«Гэта быў год болю, нязломнасці, надзеі». Заявы прэзідэнтаў і палітыкаў на гадавіну вайны


Прэзідэнт Украіны звярнуўся да суайчыннікаў з нагоды гадавіны ўварвання Расеі. «Гэта быў год вытрываласці. Год мужнасці. Год болю. Год надзеі. Год вытрымкі. Год адзінства. Год нязломнасці», – сказаў Уладзімір Зяленскі. З заявамі, прысвечанымі вайне, выступілі таксама кіраўнікі іншых дзяржаваў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 24 лютага 2023 года.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны / president.gov.ua

Зварот Уладзіміра Зяленскага апублікаваны ў ягоных сацсетках і на сайце Офісу прэзідэнта Украіны. Ён згадаў пагрозы пра тое, што краіна будзе захопленая за 72 гадзіны, «і сёння мы стаім роўна год».

«Мы не ўзнялі белага сцяга, а сталі абараняць сіне-жоўты. Не спалохаліся, не зламаліся, не здаліся. Сімвалам гэтага сталі памежнікі са Змяінага і маршрут, куды яны адправілі «расейскі карабель», – сказаў Зяленскі.

Ён падзякаваў усім, хто абараняе краіну, партнёрам і саюзнікам Украіны.

«За год практычна кожны ўкраінец некага страціў. Практычна ў кожнага ў тэлефоне ёсць хаця б адзін кантакт, які больш ніколі не падыме слухаўкі. Не адкажа на SMS «Як справы?». Мы не сатром іхныя імёны ні з тэлефона, ні з уласнай памяці. Мы іх ніколі не забудзем. Мы ніколі гэтага не прабачым. Мы ніколі не супакоімся, пакуль расейскія забойцы не будуць пакараныя».

Прэзідэнт запэўніў, што Украіна верне ўсе свае землі, верне грамадзянаў, якія цяпер за мяжою, верне кожнага свайго палоннага – і «толькі гэта ўсё разам будзе перамогай».

«Мы вытрымліваем усе пагрозы, абстрэлы, касетныя бомбы, крылатыя ракеты, беспілотнікі-камікадзэ, адключэнні святла, холад. Мы мацнейшыя за гэта. Гэта быў год вытрываласці. Год мужнасці. Год болю. Год надзеі. Год вытрымкі. Год адзінства. Год нязломнасці. Галоўная яго выснова – мы выжылі. Нас не перамаглі. І мы зробім усё, каб перамагчы сёлета!»

Сёння пазней Уладзімір Зяленскі зладзіць прэс-канферэнцыю, на ёй будзе таксама карэспандэнт «Белсату».

На гадавіну вайны выказаўся і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён заявіў, што Расея, пачынаючы вайну ва Украіне, хацела аднавіць Расейскую імперыю, падзяліць свет і зрабіць Еўропу залежнай ад сваіх рэсурсаў.

«Сёння, пасля года вайны, мы ведаем, што яны праваліліся, што Расея не заваявала Украіны. Заходні свет адзіны. Роля NATO вырасла, і ўсё больш краінаў далучаюцца да альянсу. Еўропа нарэшце пазбаўляецца залежнасці ад расейскіх нафты і газу».

Дуда падкрэсліў, што «Уладзімір Пуцін зазнае паразу, і ён не дасягнуў аніводнай сваёй стратэгічнай мэты»: «Яго спыніў гераізм украінскіх ваяроў і ўкраінскага грамадства. Яго спыніла стаўленне Польшчы і іншых краінаў, якія з першага дня падтрымалі Украіну. Але ўсё гэта было б немагчыма без моцнага кіраўніцтва Злучаных Штатаў».

Пры гэтым польскі лідар канстатаваў, што «Расея яшчэ не прайграла, а Украіна яшчэ не выйграла».

«Мы добра ведаем, што шлях да гэтай перамогі яшчэ доўгі і будзе аплачаны вялікімі намаганнямі і ахвярамі. Але іншага шляху няма. Любыя спробы дамовіцца з Расеяй за спінаю Украіны – недальнабачныя і прывядуць да яшчэ большай трагедыі ў будучыні. Для трывалага міру Украіна мусіць перамагчы».

Дуда падзякаваў усім палякам за салідарнасць і падтрыманне ўкраінцаў: «Мы ведаем, што наступствы гэтай вайны закранаюць усіх нас, многіх людзей ва ўсім свеце, але мы памятаем, што менавіта ўкраінскі народ плаціць за свабоду самую высокую цану – цану жыцця».

Hавiны
На гадавіну пачатку вайны Кіеў наведаў прэм’ер Польшчы
2023.02.24 12:48

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Facebook напісаў, што расейскае ўварванне змяніла ўвесь свет: «Вайна дапамагла нам убачыць сапраўдны твар зла і дабра».

«Расея пацярпела няўдачу. Яны не дасягнулі поспеху за год і ніколі яго не дасягнуць. Бо ўкраінцы не здадуцца, і ўся Еўропа будзе стаяць разам да перамогі. Я веру, што перамога Украіны блізкая. Я веру, што зло будзе пераможана і што мы ўсе разам будзем святкаваць свабоду і мір, як у Вільні, гэтак і ў Кіеве».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў адмысловым звароце сказала, што год таму ўкраінцы прачнуліся ад выбухаў ракетаў, а беларусы «прачнуліся з адказнасцю, што ракеты ляцяць з тэрыторыі нашай краіны, хаця мы супраць гэтай вайны»:

«Год таму, да 24 лютага, мы думалі: горш быць ужо не можа. А зранку даведаліся: можа. У дадатак да рэпрэсіяў і ўнутрыпалітычнага крызісу мы ледзьве не ператварыліся ў міжнародных ізгояў».

Як адзначыла Ціханоўская, гэты год паказаў, што сярод беларусаў – шмат герояў: «Нашыя смелыя партызаны, якія ў адзіночку спынялі вайсковыя эшалоны, нашыя добраахвотнікі, нашыя валанцёры ва Украіне і Беларусі, дзясяткі тысяч асобаў, якія дасылалі інфармацыю ў «Беларусі Гаюн», – кожны з вас рызыкаваў, каб выратаваць чыёсьці жыццё».

Яна падзякавала беларусам за сілу і чалавечнасць, за тое, што беларусы застаюцца на баку дабра, за тое, што для беларусаў не існуе фразы «всё не так однозначно»:

«За гэты бязлітасны год мы зрабілі вельмі шмат. Мы вывучылі, што ў нас ёсць і свае нацыянальныя інтарэсы. Зразумелі, што часам трэба не толькі дапамагчы іншаму, але і бараніць сваё. Усвядомілі, што мы – асобная краіна, і нам не патрэбныя ніякія старэйшыя браты».

Каардынацыйная рада Беларусі ў сваёй заяве адзначыла гістарычную супольнасць Беларусі і Украіны ў «агульнай барацьбе з расейскім імперыялізмам»: «Мы ўсведамляем, што абедзве нашыя краіны не будуць вольнымі і квітучымі, пакуль над імі застаецца нават патэнцыйная пагроза «рускага свету».

«Каардынацыйная рада падкрэслівае, што пазіцыя і выбар Аляксандра Лукашэнкі не адлюстроўвае пазіцыі большай часткі беларусаў. Мы перакананыя, што дваіх дыктатараў і іх хаўруснікаў чакае міжнародны трыбунал і гістарычная адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці. А Украіну і Беларусь чакае вялікі шлях аднаўлення», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
У Менску на знак салідарнасці з украінцамі ўзнялі сцяг Украіны
2023.02.24 11:40

Сваю заяву на гадавіну вайны ў Telegram-канале апублікаваў колішні прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў. Не абышлося без новых пагрозаў:

«Важна дасягнуць усіх мэтаў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Адсунуць межы пагрозаў нашай краіне як мага далей, нават калі гэта будуць межы Польшчы. Знішчыць неанацызм дашчэнту. Каб не марнаваць потым часу на адлоў рэшткаў бандэраўскіх бандаў па маларасейскіх лясах».

Ён выказаў упэўненасць, што Расея пераможа, «верне свае тэрыторыі і надзейна абароніць сваіх людзей».

Hавiны
Кітай выказаў сваю пазіцыю аб палітычным залагоджванні крызісу ва Украіне
2023.02.24 08:24

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг наведвае Эстонію, якая сёння адзначае Дзень незалежнасці. На прэс-канферэнцыі ў Талліне ён сказаў, што прэзідэнт Расеі рыхтуецца на новых наступаў ва Украіне:

«Пуцін не адмовіўся ад сваіх мэтаў, ён хоча такую Еўропу, у якой Расея кажа, што павінны рабіць ейныя суседзі. Перамога Расеі зрабіла б свет больш небяспечным. Гэта паслала б сігнал іншым аўтакратам».

Стольтэнбэрг заявіў аб неабходнасці даць Украіне ўсё, што ёй трэба, бо Пуцін не гатовы да міру.

Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, якая таксама сёння перабывае ў Эстоніі, адзначыла на прэс-канферэнцыі, што Украіна пераможа, бо ейныя саюзнікі не здадуцца:

«Пуцін не дасягнуў ніводнай са сваіх стратэгічных мэтаў. Ён хацеў сцерці Украіну з мапы свету, а сутыкнуўся з неверагодна рашучай нацыяй. ЕЗ поўны рашучасці падтрымоўваць Украіну столькі, колькі гэта будзе неабходна».

Аналітыка
Рост эканомікі і інфляцыя. Як вайна ва Украіне паўплывала на Еўропу, Сярэднюю Азію і Каўказ
2023.02.24 14:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў