Нашыя спрэчкі «з-пад шыбеніцы»

Спрэчкі вакол таго, як была адзначаная 160-ая гадавіна паўстання Кастуся Каліноўскага, не спыняюцца ўжо другі дзень запар. Прычым спрэчкі вядуцца менавіта ў беларускіх сацыяльных сетках.

Першай падставай для іх паслужыла прамова Святланы Ціханоўскай падчас ускладання кветак у капліцы на могілках Росы, дзе ў лістападзе 2019 года былі перапахаваныя парэшткі пакараных смерцю паўстанцаў, знойдзеныя на Замкавай гары. Дакладней, спрэчкі выклікала прамова, размешчаная ў інтэрнэце, у якой прыводзіцца знакаміты выраз нацыянальнага героя з «Лістоў з-пад шыбеніцы»: «Толькі тады, Народзе, зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе!» Святлана Ціханоўская слова «маскаль» замяніла на выраз «чужая ўлада». Карыстальнікі інтэрнэту адгукнуліся нават цэлым жартаўлівым флэш-мобам на гэты конт, кшталту: «Тату-тату, чорт лезе ў хату! Абы, сынку… не чужая ўлада».

Святлана Ціханоўская разам з пасламі Украіны, Польшчы, ЗША, прадстаўнікамі МЗС Літвы і іншых краін усклалі кветкі да месца пахавання Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў літоўскай сталіцы. Вільня, Літва. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: ГР / Белсат

«Лістамі з-пад шыбеніцы» называюць тыя лісты, якія Кастусь Каліноўскі даслаў падчас следства перад павешаннем. Гэтую назву лісты атрымалі пасля публікацыі кнігі Агатона Гілера «Да беларускага народу. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага». Кніга выйшла ў 1867 годзе, праз тры гады пасля забойства нацыянальнага героя.

Давайце згадаем гэтую цытату цалкам, напісаную рукою самога Каліноўскага: «Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе».

Спрэчкі можна падзяліць на дзве акрэсленыя супрацьлеглыя пазіцыі: адныя мяркуюць, што пераробленыя словы цытаты ёсць недапушчальнай памылкай з боку Святланы Ціханоўскай, якая зачапіла нацыянальныя пачуцці беларусаў. Другія – што слова «маскаль» змененае на «чужую ўладу» ў мэтах паліткарэктнасці і гэта правільна, тым больш, што гэта сутнасці выразу не змяняе.

Меркаванні
У нас будзе лепшая краіна, і мы ўжо нават ведаем, якая
2023.01.01 15:18

Мне ў звязку з гэтым прыгадаўся эпізод у самым пачатку другой хвалі вайны ва Украіне, напрыканцы лютага 2022-га, калі моцна бамбілі гарады і аэрадромы. Тады збілі расейскі самалёт, а лётчык катапультаваўся. Яго ўзялі ў палон і надрукавалі фотаздымак. Як жа мы тады ўсе ненавідзелі тых расейскіх лётчыкаў! І, можа, таму, што гэты палонны ненавісны забойца меў, мякка кажучы, непрыемны твар, а таксама моцна залішнюю вагу, я напісала каментар пад здымкам: «Фу, які ён брыдкі. Як такі тоўсты мог змясціцца ў кабіне?» А іншы карыстальнік у адказ: «Так нельга пісаць пра яго. Гэта непаліткарэктна. Трэба казаць, што ён бодзіпазітыўны».

Сапраўды, Расейскую Федэрацыю пачалі называць ва Украіне Масковіяй толькі пасля пачатку вайны яшчэ ў 2014-м. Праводзіліся гістарычныя паралелі, угадваліся русіфікацыя, калектывізацыя, бальшавіцкія рэпрэсіі ды іншыя «радасці», якія неслі «вызваленым» народам нацыянальных рэспублік крамлёўскія ўлады. Але ў часы Кастуся Каліноўскага слова «маскаль», здаецца ж, было абсалютна нармальнай паўсядзённай лексікай. А яшчэ я заўважыла на ўкраінскім тэлебачанні, як нават экспертам з высокімі навуковымі ступенямі цяпер з цяжкасцю даецца вымаўленне слова «Расея». Вядомы эканаміст, інтэлігентны чалавек, увесь час, адказваючы на пытанні вядоўцы, казаў «Рашка». І было бачна, што ён разумее, што, вядома, так нельга рабіць, але… Жыве ён у Кіеве, у яго могуць быць дзеці на фронце, у кагосьці з ягоных знаёмых нехта ўжо загінуў, штодня расейцы бамбяць гарады на ягонай зямлі, гінуць людзі, сем’і разлучаныя, і гэты спіс, на жаль, можна працягнуць, як кажуць рэдактары, на некалькі тысяч знакаў.

Ілюстрацыйны здымак. У Беластоку адбылася акцыя пратэсту супраць размяшчэння расейскага войска ў Беларусі і плана Крамля па ўварванні ва Украіну. Беласток, Польшча. 29 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Але абурэнне беларусаў яшчэ больш выклікала іншая з’ява. А менавіта тое, што беларусаў не запрасілі ў Варшаву на ўрачыстасці з нагоды 160-годдзя з пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Святлана Курс, вядомая пісьменніца, на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісала на гэты конт: «Я ўсё-ткі выкажуся, і выкажуся так, як мне Бог на душу паклаў, не стрымліваючыся. Я глыбока расчараваная і абражаная тым, што ўчора нашаму народу не далі слова сказаць і вянок пакласці на святкаванні 160-годдзя нашага агульнага паўстання. Нібыта наша слова, наша кроў і наша смерць нічога не вартыя. Гэта было зроблена, я падазраю, на запыт украінскай дзяржавы. Я разумею іх горыч і боль. Але не прымаю і не прыму таго, што нам, нашчадкам Яські, гаспадара з-пад Вільні, адмаўляюць у гонары. Таму што ў турмах і магілах і цяпер дзясяткі тысяч нашых змагароў. А іншыя ў тулянні, бяздом’і, паняверцы, адрэзаныя ад Бацькаўшчыны і сям’і, ад сваіх бацькоў старых, якіх не могуць дагледзець і пахаваць. Але ведаеце што? Мы і гэта знясём з годнасцю і стойкасцю, бо мы разумныя, гордыя і стойкія, закаханыя ў свой край і ў агульную чалавечнасць. І мы можам дзяліць волас на чацвёра. Я ганаруся не тым, што нарадзілася беларускай – бо мы таго не выбіраем, – а тым, што я сто тысяч разоў выберу ёй быць. Жыве Беларусь. Памятайма нашых герояў і гераінь».

Пры чым тут украінскі бок? Пры тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваёй віншавальнай прамове на цырымоніі з нагоды 160-годдзя пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага ў Варшаве не згадаў беларусаў. Ні адным словам. Журналіст і публіцыст Сяргей Навумчык на гэты конт выказаў меркаванне: «У сітуацыі, калі які заўгодна крок супраць Лукашэнкі можа справакаваць ці быць нагодай для непасрэднага ўступлення Узброеных сілаў Беларусі ў вайну, такая асцярожнасць можа ўспрымацца як прагматызм, прадбачлівасць. Realpolitik, спадарыні і спадары. Аднак такая пазіцыя, чым бы яна ні тлумачылася, у ідэалагічным сэнсе падмацоўвае таго, каго Кіеў справядліва лічыць сваім галоўным ворагам, – Крэмль з яго «русским миром».

Калі было перапахаванне парэшткаў паўстанцаў у Вільні ў 2019-м, то не толькі літоўцы, але і самі беларусы здзівіліся такой колькасці народу і нацыянальных сцягоў на вуліцах літоўскай сталіцы. Ці можна цяпер казаць, што такая буйная дэманстрацыя дала падставы беларусам лічыць, што нязгодных з «чужой уладай» вельмі шмат і змаганне цалкам магчымае? Беларусы лічаць паўстанцаў сваімі героямі. Гэта пры тым, што стаўленне да самога паўстання ў той жа Польшчы ці Літве і Беларусі рознае.

У Польшчы яго называюць Студзеньскім паўстаннем, у Літве яно гучыць як паўстанне 1863–1864 гадоў, а ў Беларусі яго назва – паўстанне Кастуся Каліноўскага. Гісторыкі яшчэ неаднойчы будуць звяртацца да гэтай тэмы, але для нас, беларусаў, здаецца, зразумела, чаму паўстанне лічыцца менавіта нацыянальным.

Дастаткова наведаць сёння якое-небудзь мястэчка і спытаць у мясцовых жыхароў, што тут было раней. І тады ледзь не кожны зможа паказаць ацалелы будынак былой паштовай станцыі ці разваліны якой сядзібы, ці будынак, у якім раней была стайня, а цяпер шпіталь, ці яшчэ якія славутасці. І пры гэтым ён пакажа месца, дзе раней была сажалка, і ціха дадасць, што гэта тут было калісьці да паўстання, а потым гаспадароў каго ў Сібір, каго забілі, а маёмасць канфіскавалі ў царскую казну. Ну, а ўжо новыя гаспадары раўнялі ўсё, што нагадвала пра былых, з зямлёй. Так што для беларусаў паўстанне не можа быць абстрактным параграфам у падручніку гісторыі. Нават калі там сёння надрукаваны партрэт Мураўёва-вешальніка, які знішчаў усё нацыянальнае, з подпісам, што «ён быў мудрым і дальнабачным палітыкам».

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў