У Беларусі ўвесь год зніжаецца доля валютных дэпазітаў. Ізноў вінаватыя айцішнікі


Тры кварталы запар беларусы выводзяць валюту з банкаў. Адначасова расце доля ўкладаў у рублях. Пра гэта стала вядома са статыстыкі Нацбанку, які абнародаваў адпаведную справаздачу за трэці квартал года. «Белсат» высветліў, куды падзелася валюта, ці вырас давер беларусаў да сваіх грошай і прычым тут IT-адмыслоўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

Нацыянальны банк апублікаваў на сваім сайце справаздачу аб банкаўскіх укладах у трэцім квартале 2022 года. Выявілася, што агулам на рублёвых і валютных дэпазітах фізічныя асобы трымаюць 15 мільярдаў 440 мільёнаў рублёў. Дзіўным чынам гэта супала  са звесткамі за другі квартал, а вось у першым квартале сёлета было болей: 16 мільярдаў 530 мільёнаў рублёў.

Што датычыць долі, то ў трэцім квартале 60 % дэпазітаў былі валютныя (адпаведна, 40 % – у рублях). У другім квартале доля валютных укладаў была 62,5 %, у першым – 67,5 %.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна патлумачыла «Белсату», што цікавасць да рублёвых дэпазітаў у трэцім квартале падтрымлівалася прывабнымі адсоткавымі стаўкамі і ўмацаваннем рубля да долара і еўра.

«Людзі бачылі, што валюта становіцца таннейшай, рубель умацоўваецца, стаўкі рублёвых дэпазітаў прывабныя, – вядома, было больш выгодна занесці ў банк рублі. У трэцім квартале былі прывабныя стаўкі дэпазітаў у беларускіх рублях, яны пакрывалі інфляцыю», – сказала эканамістка.

Яна адзначыла, што беларусы нясуць у банкі рублі не таму, што давяраюць нацыянальнай валюце.

«Давер да рубля заўсёды быў не надта высокі. Апошнімі гадамі Нацбанк праводзіў дэдаларызацыю эканомікі, якая была накіраваная ў тым ліку на тое, каб змяніць структуру дэпазітаў: павялічыць долю ў рублях і знізіць – у валюце. Рэгулятар ствараў умовы, каб у банках былі нізкія стаўкі валютных укладаў, да 2 %», – заявіла экспертка.

У першай палове 2022-га банкі павысілі стаўкі валютных дэпазітаў, каб паспрабаваць спыніць адток долараў і еўра. Што праўда, яны ўсё роўна не былі такімі ж прыбытковымі, як рублёвыя ўклады.

«У трэцім квартале стаўкі валютных дэпазітаў даходзілі да 6–8 %, хоць і на вялікі тэрмін. У той жа час скараціліся найперш кароткатэрміновыя дэпазіты з нізкімі стаўкамі», – растлумачыла Лузгіна.

Старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

У справаздачы Нацбанку паведамляецца, што за трэці квартал амаль 10 тысяч асобаў забралі валюту з банкаў. Настасся Лузгіна мяркуе, што гэта можа быць звязана з IT-адмыслоўцамі, якія захацелі з’ехаць за мяжу.

«На маё меркаванне, адток валютных укладаў, хаця б і часткова, звязаны з працэсам рэлакацыі тых жа айцішнікаў. Яны гэтую валюту маглі здымаць і пераводзіць на свае рахункі ў замежных банках. Натуральна, што не ўсе гэтыя 10 тысячаў знялі валюту і адразу перавялі за мяжу, нехта, можа, удома захоўвае або набыў, напрыклад, нерухомасць. Але рэлакацыя паўплывала на дэпазітныя тэндэнцыі», – падкрэсліла суразмоўца «Белсату».

Яна нагадала, што менавіта ў трэцім квартале сёлета ўпершыню за доўгі час фізічныя асобы перавялі ў Беларусь менш грошай, чым вывелі з краіны. Гэта акурат можа быць звязана з адтокам валюты з банкаў, падсумавала Лузгіна.

Hавiны
«Айцішнікі прадалі кватэры і з’ехалі». Упершыню беларусы даслалі за мяжу больш грошай, чым атрымалі
2022.10.31 17:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў