Кіраўнік Гарадзенскага гарвыканкаму падарыў футбольнаму клубу «Нёман» новы аўтобус


Расказваем, чым будзе ездзіць другі на сёння футбольны клуб Беларусі, хто цяпер галоўны ў гарадзенскім футболе і як праз санкцыі беларусы перасаджваюцца на кітайскія аўтобусы.

Фота з сацыяльных сетак ФК «Нёман»

Усё пачыналася з рэпрэсіяў і скончылася срэбнымі медалямі

У пачатку 2020 года галоўны трэнер футбольнага клубу «Нёман» Ігар Кавалевіч выходзіў на матчы чэмпіянату Беларусі ў тышортцы з Пагоняй, але неўзабаве перакінуўся ў іншы лагер і падпісаў ліст у падтрыманне дзейных уладаў. Але гэта не ўратавала клубу ад пераследу. У пачатку сакавіка 2023-га чацвёра гульцоў «Нёмну» трапілі ў чорны спіс міністра спорту Кавальчука за тое, што ў 2020-м яны на відэа сказалі: «Мы супраць гвалту!» У выніку брамнік Сяргей Курганскі, абаронца Яўген Ляшко, паўабаронца Раман Пасевіч і форвард Валер Жукоўскі не здолелі ўзяць удзелу ў афіцыйных матчах, але гульцы «Нёмну» сабралі грошы для сваіх рэпрэсаваных калег. Адным з ідэйных натхняльнікаў гэтай высакароднай акцыі стаўся спартовы дырэктар клубу Дзмітрый Кавалёнак, сапраўдная легенда ФК «Нёман». Але ўлетку 2023 года Кавалёнка затрымалі сілавікі, і адразу пасля ён быў вымушаны пакінуць клуб, якому аддаў амаль два дзясяткі гадоў. Гайкі ў «Нёмне» былі закручаныя канчаткова, а клуб цалкам перайшоў пад кантроль уладаў.

У тым жа годзе «Нёман», згодна з пастановай ужо футбольных уладаў Беларусі, трапіў у еўракубкі, хаця ў папярэднім годзе заняў дзявятае месца і, паводле спартовага прынцыпу, у Еўропу не праходзіў. На першы матч Лігі канферэнцыяў у Ліхтэнштэйн (а да яго больш за 1600 кіламетраў) «Нёман» паехаў аўтобусам. А паколькі каманда прайшла два раўнды еўракубкаў, больш за месяц яна маталася па Еўропе. У выніку клуб зарабіў амаль мільён еўраў, але гэтых грошай пакуль не атрымаў, бо праз санкцыі існуюць праблемы з іх пераводам у дзяржаўныя структуры, якімі ў існасці і ёсць амаль усе клубы. У мінулым сезоне «Нёман» другі раз у сваёй гісторыі заваяваў срэбныя медалі чэмпіянату і права зноў згуляць у еўракубках.

Андрэй Хмель.
Фота: sb.by

Новы кіраўнік «Нёмну», былы міністр ЖКГ, кантралюе ўсё

30 траўня 2023 года Лукашэнка змяніў гарадскую ўладу ў Горадні, прызначыўшы кіраўніком гарвыканкаму 41-гадовага Андрэя Хмяля, які з 2020 да 2023 года быў міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. А ўжо ў верасні Хмель стаўся кіраўніком Гарадзенскай федэрацыі футболу і ўзначаліў наглядальную раду «Нёмну». У канцы 2023-га Хмель паабяцаў павялічыць бюджэт клубу і падарыць яму новы аўтобус. Такія падарункі ўпадабаным камандам раней ужо рабілі кіраўнікі беларускіх рэгіёнаў, праўда, як правіла, не за асабісты рахунак, а за грошы з абласнога ці гарадскога бюджэту.

Цяпер «Нёман» будзе ездзіць кітайскім аўтобусам

Новы аўтобус у «Нёмну» з’явіўся ў 20-х днях студзеня. Гэта аўтобус кітайскай маркі «Zhongtong Bus» за $ 170 тысяч. На лабавую шыбу тут жа змясцілі клубную сімволіку і вялікі праваслаўны крыж.

Пасля ўвядзення санкцыяў у Беларусь складана прывозіць аўтобусы заходніх марак, і асноўным гульцом на беларускім рынку зрабіліся кітайцы. «КітБізнэсАўта» з Бабруйску ўжо прадае, прычым не першы год, сучасныя міжгароднія і турыстычныя аўтобусы з Кітаю. Пачыналася ўсё з брэнду «Yutong». Цяпер «КітБізнэсАўта» – афіцыйны дылер «Zhongtong» і «Higer». Толькі з пачатку гэтага года аўтобусы «Zhongtong LCK6127H ComPass» набылі футбольныя клубы «Дынама» (Менск) і «Гомель», турыстычная фірма «АнітаВу» з Менску і Пінскі аўтобусны парк. «Zhongtong Bus» – другі паводле велічыні кітайскі вытворца аўтобусаў, які перамагае канкурэнтаў дзякуючы кошту і якасці. Раней быў негалосны загад, што беларускія спартовыя клубы былі абавязаныя купляць аўтобусы МАЗ.

Hавiны
Беларускі хакеіст заробіць у ЗША амаль 17 мільёнаў долараў
2024.01.20 18:43

АС belsat.eu

Стужка навінаў