15 новых палітвязняў і арышт экс-пракурора з жонкай-адвакаткаю. Рэпрэсіі 23 снежня


Праваабарончы цэнтр «Вясна» дадаў 15 прозвішчаў у пералік палітвязняў. Цяпер гэты статус маюць у Беларусі 1499 асобаў. Палітвязнем прызналі і колішняга пракурора Эльдара Сафарава, якога затрымалі разам з жонкаю Юліяй Станкевіч. Пра гэта – у чарговым аглядзе рэпрэсіяў, што чацвёрты год не спыняюцца ў нашай краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

У Беларусі цяпер, паводле праваабаронцаў «Вясны», 1499 палітвязняў. Гэты статус атрымалі яшчэ 15 асобаў: Сяргей Ботвіч, Арцём Янкоўскі, Павел Нявыглас, Кірыл Мацюта, Максім Варнель, Аляксандр Лыкшын, Ганна Чаркас, Уладзімір Лыкшын, Тамара Астрэйка, Ларыса Катовіч, Ксенія Рыжык, Кацярына Цэван, Эльдар Сафараў, Юлія Станкевіч.

Паводле праекту «Dissidentby», палітвязняў у Беларусі болей: 1656.

У пералік палітвязняў улучаны былы пракурор Эльдар Сафараў і ягоная жонка, адвакатка Юлія Станкевіч. Іх затрымалі 12 снежня, але толькі сёння пра гэта стала вядома. Сужэнцаў абвінавачваць паводле «народнага» артыкула аб масавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Сафараў, які ў 2010 годзе быў на баку абвінавачвання ў справе прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, звольніўся з Генпракуратуры ў кастрычніку 2020 года падчас пратэстаў. Ён пацвярджаў, што «сыход звязаны з падзеямі лета і восені».

Былы пракурор Эльдар Сафараў і ягоная жонка, адвакатка Юлія Станкевіч.
Фота: «Вясна» / Telegram

У Гомлі асудзілі жанчыну, якая апублікавала ў TikTok відэа інцыдэнту з удзелам супрацоўніка ДАІ і сваёй дачкі. Суддзя Алег Харошка прызнаў 40-гадовую Сняжану Цадаву вінаватай у «распальванні сацыяльнай варожасці». Ён прызначыў палітзняволенай 6 месяцаў калоніі. Гэты тэрмін жанчына адбыла ў СІЗА, таму яе адразу вызвалілі.

Як стала вядома «Белсату», у Браславе затрымалі працаўнікоў Музею традыцыйнай культуры. Сярод іх – загадчыца ўстановы Элеанора Зінкевіч і ейны сужэнец. У дамах затрыманых быў учынены «дасканалы ператрус». Прычыны пераследу пакуль не вядомыя.

Hавiны
У Браславе затрымалі працаўнікоў Музею традыцыйнай культуры
2023.12.23 15:49

Палітвязня Артура Жвірыдоўскага змясцілі ў ШІЗА. Толькі нядаўна ён адбыў 4 месяцы ў памяшканні камернага тыпу, аднак амаль адразу пасля перавода ў атрад яго кінулі ў штрафны ізалятар. Паводле пацверджаных звестак, мужчыну збіраюцца трымаць там 4 месяцы – да заканчэння тэрміну зняволення. Прычыны спагнанняў невядомыя.

«Наша ніва» напісала пра раптоўны перавод палітвязняў у іншыя калоніі. Прычыны гэтага і новыя месцы адбыцця тэрмінаў высвятляюцца. Папярэдне вядома пра такія выпадкі ў івацэвіцкай калоніі №22 і магілёўскай калоніі №15. У іншыя ўстановы пераводзяць палітвязняў, асуджаных паводле «цяжкіх артыкулаў», а таксама тых, хто знаходзіцца ў «спісе тэрарыстаў».

Hавiны
Узмацненне пакарання палітвязню Паўлу Вінаградаву і папаўненне «спісу экстрэмістаў»
2023.12.22 22:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў