Долар на продаж – 2,95. Вырас курс і з’явіліся чэргі. Паглядзелі, што адбываецца каля абменнікаў


На фоне расейскага ўварвання ва Украіну ў беларускіх банках выраслі курсы на замежную валюту. Беларусы пачалі скупляць валюту, але чэргі ў абменніках назіраюцца не паўсюль.

Курсы ў абменніках на дзень 24 лютага.
Фота: Белсат

Услед за зменамі на расейскім валютным рынку, патаннеў і беларускі рубель. За адзін долар цяпер у сярэднім просяць больш 2,85 рубля, а за еўра – каля 3,3 рубля.

Згодна інфармацыі з сайту myfin.by, найніжэйшыя курсы ўсталяваў «Беларусбанк», які за адзін долар просіць 2,658 рубля, а за адзін еўра – 3,02. Аднак у самі банку на 11:00 набыць валюту было немагчыма, бо такія аперацыі ўвогуле не ажыццяўляліся.

«Не мяняем. З тэхнічных прычынаў не можам вызначыць курсаў: зляцеў сэрвер», – пракаментавалі сітуацыю ў «Беларусбанку».

Беларусы адрэагавалі на рэзкія змены на валютным рынку зрослым інтарэсам да замежных валютаў. Таксама нейкі час не адкрываўся сайт myfin.by. Аднак чэргі каля абменнікаў назіраюцца не паўсюль, а толькі там, дзе можна набыць долар і еўра паводле ніжэйшых курсаў.

Курсы ў абменніках на дзень 24 лютага.
Фота: Белсат

Для прыкладу, сталая чарга назіраецца ў абменных пунктах «Белінвестбанку», дзе за адзін долар просяць 2,85 рубля, за адзін еўра – 3,23 рубля.

У гэты ж час не назіраецца чэргаў каля «Тэхнабанку» і «МТБанку», дзе курсы на валюту значна вышэйшыя: 2,95 і 2,99 рубля за долар і 3,32 і 3,36 рубля за адзін еўра адпаведна.

Чарга ў банк.
Фота: Белсат

ВК belsat.eu

Стужка навінаў