрукацца да Пуціна і патлумачыць яму, наколькі бесперспектыўная тая кампанія, якую ён пачаў», – згадвае Мельнік у каментары «Белсату».

З ягоных словаў, у якасці аднаго з такіх каналаў у першыя тыдні разглядалі «сябру Пуціна», былога канцлера Нямеччыны і на той момант старшыню Рады дырэктараў «Раснафты» Гергарда Шрэдэра.

Рэалістычным у першы час, кажа суразмоўца, выглядаў сцэнар нейкай дамовы з Расеяй, кампрамісаў Украіны дзеля перамір’я і пачатку перамоваў. Тое, што цяпер выглядае нерэальным, у той час выглядала верагодным. Гэта пазней стала зразумела, што Пуціна не спыніць.

Цяпер Мельнік усё гэтак жа гатовы казаць не пра прагнозы, а пра верагодныя сцэнары.

Горшы для Украіны – калі з’явяцца абставіны, што вымусяць яе сесці за стол перамоваў са слабымі пазіцыямі. Такой акалічнасцю можа быць крытычнае зніжэнне замежнай дапамогі (у гэтым крытычны фактар магчымай перамогі Доналда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША). У такім сцэнары Расея будзе дамагацца тэрытарыяльных саступак і абмежавання суверэнітэту Украіны, будзе хацець весці перамовы не з Украінай, а з ЗША, якія адчувае «роўным гульцом». Такі сцэнар – пераход вайны не да міру, а да іншай фазы вайны на знішчэнне Украіны як дзяржавы з рызыкамі для суседніх з Украінай краінаў.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Найлепшы сцэнар для Украіны – захаванне падтрымкі Захаду на ўзроўні 2023 году, а ў ідэальнай сітуацыі ейны рост, і ў выніку нанясенне Расеі пераканаўчай паразы на полі бою. Тады таксама могуць быць перамовы і кампрамісы, але такі сцэнар адкрывае шлях да мірнага суіснавання Расеі і Украіны.

Паміж гэтымі двума варыянтамі – змена палітычнага кіраўніцтва ў Расеі. Цяпер відавочна, што пры захаванні заходняй падтрымкі Украіны перспектывы перамогі Крамля прывідныя. Таму любы новы лідар РФ, хутчэй за ўсё, будзе спрабаваць знайсці выйсце з гэтай сітуацыі, зваліць віну на жывога ці мёртвага папярэдніка, знізіць канфрантацыю да мінімуму ў абмен на зніжэнне або зняцце санкцый і прызнанне некаторых заваёваў (найбольш важная з якіх – Крым).

«Цяпер вельмі шмат і небеспадстаўна гаворыцца, што мы перажываем найбольш крытычны, можа, найцяжэйшы перыяд гэтай вайны, – адзначае Мельнік. – Але пры гэтым мы ўжо крыху забыліся, наколькі крытычнымі былі першыя дні вайны, калі праграмай максімум ставілася пратрымацца дзень-два-тры».

Ён нагадвае: перспектывы Украіны ў лютым–сакавіку 2022 году выглядалі значна горш за цяперашнія.

Аляксандр Марозаў: у траўні-2022 ужо не чакаў хуткага заканчэння вайны

Выкладчык Карлавага ўніверсітэту ў Празе, палітолаг расейскага паходжання Аляксандр Марозаў у траўні 2022 года казаў «Белсату», што вайна не спыніцца да канца году і не завершыцца простым перамір’ем. У той жа час ён адзначаў надзвычайную салідарнасць краін Захаду, якой не было ў папярэднія восем гадоў вайны на Данбасе.

Выкладчык Карлавага ўніверсітэтуў Празе, палітолаг Аляксандр Марозаў у размове з «Белсатам». 20 лютага 2024 году. Скрыншот: Белсат

«Ужо тады было ясна: фармат заканчэння вайны ў значнай ступені звязаны з тым, што немагчыма пабудаваць канструкцыі ўрэгулявання, – кажа Марозаў цяпер. – Мы не бачым, якім чынам наогул гэтая вайна можа быць завершаная ў цяперашні момант».

Ён бачыць тры сцэнары, якія цяпер часцей за ўсё абмяркоўваюцца.

Першы – прыпыненне ваенных дзеянняў, замарозка канфлікту. Да гэтага заклікае некаторая колькасць людзей, але ў еўрапейскай палітыцы такіх меншасць. Тыя, хто прымаюць крытычныя рашэнні ў праўкраінскім глабальным альянсе, разумеюць, што замарозка не прывядзе да прыпынення вайны: баявыя дзеянні пачнуцца калі не праз тры дні, дык праз месяц.

Другі – мірнае пагадненне на ўмовах Крамля. Пуцін выразна фармулюе: перамовы магчымыя, але ўсё заваяванае застаецца за ім. Гэта абсалютна разыходзіцца з украінскай формулай свету. А пакуль украінскае кіраўніцтва і грамадства будзе гатовае весці вайну, ніхто з саюзнікаў не будзе ціснуць на Кіеў, каб прымусіць да саступак. «Закулісны ціск на Кіеў» Марозаў лічыць проста канспіралогіяй.

Трэці – змена кіраўніцтва Расеі. Калі ў Расеі адбудзецца пераварот і зрынанне Пуціна, новы кіраўнік будзе ў стане пачаць новую палітыку ў дачыненні да вайны, тады ўзнікнуць перамоўныя опцыі.

Агляд
Стрымаць Пуціна і залагодзіць Трампа. Да чаго не прыйшлі на канферэнцыі бяспекі ў Мюнхене
2024.02.20 10:20

Крэмль са свайго боку чакае, што ў Кіеве кудысьці знікне Зяленскі, а з іншым прэзідэнтам Украіны можна будзе пачаць новы раўнд перамоваў. Таксама Крэмль спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў ЗША ці выбары ў Еўрапарламент зменяць стаўленне саюзнікаў Украіны да вайны.

«Адказ просты: не, не зменяць, – упэўнены Марозаў. – Перамога Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША можа многае змяніць ва ўнутранай палітыцы Злучаных Штатаў, але яна нічога не зменіць у стаўленні Штатаў канкрэтна да расейска-ўкраінскай вайны».

У пытанні падтрымкі Украіны ў ЗША, тлумачыць ён, ёсць устойлівы двухпартыйны кансэнсус. Тое, што цяпер дапамога Украіне затрымліваецца праз унутрыпалітычную барацьбу і перадвыбарчую кампанію, успрымаецца драматычна, але праблема не катастрафічная. І ў Кіеве, і ў сталіцах Еўразвязу ведаюць, што сярод амерыканскіх рэспубліканцаў, якія пакуль блакуюць адпаведны законапраект, насамрэч няма праціўнікаў прадастаўлення Украіне той сумы.

Да таго ж, вайну ва Украіне ўсе еўрапейскія ўрады і міжнародныя структуры ўсвядомілі як доўгатэрміновую, якая уяўляе сабой глабальную пагрозу, лічыць Марозаў. Праз гэта пачаліся працяглыя працэсы пераўзбраення еўрапейскіх арміяў, ставіцца пытанне стварэння арміі Еўразвязу, прымаюцца доўгатэрміновыя рашэнні пра ўмацаванне ўсходняга флангу NATO.

«Можна сказаць дакладна адно: ні ў 2024-м, ні ў 2025-м глабальны альянс падтрымкі Украіны, які склаўся цяпер, нікуды не дзенецца, ён будзе паслядоўна і метадычна прадастаўляць Украіне фінансавую і вайскова-тэхнічную дапамогу, – сцвярджае палітолаг. – Што тычыцца Крамля, можна упэўнена казаць, што Пуцін не зменіць сваёй пазіцыі».

Што Пуцін, што ягонае найбліжэйшае асяроддзе выразна дэкларуюць: яны гатовыя весці вайну колькі заўгодна, – пакуль не будуць дасягнутыя мэты вайны, пераказвае маразоў. А мэты «блукаючыя» сфармуляваныя настолькі расплывіста, што яны не могуць быць прадметам перамоваў. Цяпер мэты Расеі ўключаюць пабудову новай сістэмы бяспекі ў Еўропе, а ў Еўразвязе або Штатах пра такое не збіраюцца весці перамоваў і не маюць даверу да Крамля.

Знішчаная расейская вайсковая тэхніка выстаўленая на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 12 сакавіка 2023 году.
Фота: Уладзіслаў Максіменка/ Белсат

Цяпер таксама не ўсё прадказальна

У абодвух бакоў ёсць рэсурсы на вядзенне вайны не менш як да сярэдзіны 2025 году, кажа Марозаў са спасылкай на вайсковых экспертаў. Далей зазіраць цяжка, але наш суразмоўца мяркуе: потым вайна можа ісці яшчэ два гады ў фазе на знясіленне.

Выходзіць – яшчэ 4-5 гадоў вайны, калі нічога гвалтоўна не зменіцца. Але змяніцца можа многае.

Марозаў адзначае, што нават важнейшыя за выбары ў ЗША ў гэтым кантэксце прэзідэнцкія выбары ў Малдове і малдаўскі рэферэндум аб інтэграцыі ў Еўразвяз. Гэта прыцягвае вялікую ўвагу Крамля, які яшчэ нядаўна «двума нагамі сядзеў унутры малдаўскай палітыкі» і дагэтуль захоўвае вайсковую прысутнасць у непрызнанай «Прыднястроўскай рэспубліцы» на тэрыторыі Малдовы.

Яшчэ адзін важны аспект – жаданне Расеі развіваць паўночны марскі шлях і жаданне аўтаномна дзейнічаць у Арктыцы, калі ужо выгналі з Арктычнай рады, а значыць, магчымыя правакацыі супраць адной з краінаў Скандынавіі.

Ды і павышэнне градусу рэпрэсіяў у Расеі «змяшчае патэнцыял моцнага канфлікту», што дадае нявызначанасці.

Інтэрв’ю
Польскі генерал: Пуцін мог бы рызыкнуць, каб адваяваць калідор да Калінінграду праз Беларусь
2024.02.12 21:08

Алесь Наваборскі / ЮК belsat.eu