«Ляжала кіпа 70% – і стосік 30%». Былы дырэктар школы Сяргей Стрэчка раскрывае сакрэты беларускіх «выбараў»


«Найлепшы дырэктар краіны» – так назвалі ў жніўні 2020-га былога кіраўніка СШ№ 10 Полацку Сяргея Стрэчку ягоныя вучні і выпускнікі. За адвагу і сумленнасць. Пасля выбараў ён першы з педагогаў публічна заклікаў пералічыць бюлетэні. Ведаў, пра што кажа, бо ад 2006-га ўзначальваў участковыя камісіі. Быць старшынём выбаркаму адмовіўся ў 2019-м і быў звольнены, аднак выйграў суд і аднавіўся на працы. Пасаду дырэктара школы займаў 17 год запар. Пра выбарчыя махінацыі, «рэферэндум» і Святлану Ціханоўскую размаўляем з Сяргеем Стрэчкам у варшаўскай кавярні.

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Сяргей Стрэчка, звольнены дырэктар полацкай сярэдняй школы №10.
Фота: Белсат

– Сяргей, у 2020 годзе вы ўжо не былі старшынём выбаркаму, але заклікалі да паўторных выбараў. Па вашай версіі, Лукашэнка прайграў. З якім вынікам?

– Удакладню: гэта не версія – я цалкам перакананы, што каля 4 мільёнаў выбарцаў у краіне прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую. Я 13 год быў старшынём камісіі і ведаю дакладна, што вынікі на ўчастку ў нашай школе – гэта сярэднестатыстычны паказнік па краіне. І 9 жніўня 2020 году на нашым участку перамагла Ціханоўская.

Сумленныя сябры выбарчай камісіі, якія там былі і якім я цалкам давяраю, сказалі: «Мы бачылі на ўласныя вочы: ляжала кіпа 70% і стосік 30%». І кропка.

Таму я і заклікаў да пераліку бюлетэняў. На нашым участку, дарэчы, вынікі галасавання так і не вывесілі.

«Ціханоўская мусіць пакласці далонь на Канстытуцыю»

– 14 жніўня вы запісалі відэазварот…

– Насамрэч гэта быў ужо другі ролік. Першы запісаў раней. Здымаў яго ў кабінеце: парваў усе дыпломы і граматы, сказаў, што не буду служыць крываваму рэжыму. Сказаў, што Лукашэнка прайграў выбары і заклікаў Ціханоўскую заступіць на пасаду. Аднак той ролік так і не быў апублікаваны.

– Лічыце Святлану Ціханоўскую прэзідэнткай?

– Безумоўна. І паўтару: Ціханоўская мусіць прызнаць сябе прэзідэнткай! Гэтага чакаюць усе: ад Мікашэвічаў да Віцебску, ад Брэста да Магілёва. Уся краіна чакае! Ціханоўская мусіць пакласці далонь на Канстытуцыю і сказаць: я прэзідэнт. А чалавека, які парушыў закон, трэба арыштаваць.

– Чаму, на вашую думку, яна не зрабіла гэтага яшчэ?

– Я не ведаю. Напэўна, тут нейкая палітыка. Хаця яна мусіла б зладзіць інаўгурацыю. І не пераймацца гэтай еўрапейскай паліткарэктнасцю. Мы, беларусы, мусім самі вырашаць свой лёс. А тое, як гэта ўспрымаюць і што кажуць еўрапейскія палітыкі, – гэта іх справа. А нашая справа – беларуская. Выбралі цябе прэзідэнтам – будзь ім. А што там далей – час пакажа.

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

«Людзі галасуюць, а ты ведаеш, што гэта не мае сэнсу»

– Што адбылося пасля публікацыі вашага відэазвароту?

– Я прыйшоў на працу, а там ужо віселі плакаты: «Сяргей Мікалаевіч, вы найлепшы дырэктар краіны!», «Мы ганарымся вамі!» і г.д. Дзеці і выпускнікі ўсю школу абвесілі такімі плакатамі. Яны, дарэчы, віселі даволі доўга, ці не цэлы тыдзень. Потым прыйшла жанчына з аддзелу адукацыі і ўсё пазрывала, паклала на маю машыну – гэта, маўляў, забірайце з сабой і развешвайце ўдома. Цяпер адзін плакат толькі захаваўся, дзе пра найлепшага дырэктара краіны. Астатнія давялося знішчыць.

Так, я быў адзін з першых педагогаў, хто публічна заявіў аб сваёй грамадзянскай пазіцыі. Але самы вялікі подзвіг учынілі тыя дырэктары, якія вывесілі непадробныя вынікі. Вось гэта быў подзвіг! А такія былі і ў Берасцейскай вобласці і ў Віцебску… Ці мой учынак быў подзвігам? Час пакажа. Можа, тое толькі першая ластаўка, можа, яшчэ трэба рабіць і рабіць такія подзвігі.

Даведка
Сяргей Стрэчка нарадзіўся ў 1970 годзе ў Салігорскім раёне, скончыў Старобінскую сярэднюю школу і геаграфічны факультэт БДУ. Служыў у Савецкай Арміі. Ад 1997 году працаваў у школе ў Полацку, спачатку настаўнікам, намеснікам дырэктара, з лютага 2004 году – дырэктарам. Жанаты. Мае дарослую дачку і ўнука. У 2020 годзе звярнуўся да дырэктараў школ і настаўнікаў з заклікам, каб тыя патрабавалі паўторныя выбары. У лютым 2021-га быў звольнены. 6 студзеня 2022 году пакінуў Беларусь. Працуе ў Варшаве ахоўнікам. Шукае працу па сваёй спецыяльнасці.

І спачатку ціску ніякага не было. Са сваёй намесніцай па выхаваўчай працы, якая стала замест мяне старшынёй камісіі, мы наагул пра гэта не размаўлялі. Яна разумела, што робіць, і яна ведала, што я сказаў абсалютную праўду. Ну, але там іншае стаўленне да жыцця і службовай лесвіцы. Як працавалі, так і працягвалі працаваць.

– У вас вялікі досвед працы на выбарах у якасці старшыні выбаркаму. Памятаеце свае першыя выбары?

– Першы раз старшынём камісіі стаў у 2006-м, на прэзідэнцкія выбары. І з таго часу да 2019 году працаваў ва ўсіх электаральных кампаніях, якія прыпалі на той перыяд. Але «ламала» мяне ўжо на першых выбарах. Чаму згадзіўся?.. Казалі, маўляў, Лукашэнка наш, свой, беларус, і трэба яго падтрымаць. І ўгаварылі мяне. Малады быў. А потым усё ўжо: як адзін раз зроблена, дык і пайшло. Пакуль не ўсвядоміў канчаткова, што не магу.

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

– Чаму толькі ў 2019-м?

– Ну, для кожнага разуменне ў свой час прыходзіць, разуменне, што ісці супраць волі народу нельга. І абрыдла ўжо! Кожны выбарчы працэс: людзі ідуць і галасуюць, а ты разумееш, што ўсё гэта не мае сэнсу. І што людзі ходзяць, ходзяць – а ўсё аказваецца хлуснёй. Усе лічбы пішуцца тыя, якія табе надыктоўваюць. Прычым памылку зрабіць нельга нават пасля коскі. З дакладнасцю сотых доляў павінна быць.

– Хто дыктуе?

– Ну як хто? Выканкам. Выклікае цябе начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу, які займаецца выбарамі, ты прыходзіш туды: ён дыктуе, а ты запісваеш. Ідзеш на ўчастак і пішаш вынікі. І не толькі вынікі, а і лічбы колькасці выбарцаў, які працэнт, якая яўка, колькі за аднаго, колькі за другога…

«Ты дырэктар – і мусіш мець чыстае сумленне перад вучнямі»

– І што адбылося ў 2019-м?

– Нічога. Проста прыйшло канчатковае рашэнне: больш не! Ніхто на мяне не ціснуў. Сам прыйшоў да гэтага, што трэба жыць сумленна. Ты дырэктар школы, і ў цябе мусіць быць чыстае сумленне перад вучнямі і іх бацькамі. А то атрымліваецца: кажаш адно, а робіш зусім іншае. Ну і працэс унутранай барацьбы ўсё-такі завяршыўся: трэба жыць па сумленні. І па законе.

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

– І што, можна было проста адмовіцца і выйсці з гэтай сістэмы?

– Не, канечне. Парламенцкія выбары 2019-га былі ў лістападзе. А ў кастрычніку я сказаў, што паеду ў адпачынак. Сказалі: «Харашо». А на трэці дзень датэрміновага галасавання папрасілі: пішы заяву на звальненне, звальняем цябе па артыкуле. Запалохвалі, але я не пабаяўся і падаў у суд – і выйграў справу, таму што была тады выразная пазіцыя суду і пракуратуры.

«Рэферэндум»? Усё пойдзе як і раней

– У Беларусі зараз – ужо без вас – набліжаецца да фінішу чарговая электаральная кампанія. Ці лічыце вы, што на так званым «рэферэндуме» ўсё пойдзе як і раней – з надыктаванымі вынікамі?

– Усё пойдзе як і раней. Бо сістэма не змянілася. І ўвесь гэты механізм, які наладжаны, як добры швейцарскі гадзіннік, не памяняўся. Там засталіся ўсе тыя ж людзі, якія не панеслі ніякага пакарання пасля фальсіфікацыяў апошніх выбараў. Таму, так: што ім загадаюць – тое і напішуць. Не маю ніякіх сумненняў.

– Дык што трэба, каб гэты «гадзіннік» зламаўся?

– Пакуль не зменіцца ўлада, нічога не зламаецца. Трэба мяняць уладу – гэта адзіны варыянт. Таму што старшыні выбаркамаў – дырэктары школ ці ягоныя намеснікі, і ім загадваюць з выканкаму. І сістэма такая, што старшыню лёгка замяніць, як у маім выпадку. А шараговыя сябры камісіяў асаблівага значэння і не маюць: палічылі бюлетэні, расклалі па пакеціках, і ўсё. Лічбы напіша старшыня, сябры камісіяў падпішуць.

– Ці ведаюць гэтыя людзі, што робяць?

– Канечне! Усе ўсё ведаюць. Нават сакратары выбарчых камісіяў усё ведаюць, таму што працуюць разам са старшынём, дапамагаюць ім фальсіфікаваць.

«Прыйшлі ці не – на выніковыя лічбы гэта ніяк не паўплывае»

– Што ў такім выпадку рабіць выбарцам падчас «рэферэндуму». Штаб Ціханоўскай заклікае ставіць крыжыкі і псаваць бюлетэні. Іншыя заклікаюць да байкоту…

– Галасуй ці не галасуй – усё адно будзе так, як патрэбна хунце. Гэта адназначна. Калі не прыходзім на ўчастак – проста ўпісваецца ваш роспіс і ўкідваецца бюлетэнь. Хто распішацца? Няважна хто – старшыня, сакратар, хто заўгодна. Калі не прыйдзем, дык старшыням будзе лягчэй гэта зрабіць. Калі прыйдзем і паставім два крыжыкі – усё адно іх запішуць «за». Няма тут выбару, вось у чым праўда.

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

Калі б былі нейкія незалежныя назіральнікі, якія б фіксавалі колькасць тых, хто прыйшоў, у тым ліку падчас папярэдняга галасавання, і калі б тых самых 70% беларусаў не прыйшлі б, то гэта было б бачна. І гэта было б адказам: вы наш голас у жніўні скралі, і мы іх больш не будзем вам яго дарыць. Але гэта – толькі пры добрым назіранні. Але яго няма.

– Калі б зараз знаходзіліся ў Беларусі, які б сцэнар выбралі?

– Я б не пайшоў. Гэта маё асабістае меркаванне. З улікам яшчэ і таго, што сам прыход на ўчастак будзе звязаны з вялікай небяспекай.

Але яшчэ раз: на выніковыя лічбы гэта ніяк не паўплывае. На маю думку, калі людзі прыйдуць, гэта толькі аблегчыць працу выбарчых камісіяў. О, прыйшлі людзі – а стопачку мы не ў той пакет пакладзем…

Замах на забойства

– Добра, вернемся ў 2020-ы. 1 верасня вы пайшлі працаваць – і што?

– Уначы з 1-га на 2-е верасня мне злілі ў аўтамабілі тармазную вадкасць. Мяркую, гэта быў замах на забойства. Аўтаэлектрык на СТО, які глядзеў аўто, сказаў: «Каб гэта быў не нямецкі аўтамабіль, вас бы ўжо не было ў жывых».

Паглядзелі, а там балты, якія трымаюць тармазную вадкасць, адкручаныя на паўабарота ключом. Іх рукамі адкруціць немагчыма, таму што там стаяць медныя шайбы, якія не адкручваюцца адвольна. І я напісаў заяву ў міліцыю.

– І яна знайшла, хто гэта зрабіў?

– Не, там наагул дэтэктыў атрымаўся. Спачатку хадзіў да пракурора, потым – у РАУС. Не ведаю, ці я быў такі наіўны, ці настолькі ўпэўнены, – але ўжо добра, што адтуль ногі вынес.

Прыходжу з заявай, мяне ўсяго абшукалі з галавы да ног, дзяжурны сказаў чакаць. Доўга чакаў, нарэшце выходзіць ці то старшы лейтэнант, ці то капітан: «Хто тут заяву пісаць хацеў?» Зірнуў на мяне – і аж у твары змяніўся. «У нас зараз абед, таму пойдзем пакурым за вугал», – кажа. Выходзім, а з-за рогу два «бобікі» міліцэйскія выязджаюць. «Нічога сабе», – думаю. Спыніўся, каб іх прапусціць, а міліцыянт пайшоў наперад. Стаю, чакаю – і яны стаяць. Праз секунд 10 ад’ехалі метраў на пяць, а я стаю і думаю: каб пайшоў за ім, мяне б дакладна ўжо закінулі ў адзін з іх.

І наўрад ці б я паявіўся яшчэ дзесьці. Можа, вісеў бы дзе на суку ў лесе, хто яго ведае.

«Бобікі» адʼехалі, падышоў да міліцыянта, але размовы не адбылося. Ён кажа: «Табе што, літра тармазухі шкада?» «Ды не, – кажу, – не шкада. А вам жыццё чалавечае не важнае ўжо?» Ён зноў нешта пра абед у адказ, і я зразумеў, што нешта хавае ад мяне. Кажу: «Добра, прыйду пасля абеду». «А не, – кажа, – давайце да мяне ў кабінет» «Не, хопіць», – махнуў рукой, развярнуўся і пайшоў адтуль з гэтай заявай. Зразумеў, што бессэнсоўна. Бо маглі прыйсці ўначы, забраць і сказаць, што для праверкі па вашай заяве…

«Вярнуцца не зможаце – сустрэнуць «хлебам-соллю»

– Так, было ўжо «не да законаў». І пазней вас звольнілі.

– Так, у лютым 2021-га ў школу прыслалі чатыры праверкі. Спачатку з Віцебску, потым – тры з Полацку. Усе цягам тыдня. Зрабілі шэраг дробных заўваг. Напрыклад, колькасць калорыяў прыманай вучнямі ежы меншы, чым патрабуюць нарматывы. Але я тут пры чым? Гэта ж грошы, якія закладаюцца дзяржавай! «Я ж не фінансую харчаванне, да мяне якія прэтэнзіі?» – «Нічога не ведаем, вось вам яшчэ адна заўвага».

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

Чатыры заўвагі было. Я ўжо не стаў аспрэчваць – бескарысна ўжо было пры тым прававым дэфолце. Мяне звольнілі па артыкуле 402 ч.2 п.6 ПК.

– Пасля звальнення чым займаліся? Як думалі жыць?

– Ніяк, быў стрэс. Прыходзіў у сябе першыя месяцы, потым пачаў шукаць працу, пісаць рэзюмэ. Два месяцы працаваў у камерцыйнай структуры ў Полацку, а летам мяне запрасілі ў міжнародны адукацыйны праект у Менск. Ад верасня працаваў настаўнікам у межах гэтага недзяржаўнага праекту.

– І ў нейкі момант вырашылі зʼехаць?

– Я атрымаў паведамленне ад чалавека… не буду казаць, з якой сферы нават. Я доўга быў дырэктарам, у мяне шмат сувязяў было. Карацей, чалавек, які не хацеў, каб дырэктар школы сядзеў у турме, напісаў: «Трэба пакінуць Беларусь тэрмінова». Напісалі, што пасля Калядаў будзе позна. Я вельмі сумняваўся. Ужо калі быў па-за Беларуссю, запытаўся, што рабіць, бо каранцін заканчваўся. «У любым выпадку вярнуцца не зможаце, таму што адразу сустрэнуць «хлебам-соллю», – адказалі.

Таму вось так. 5 студзеня атрымаў паведамленне, а 6-га ўжо пакінуў межы краіны. Думаю, каб не зʼехаў, сядзеў бы ўжо. Таму што там быў такі перыяд: падзеі ў Казахстане ну і «рэферэндум» наперадзе. Зачышчалі ўсё…

У Кіеў прыехаў уначы – нічога і нікога не ведаю. Звязаўся з дачкой, яна мне па інтэрнэце зняла нумар у гатэлі на адзін дзень. А ранкам забраў ПЛР-тэст і адразу паехаў у Варшаву.

У Кіеве быў нейкі час да аўтобусу, схадзіў на Хрышчацік. Паглядзеў: людзі хадзяць, святкуюць Каляды, песні спяваюць. Супер! Яны адчуваюць сябе не так, як людзі ў Беларусі. У чым розніца? У адчуванні свабоды, пэўна. Трохі быў шакаваны і здзіўлены.

«Настаўнікі як ніхто іншыя бачаць праўду – і мусяць ачомацца»

– Уладкаваліся хоць неяк ужо ў Варшаве?

– Абжываюся паціху, зʼяўляюцца знаёмыя, дапамагаюць адаптавацца, дапамаглі ў пошуках працы і жылля. Вельмі ўдзячны Мірнаму дому ў Варшаве, які прытуліў мяне ў першы месяц – каб не яны, не ведаю, як было б. Усё пакуль складваецца паспяхова. Такога няма, што хочацца галаву попелам пасыпаць. Думаю, што і далей усё будзе добра.

– А калі стане добра, на вашую думку?

– У Беларусі? Калі пераможам, то і стане добра. І дадому вернемся. Калі? Ну, я ўпэўнены, што 5 гадоў сядзець тут не будзем. Хутчэй будзе. Не скажу дакладна калі. Скажу толькі, што вельмі цяжка там зараз: людзі сядзяць напружаныя, напужаныя, ніхто нікуды не выходзіць, усё пазачышчалі, усё паадрубалі, ну не ведаю…

Сергей Страчко, бывший директор СШ №10 в Полоцке
Фота: Белсат

– Якія планы ў Варшаве?

– Ніякіх. Планаў не строю. Жыць і зрабіць усё, каб прыйшла перамога. То бок не проста жыць. Бо тады які сэнс нашага тут знаходжання? Я ж сюды прыехаў не для таго, каб змяніць месца жыхарства.

– Якой бачыце сваю ролю ў набліжэнні перамогі?

– Даносіць праўду людзям. Да настаўнікаў. Каб неяк абʼяднаць іх. Яны ж усё бачаць, на свае вочы бачаць гэтыя фальсіфікацыі. Як ніхто іншы бачаць! Павінны ж калі-небудзь ачомацца і расказаць пра ўсё…час сустракаць світанак!

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў