Як паводзіць сябе падчас бамбавання. Парады дасведчанага чалавека


Беларуска з Ізраілю, якая мае вялікі досвед выжывання падчас бамбаванняў, раіць украінцам і людзям, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, не панікаваць, падрыхтаваць «трывожны чамаданчык» і пасля доўгага знаходжання ў бамбасховішчы спрабаваць ператварыцца ў «пральную машыну».

Людзі знаходзяць прытулак на станцыі метро ў Кіеве, Украіна. 24 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Па словах жанчыны, у Ізраілі ёсць адмысловая служба тылу, якая, у выпадку абстрэлу, дае жыхарам выразныя рэкамендацыі і парады. Беларуска кажа, што найперш, у выпадку бамбаванняў, важна захоўваць халодную галаву і спакой. І быць падрыхтаваным да гэтага.

Увядзі псіхіку ў стан цэйтноту

«Гучыць трошкі дзіўна, але трэба пастарацца захоўваць спакой. Таму што тое, што адбываецца, ужо адбываецца. Няма сэнсу рабіць выгляд, што гэтага няма, няма сэнсу пераймацца. Перажываць будзем потым. Дамоўцеся з сабой пра тое, што вашая псіхіка ўваходзіць у стан цэйтноту.

Ты зараз развязваеш надзённыя і вельмі важныя праблемы, а ўсё астатняе будзеш вырашаць потым», – кажа беларуска.

Складзі спіс неабходных рэчаў

«Калі б я зараз была ва Украіне, склала б спіс рэчаў, якія трэба забраць з сабой. І спакавала б «трывожны чамаданчык». Дакументы, грошы – найперш! Нейкія сямейныя рэчы, дробныя рэліквіі. Паклала б усё гэта ў металічную скрыню і завярнула б у плёнку, каб не прамокла.

Склала б таксама спіс тых, пра каго клапачуся: хворыя бацькі, дзеці, хатнія жывёлы. Падумала б, як даць рады з гэтым. То бок куды падзець ката, як быць з бацькамі, калі яны раптам не могуць з’ехаць ці пакінуць кватэру».

Ведай пра бліжэйшае бамбасховішча

«Вельмі важна ведаць канкрэтнае месца, дзе знаходзіцца бліжэйшае ад вашага дому бамбасховішча.

Калі ёсць магчымасць выехаць кудысьці з гораду, напрыклад, у дом, дзе ёсць склеп, то я б адразу выехала. Чым ніжэйшыя вакол будынкі – тым лепш. Калі ёсць сутарэнні – вельмі добра. Але важна, каб людзі ведалі, што вы знаходзіцеся там: калі зверху вас засыпле, каб ведалі, дзе шукаць.

Таму – паведаміць у сацсетках. Бо гэта не тая сітуацыя, калі трэба хаваць месца свайго знаходжання.

І пра сірэны. Трэба дакладна ведаць, ці гудуць яны ў вашым раёне і ці добра чутныя. Бо чутнасць у розных месцах розная, а зімой вокны зачыненыя. Дамоўцеся загадзя, хто слухае і пільнуе сірэну трывогі. Ніякіх навушнікаў дарэчы! І ў бамбасховішчы – таксама».

Не забудзься пра ежу, ваду і… настольныя гульні

«Ежа і вада! Я б, можа, нават фільтры для вады ўзяла з сабой. Каб фільтраваць, калі вада раптам скончыцца. Ежа простая: тушонка, макароны. Згатаваную ежу – на некалькі дзён. Добра, калі будзе з сабой газавая гарэлка.

Калі з вамі дзеці, то я брала б кніжкі і настольныя гульні. Пры ўсім пры тым, што з дзецьмі давядзецца размаўляць і расказваць праўду, – бавіць час усё адно неяк трэба.

Я нават памятаю, як мы сядзелі ў бамбасховішчы – і мой сын рабіў хатняе заданне па матэматыцы. А што яшчэ рабіць? Трэба займаць галаву. І цела. Любыя актыўнасці, якія дазваляюць уключыць у іх некалькі членаў сямʼі, – гэта добра.

Можна падрыхтаваць спецыяльную сумку – не першай неабходнасці, – дзе будуць ляжаць рэчы для баўлення часу. Дарослыя людзі дадуць сабе рады, але калі мы з дзецьмі – гэта важна.

Прадстаўнік адміністрацыі Дзяснянскага раёну Кіева Мікола Бойка паказвае укрыццё ў горадзе. Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Дадам яшчэ пра дзяцей. Умаўляемся з імі пра безумоўную паслухмянасць. Калі кажу «падай на зямлю» – яны падаюць. І ніякіх пярэчанняў.

Падай на зямлю і закрывай галаву рукамі

«Калі чалавек знаходзіцца на вуліцы ці нават каля вакна падчас бамбавання, трэба легчы на зямлю (падлогу) тварам уніз. Яшчэ лепей – за нейкую перашкоду.

Таму што найбольшая небяспека не ў тым, што ў цябе трапіць ракеты, а ў тым, што цябе параніць аскепкамі. Чым ніжэй ты знаходзішся – тым лепш: менш верагоднасці, што цябе зачэпіць.

Рукамі закрывай галаву, бо яна самае важнае. Можна зашчапіць рукі за патыліцу і закрыць адначасова вушы. Адкрыць пры гэтым рот – каб не кантузіла.

Была аднойчы сітуацыя, калі бамбаванне застала нас на вуліцы, і прыйшлося накрыць дзяцей сваім целам…»

Не хавайся вышэй за трэці паверх

«У самой кватэры ёсць больш і менш бяспечныя месцы. Добра, калі вы ведаеце якія сцены ў вашым доме апорныя, а якія не. Як бы гэта фантастычна ні гучала, трэба сабе ўявіць, як ляціць ракета і з якога боку яна прылятае, колькі сценаў на яе шляху. І вось тое месца, перад якім больш за ўсё перашкод, – самае бяспечнае.

Украінцы раяць перачакаць у лазенцы? Магчыма, з гэтага пункту гледжання – маюць рацыю.

Высокія будынкі – гэта небяспека падчас бамбавання. Таму што можа ўзнікнуць пажар паміж паверхамі. Калі ты жывеш на шостым паверсе, а ракета трапляе на трэці – ты адрэзаны. Таму ў Ізраілі раяць падчас бамбавання не знаходзіцца вышэй за другі-трэці паверхі. Каб можна было паспець сысці з будынку ў выпадку пажару».

Укрыццё ў Кіеве, Украіна. 23 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Ператварыся ў пральную машыну

«І яшчэ хачу параіць такую важную штуку. Калі вучылася на спецыяльных курсах, нам давалі такое практыкаванне, якое называецца «пральная машына». Чалавек, які вельмі доўга знаходзіцца ў бамбасховішчы, становіцца вельмі заціснутым – і эмацыйна, і фізічна. Каб перажыць гэта, патрэбны час, і само сабой не пройдзе. Нашая задача – зняць гэтае звышнатуральнае напружанне.

Практыкаванне робіцца хвіліну ці дзве. Мы становімся пральнай машынай. Першае – нас «круціць» (імітуем целам), потым нас выціскаюць, а пасля – палошчуць. Тры хвіліны хаатычных рухаў – і гэта здымае напружанне.

Бо вельмі шмат залежыць не толькі ад таго, што адбываецца ў нас у галаве, а і ад таго, што мы адчуваем і неасэнсавана чынім сваім целам. І пра яго трэба клапаціцца – гэта важна!»

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў