«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве


Аляксандр Шчасны з cынам Германам.
Фота: Света Фар / Белсат

Мянчук Аляксандр Шчасны разам з 10-гадовым Германам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз некалькі дзён пасля затрымання жонкі, якую вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах. Па Ірыну прыйшлі 18 лістапада. Сілавікі былі апранутыя як работнікі ЖЭСу. А ў нядзелю, 21 лістапада, да Аляксандра сабралася завітаць газавая служба. Мужчына не стаў чакаць паўтарэння сцэнара, сабраў самае неабходнае, узяў старую машыну і разам з сынам паехаў ва Украіну.

Аляксандр распавёў «Белсату» пра адаптацыю на новым месцы і тое, як дзіця перажывае расстанне з мамай.

Уцякалі пасля званка «газавікоў»

33-гадовая Ірына Шчасная з 18 лістапада застаецца ў СІЗА на Валадарскага. Ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што нібыта выражалася ў вядзенні «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў, сярод якіх «Мая краіна Беларусь» ды іншыя. Жанчыне пагражае ад трох да васьмі гадоў турмы.

Паводле Аляксандра Шчаснага, пасля затрымання жонкі ён разумеў: хутка могуць прыйсці і па яго, пагатоў Ірыне пагражалі пасадзіць і мужа, а сына адправіць у прытулак. Таму, калі ў нядзелю пасля арышту Ірыны патэлефанавалі нібыта газавікі і сказалі, што прыедуць праверыць абсталяванне, у менчука не засталося варыянтаў, акрамя як уцякаць. Гэтак сама прыходзілі па жонку: «работнікі ЖЭСу» цікавіліся, ці добра ў кватэры з ацяпленнем, а калі 64-гадовая мама Ірыны пусціла гэтых «жэсаўцаў» у кватэру, тыя ўчынілі ператрус і затрымалі Ірыну. Аляксандр ператэлефанаваў у газавую службу, там паведамілі, што пра званок і нібыта запланаваны візіт нічога не ведаюць.

Аляксандр Шчасны паказвае здымак жонкі.
Фота: Света Фар / Белсат

Тады мянчук сабраў сына і з’ехаў, узяўшы з сабою мінімум рэчаў. Усю дарогу да мяжы ён думаў, ці пройдзе яе і ці не затрымаюць яго наўпрост там.

Праблемаў не ўзнікла, і Аляксандр з 10-гадовым Германам выехалі ва Украіну. Іншых варыянтаў для эміграцыі не было, кажа мужчына: Украіна – адзіная дзяржава, куды ён мог заехаць з сынам без дазволу маці.

Начавалі ў сябра, у гатэлі і гостэле

Куды дакладна ехаць, што найперш рабіць ва Украіне, Аляксандр Шчасны не ўяўляў да апошняга моманту. Паехаў у Кіеў, бо там быў сябар, у якога і пераначавалі адразу пасля прыезду. Наступную ноч правялі ў гатэлі, потым тыдзень – у гостэле. Пасля ўдалося знайсці кватэру. Прыемнаю нечаканасцю для Аляксандра сталася хваля падтрымання, з якой ён сустрэўся:

– Ва Украіне я другі раз у жыцці, нічога тут не ведаў. Мы прыехалі проста ў нікуды. У нас тут нікога і нічога няма. Я не рэзерваваў загадзя кватэры, ведаў, што еду ў Кіеў, а ўсё астатняе было як у тумане, давялося вырашаць на месцы. І мы адразу сустрэлі столькі людзей, гатовых дапамагчы. Я вельмі ім удзячны.

Сын ужо крыху размаўляе па-ўкраінску

Наступным пытаннем пасля арэнды кватэры было ўладкаванне Германа ў школу, што таксама ўдалося даволі хутка.

Герман Шчасны.
Фота: Света Фар / Белсат

– Сын адаптаваўся ў новай школе, у яго там усё добра, вучыцца падабаецца, нават больш, як у Менску, – распавядае Аляксандр. – Падыход да адукацыі тут нашмат больш грунтоўны і сучасны, чым у нас. У чацвёртым класе ў іх тут інфарматыка. Таксама вывучаюць англійскую, расейскую, украінскую мовы, ёсць і беларуская.

Паводле спадара Шчаснага, сыну падабаецца ў Кіеве, ён успрымае пераезд як прыгоду.

– У яго тут забавы, якіх не было ў Менску: вялізныя гандлёвыя цэнтры, паўсюль VR, розныя камп’ютарныя гульні, коўзанкі, нават кёрлінг ёсць, і гэта ўсё ў спальным раёне, – адзначае мянчук, падкрэсліваючы, што быў уражаны значна вышэйшым узроўнем тэхнічнага развіцця Украіны ў параўнанні з Беларуссю.

Прасцей Герману і з украінскаю моваю:

– Ён хутчэй засвойвае ўсё, можа ўжо і размаўляць крыху, коміксы чытае па-ўкраінску. А мне пакуль цяжкавата. Узнікаюць складанасці, бо ўсе дакументы, заявы мусяць быць па-ўкраінску. Але, дзякуй богу, ёсць людзі, якія дапамагаюць.

Знайсці працу і зрабіць від на жыхарства

Аляксандр з сынам у Кіеве ўжо тры месяцы і могуць прабыць без легалізацыі яшчэ столькі ж. Потым узнікне пытанне віду на жыхарства. Паводле мужчыны, гэта самая актуальная праблема на сёння разам з працай і развязаннем фінансавых праблемаў.

Фота: Света Фар / Белсат

У Менску муж палітычнай зняволенай працаваў на сябе, займаўся будаўнічым бізнесам. Калі зʼязджаў, не ўзяў з сабою ніякіх інструментаў, нічога, з чым можна было б распачаць працу ў Кіеве. Цяпер мужчына высвятляе, як можа адкрыць ва Украіне нешта кшталту ІП, пагатоў ужо і напарнікі знайшліся. Праца вельмі патрэбная: трэба плаціць і за кватэру, і за паслугі адваката Ірыны. Мянчук удзячны сябрам і знаёмым, якія дапамаглі яму з пераездам і першы час у Кіеве, але зазначае, што ўвесь час жыць з дапамогі не будзеш.

Цалкам прысвяціць сябе пошукам працы Аляксандр не можа, бо шмат часу сыходзіць на побытавыя справы:

– Я ж тут адзін з сынам – мушу праць, прыбіраць, гатаваць, пытанні са школаю вырашаў, цяпер з заданнямі трэба дапамагаць.

Калі не ўдасца цягам трох месяцаў знайсці працу, ёсць яшчэ адзін варыянт, які Аляксандр разглядае як шлях легалізавацца: валанцёрства, якое дае ва Украіне права атрымаць від на жыхарства.

– Гэта, напэўна, адзін з самых простых шляхоў. Тут шмат валанцёрскіх арганізацыяў, у тым ліку тых, што дапамагаюць перасяленцам з Беларусі, – адзначае Аляксандр.

«Хачу, каб было, як ва Украіне»

Аляксандру, як і Герману, Кіеў падабаецца. Узровень дэмакратыі падаўся мужчыну нават вышэйшым, чым у Польшчы:

– Добры прыгожы горад. Вельмі развіты тэхнічна. Тут сапраўдная цывілізацыя, прыязныя людзі. І свабодныя. А 23:00 вуліцы запоўненыя, людзі гуляюць, у той час як у нас у гэты час ужо пуста. Цяпер у адказ на пужалку «вы што, хочаце, каб было, як ва Украіне» я з упэўненасцю адкажу «так». Вядома, я не пра вайну, а пра тое, як тут людзі любяць і развіваюць сваю краіну.

Фота: Света Фар / «Белсат

«Калі так далей пойдзе, у Беларусі не будзе каму рэвалюцыю рабіць»

У той жа час Аляксандр хоча вярнуцца разам з сынам на радзіму:

– Тут добра, але што можа быць лепш за дом? Мы марым аднойчы вярнуцца ў Беларусь. Я вельмі сумую. Асабліва па сваім дамку ў вёсцы, пастаянна думаю, што з ім будзе, калі я не змагу вярнуцца.

Аляксандр дадае, што жонка таксама вельмі любіць Беларусь, і прыгадвае, як сябры ды сваякі яшчэ ўлетку прасілі яе не вяртацца, калі яна паехала ва Украіну:

– Але ў нейкі момант яна сказала, што невыносна сумуе па радзіме і едзе дамоў. Я разумеў, што яе тады было ўжо не спыніць.

Ірына Шчасная з’ехала ва Украіну на пачатку жніўня перад выбарамі. Планавалі, што пазней і Аляксандр з сынам прыедуць да яе. Але ў верасні Ірына вярнулася ў Беларусь.

Ірына Шчасная.
Фота: Ірына Шчасная / Facebook

Галоўнае, што ўразіла Аляксандра цягам трох месяцаў у Кіеве, – тое, як шмат людзей зʼязджаюць з Беларусі, яны не застаюцца ва Украіне, а едуць далей, на Захад.

– Гляджу на гэтую хвалю міграцыі і думаю: калі далей так пойдзе, то не будзе каму ў Беларусі рэвалюцыю рабіць, – са смуткам кажа Аляксандр. – Я б сам наўрад ці з’ехаў, калі б не сын.

Фізічна – ва Украіне, думкамі і сэрцам – у Беларусі

Спадар Шчасны дасюль цалкам не адчуў сябе эмігрантам.

– Хоць фізічна я ва Украіне, але адчуваю, нібы дасюль у Беларусі: штодня адсочваю навіны, думкамі – Менску, з Іраю, пастаянна думаю, што яшчэ магу зрабіць, – кажа мянчук. – Разумею, што трэба рыхтаваць сябе да магчымага найгоршага развіцця падзеяў, але адначасова спадзяюся на лепшае.

Фота: Света Фар / Белсат

Герман вельмі сумуе па маме і пазбягае размоваў пра тое, што адбылося.

– Відавочна, яму цяжка, – кажа Аляксандр. – Я бачу, што ў яго ўнутры вялізная крыўда на беларускі рэжым, бо ўсё было на ягоных вачах: ператрус, забіралі тэхніку, цудам не кранулі ягонага тэлефона. Я тады быў на працы, але ведаю, што Герман моцна перапужаўся, бо бачыў, у якім стане мама, бабуля.

«Рыхтуй сына, што пабачымся не хутка»

Герман піша ў лістах маме пра свае спадзяванні, што лета яны правядуць усе разам.

– Іра ў адказ піша, што я мушу маральна рыхтаваць Германа, што з мамай ён яшчэ не хутка ўбачыцца. Наагул апошнім часам сумныя лісты, яна вырашыла для сябе, што будзе вялікі тэрмін. Гэта невыносна чытаць, – кажа Аляксандр.

Фота: Света Фар / Белсат

У бацькоў Ірыны таксама няпростая сітуацыя: бацька палітзняволенай хворы на рак. Пакуль Ірына – у СІЗА, яму зрабілі аперацыю. Разам з жонкай яны перахварэлі на ковід. Цяпер пачуваюцца ўжо лепш.

«Хросная» Ірыны Шчаснай з Еўрапарламенту

Ірына стараецца трымацца, наколькі гэта магчыма. Піша, што ўмовы ў СІЗА прымальныя, нашмат лепшыя, чым на Акрэсціна. У камеры сабралася добрая кампанія: жанчына сядзіць з былою журналісткаю БТ Ксеніяй Луцкінай і студэнткай, унучкаю беларускага паэта Янай Арабейкай. Яны шмат чытаюць, асабліва начамі, бо «святло ўсё роўна не выключаюць», кажа Аляксандр. З мясцовай бібліятэкі замаўляюць кнігі па філасофіі, творы беларускіх пісьменнікаў.

Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя «Libereco» зарганізавала кампанію салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі #WeStandBYyou. Дэпутаты парламентаў еўрапейскіх краінаў і прадстаўнікі Еўрапарламенту становяцца «хроснымі» беларускіх вязняў – падтрымліваюць і заступаюцца за іх. «Хроснай» Ірыны Шчаснай сталася дэпутатка Еўрапарламенту Моніка Гольмаер.

Фота: Света Фар / Белсат

– Я глыбока паважаю мужнасць гэтай маладой маці ў адстойванні свабоды дэманстрацыяў і будучыні сваёй краіны праз працу ў тэлеграм-каналах, нягледзячы на ўсю небяспеку. Як «хросная» Ірыны Шчаснай я патрабую ейнага неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Гвалт супраць мірных дэманстрантаў, здушэнне свабоды слова і сходаў ды зняволенне невінаватых грамадзянаў у Беларусі мусяць неадкладна спыніцца, – прыводзіць словы дэпутаткі праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў